Выбрать главу

Міхась яшчэ доўга чуў за сабою скаргі маці.

Толік прывёў карову: наліваў у цэбар ля студні ваду. Карова піла павольна, махала галавою, абганяючы мух з крутых бакоў.

Міхась пайшоў у садок. Там, дзе раней было гумно, рос агарод. Усё аж буяла ад перагною. Тут, на ўзмежку, дзе раслі вішні і грушы, Міхась разаслаў дзяружку і лёг загараць. Узяў і кніжку, але не чыталася — шмат давялося перачытаць за экзамены. Стаміўся.

Праклятыя мухі... За імі няма спакою! Міхась выламаў вішнёвую галінку і стаў махаць ёю. Мух, здаецца, ужо не было. Але варта толькі сцішыцца, як яны зноў налятаюць роем — і не так кусаюць, як казычуць.

Час-ад-часу ён паглядаў у канец сяла, адкуль павінен быў з’явіцца бацька. Праз нейкі час прыйшла паштальёнка — прынесла, відаць, бацькаву пенсію і газету.

Міхась толькі збіраўся задрамаць, як з сяней Толік паклікаў яго ў хату.

«Яшчэ гэты Толік... — нездаволена падумаў Міхась. — Заўсёды ўлезе...»

Толік быў добры хлопец — працавіты, паслухмяны, але Міхасю не падабалася ў ім адна рыса: займаць сярэднюю лінію. Ён ўмеў быць усім добры. У сварках паміж бацькам і маткай, якія здараліся даволі часта, ён браў заўсёды сярэднюю пазіцыю. А ў Міхася здаралася часцей за ўсё так, што ён абараняў маці — яна ннколі не падымала шуму без дай прычыны. Бацька ж меў сварлівы характар і слабыя нервы, чуць што — скакаў з кулакамі да кожнага.

Да таго ж у характары Міхася была яшчэ адна рыса: заступацца за слабага. За гзта, праўда, яму часта пападала — як у сям’і, так і сярод аднагодкаў.

А вось Толік... Здольны да навукі. Асабліва лёгка яму даецца матэматыка. Але няхай скажуць сёння бацькі: Толік, кідай школу, памагай бацьку па гаспадарцы, — Толік, доўга не думаючы, кіне. А скажуць: вучыся, Толік, — будзе вучыцца. Заўсёды ён чакае каманды, ніколі не падумае і не зробіць па-свойму. Ці ў яго наогул няма нічога свайго? А можа хлопец паправіцца? Усяго пятнаццаць год...

Міхась увайшоў у хату. Толік ля стала чытаў газету. Маці пры акне на лаве працэджвала малако.

Калі б у хату зайшоў чужы чалавек, яму адразу кінулася б у вочы, што тут не хапае руплівай маладой дзявочай рукі, бо ўсё выглядала неяк будзённа, шэра, як бывае ў сем’ях, дзе адна гаспадыня і ёй няма калі за ўсім дагледзець.

Міхась даўно гэта заўважыў і заўсёды стараўся памагчы маці навесці парадак.

— Збірайцеся палуднаваць, — сказала маці, выкручваючы цадзілку кату ў чаропку.

— А я не зарабіў на полудзень, — напомніў Міхась ранішнюю размову. — Толік хоць карову прыгнаў з пашы, напаіў, вам вады прынёс. А я? Бакі адлежваў... Ну, нічога, вось не буду вучыцца, адраблю за ўвесь прастой. Часу хопіць...

— Такі «не буду». Ну і ўпарты, як асёл. — Голас маці сярдзіты.— Вось яшчэ паглядзім, што табе бацька запяе.

— Яго песня вядомая. Памятаеце, калі я з дзевятага класа хацеў паступіць на шафёра? Нябось, тады ён быў проціў, — ходзячы па хаце, гаварыў Міхась. — А цяпер адразу скажа — вучыся. Няўжо ён не разумее, што яму будзе лягчэй, калі я буду дома? Наадварот, цяпер я не буду сядзець у яго на карку, а яшчэ памагаць. А вучыцца...

Міхась не скончыў, бо Толік раптоўна крыкнуў:

— Ой, пра цябе пішуць! Во, во! — Толік тыцкаў пальцам у артыкул на трэцяй старонцы газеты. — Глядзі, нават з твайго сачынення ўзялі кавалак...

— Што ты кажаш, Толік? — Маці падбегла да стала. — Чытай, каб усе чулі.

— А што тут чытаць, — беручы газету, знарок спакойным голасам прагаварыў Міхась. — Тут не пра мяне, а пра нашу школу. Гэта інспектар аблана, член экзаменацыйнай камісіі...

Міхась хутка, невыразна, нейкім не сваім голасам, за якім нельга было разабраць яго пачуцця, пачаў чытаць.

Маці села на лаве ля століка, абаперлася на руку і слухала. Калі Міхась дайшоў да месца, дзе пісалася, што «сачыненне Міхася Гадуна сведчыць аб шырокім кругаглядзе вучня, гаворыць аб уменні самастойна думаць і паслядоўна выкладаць свае думкі на паперы», — маці заплакала.

Толік штурхнуў Міхася пад бок і паказаў зубы.

— Бачыш, сынок, цябе хваляць, а ты нават вухам не вядзеш. Мусіць жа яны лепш за нас ведаюць, ці здатны ты да навукі.

— Ну і што, калі здатны? Думаеце, што толькі ў горадзе патрэбны людзі з галовамі, а тут не? Вось і кепска, што ўсе, хто лічыў сябе здатным, уцякалі ў горад, не думаючы аб тым, хто будзе рабіць хлеб. А цяпер не я адзін застаюся на зямлі. Мы зробім тут свой горад — ёсць у нас кіно, клуб. Вунь з гарадоў ужо зноў едуць маладыя механікі, інжынеры... Горад прыдзе сам да нас.

У разгар гутаркі ў хату бясшумна ўвайшоў бацька, босы, нядаўна паголены і падстрыжаны, — відаць, заходзіў у цырульню. Фрэнч і сумку ён кінуў на палок і з крэктам сеў.