Выбрать главу

«Мусіць, доўга спаў», — падумаў Міхась, калі пачуў, як зарыпелі лескі з сяней на гару, а пасля пачуліся асцярожныя крокі па столі, прысыпанай кастрыцай. Краем вока Міхась убачыў свайго меншага брата, Толіка. Ён, відаць, спачатку хацеў будзіць Міхася, але перадумаў і пачаў лазіць па кішэнях Міхасёвага пінжака. Нарэшце, знайшоў, што трэба, — атэстат. Міхась толькі ўсміхнуўся, а пасля сярдзіта падумаў: «Колькі разоў адвучаў ад такога — усё роўна не памагае. Трэба будзе надраць вушы...»

Міхась перавярнуўся на другі бок, пачуў яшчэ, як стукнулі дзверы ў хаце, і зноў заснуў.

Другі раз будзіць яго прыйшла маці. Стоячы на лесках, яна гаварыла:

— Міхаська, уставай. Астатнія аладкі выпякаю. Ідзі, з’ясі гарачую.

— Зараз, мама... А дзе бацька? — падумаўшы, спытаў Міхась.

— Паехаў у Клецак з Янкам Савашовых. Парася хоча купіць, — сказала маці, спускаючыся ўніз.

Міхась нацягнуў порткі, скінуў майку і выскачыў на двор. Сонца забралася высока. Жмурачыся, Міхась пайшоў у агародчык, дзе была перакладзіна. Крыху размяўшыся, Міхась лоўка падскочыў да перакладзіны. Сёння нешта не хацелася займацца па ўсіх правілах. Ён падцягнуўся разоў дзесяць і, адчуўшы, як дрыжаць рукі, саскочыў на зямлю.

— Хопіць табе ламаць косці, — пачуўся голас маці праз акно. — Ідзі ў хату.

Яна заўсёды так. Усё шкадуе, каб не падарваўся, каб не спрацаваўся, каб у пару пад’еў, добра выспаўся.

Але Міхась заўсёды стараўся рабіць наадварот. Маці кажа: адзенься цяплей, вазьмі рукавіцы, — Міхась ходзіць з голымі рукамі, грудзіна заўсёды расшпіленая; у самы вялікі мароз не апускае навушнікі ў шапцы. А яшчэ — да глыбокай восені спіць на двары, мыецца ля студні да пояса. Вось і цяпер — дастаў вядро вады, плюхаецца, што качка. Нарэшце-такі ўхадзіўся.

Прычаеаўшы кароткія русыя валасы, якія ніяк не хацелі ляжаць, сеў за стол. Маці паставіла скавараду з яечняй, масла на талерцы і коптур аладак, яшчэ гарачых.

— I што, я адзін буду ўсё гэта? Самі садзіцеся. Дзе Толік падзеўся?

— От еш, калі падала. Я пад’ела, ля печы тупаючы, а Толік таксама ўжо еў. Па карову пабег... Не глядзі на нас, еш. На добры лад і пачаставаць цябе не пашкодзіла б, ты ж зарабіў. — I маці паказала рукою на столік, дзе ляжаў разгорнуты атэстат і акуляры наверсе.

— Зарабіў, а як жа, — нагнуўшыся над сталом, неяк прабубніў Міхась. — Прыедзе бацька, то будзе відаць, што я зарабіў.

— Нешта ты гародзіш, ніяк не разбяру...

— Што тут разбіраць, — панура прамовіў ён. — Я рашыў нікуды не паступаць, а застацца дома...

— Ах, сынок! — схапілася маці за галаву. — Як жа гэта? Гэтулькі вучыўся — і ўсё дарэмна?

— Дарэмна... Я так і ведаў. Маці кажа — вучыўся і ўсё дарэмна, а бацька яшчэ лепш скажа: я цябе дарма карміў, што ты зноў на маю шыю садзішся?

— Не, сынок, кепска ты надумаў. Як ні кажы, а мы на цябе патраціліся нямала. Хоць ты і ад работы дома не ўцякаў, але ўсё ж каб ты не вучыўся, нам было б зацішней.

Размова зацягнулася. Міхась еў нехаця, а пасля і зусім перастаў. Не лезла ў рот. Думка пра тое, ці правільна ён зрабіў, не давала спакою. Вось табе і атэстат... А калі паставіць сябе на месца бацькоў, то і ён сказаў бы нешта падобнае. Вучацца для таго, каб ад навукі была нейкая карысць у самым простым значэнні гэтага слова: добры заробак, калі не зусім лёгкая, то чыстая работа. Так разумеюць навуку людзі, якія выраслі пры панскім рэжыме і ад навукі былі далёкія, як неба ад зямлі. Іх марай была зямля, на большае яны не спадзяваліся, бо дасягнуць і гэтай першай ступені дабрабыту ўдавалася не кожнаму. Дарагою цаной — непасільнай працаю, недаяданнем, строгай эканоміяй набывалі некаторыя адзін-два гектары зямлі, не паспеўшы як след адчуць плён свае працы, ішлі на той свет. А іх дзеці дзялілі бацькоўскую спадчыну, станавіліоя ў два-тры разы бяднейшыя, зноў біліся, як рыба аб лёд, каб мець кавалак хлеба.

Цяпер, калі праблема зямлі адпала, калі зямлі хапае, колькі хочаш, нашы бацькі хочуць аддаваць сваіх дзяцей у навуку. Яны разважаюць: «Мы не бачылі свету, капаліся ў зямлі, няхай нашы дзеці пакрасуюцца. Наша ўлада, дарога ўсім адкрыта, дык чаму ж мы павінны трымаць сваіх дзяцей пры сабе, дома, на зямлі? Хай ідуць у горад, вучацца. Цяпер гэтулькі трэба інжынераў, дактароў, вучоных. А выб’юцца ў людзі — і нам на старасці год падмога будзе надзейная.

— Чаго ты ўжо ўстаў з-за стала? Пад’еў? — з трывогаю спытала маці. — Усё цэлае, што ты сабе думаеш? Зусім з’ехаў за гэтыя экзамены, не пазнаць. Што мне рабіць з вамі, божачка мой!