Выбрать главу

— Што ж гэта, з чым пайшоў, з тым і прыйшоў? — першая спытала маці.

Бацька не адказаў. Ён быў нечым растрывожаны. Памыў рукі без мыла, выцер іх анучкаю, хоць ручнік вісеў тут жа ля печы, на ашостку, і падышоў да століка, за якім звычайна елі сваёй сям’ёю. Калі ж быў які госць ці чужы чалавек, пераходзілі ў чыстую палавіну.

— Можа туды пойдзем? Усё ж такі хлопец школу скончыў... — Ты нічога не купіў? — нясмела спытала маці, ідучы да сумкі.

— А смалы ты не хочаш? — твар бацькі адразу стаў барвовы. — Ну і што, хай скончыў. Лепш хай бы і не пачынаў, чым так канчаць... — усю стрыманасць бацькі як рукою зняло.

— Ці ж ён кепска скончыў? — здзівілася маці. — Паглядзі атэстат. Чым жа кепска? Вунь у газеце нават пахвалілі...

Тут Толік падсунуў бацьку газету, але той, нават не глянуўшы, адштурхнуў яго руку.

— Давай есці! Адвакат мне знайшоўся. Я без цябе ведаю, што атэстат добры. I што ў газеце хваляць — таксама някепска. А як наш сынок зрабіў, ведаеш? — крычаў ён ужо на маці. — Ён перад народам заявіў, што застаецца ў калгасе. Гэта добра, па-твойму? — бацькавы цёмныя вочы гарэлі, перабягаючы з аднаго прадмета на другі, нібы ён шукаў нечага, каб схапіць у рукі. — Я вунь у Клецку спаткаў Абрамовіча на рынку — яго адзін сын студэнт, а другі разам з гэтым дурнем, — тут бацька нехаця кіўнуў галавою ў бок Міхася, які, панурыўшыся, сядзеў на лаве супроць акна, — канчае, дык ён пытае: гэта ты свайго сына настроіў не ісці вучыцца? Што ты, кажу, ніколі і гутаркі такой не было. Ён вочы вырачыў: бач ты, кажа, разумны, мусіць, ён у цябе надта, выслужыцца хоча, ці што. I пайшоў... Дык што мне было казаць? — і бацька грукнуў кулаком па століку. — Што? Я ў цябе пытаюся! — ён зноў кінуў на Міхася позірк, поўны неўтаймаванай лютасці.

— Што сказаць, — заварушыўся Міхась на лаве, нібы пад яго падцякла гарачая вада. — Трэба было так і сказаць: «Шаноўны таварыш Абрамовіч! Вашы сыны вучацца — і на здароўе. А мой на зямлі будзе рабіць. Я сам на зямлі ўсё жыццё пражыў, і сын мой не памрэ з голаду. Не бядуйце па ім».

Міхась устаў з лавы і спакойна перасеў на палок каля печы. Бацька, маці і Толік глядзелі на яго: бацька — з нянавісцю, маці — з жалем, Толік — з захапленнем і страхам.

— 3 якой гэта пары яйкі сталі курэй вучыць? Не спытаў у цябе, смаркач, як сказаць? — вызверыўся бацька.

— Чаго раскрычаўся, Сцяпан? Ці ты п’яны? Дзеці і так цябе, як чорт ладану, баяцца. Чаго прыстаў да хлопца? Ён ледзьве ногі цягае, змарнеў за гэтыя экзамены, а ты... Каб ужо было чаго... Ці спытаў ты, як добры бацька, як ён здаваў, чаму задумаў нікуды не паступаць? Адразу напаў на дзіця... От палуднуйце, хопіць языкамі аб зубы біць.

І маці пачала вымаць з печы гаршкі з ядою. Бацька тым часам са злосці жаваў скарынку хлеба і маўчаў, відаць, абдумваў, з якога боку падысці да гэтай сцяны, што ўтварылася ад змовы жонкі і сына.

Маці думала, што, занятыя ядою, мужчыны забудуць пра ўсё. Але памылілася. Бацька не мог супакоіцца. Ён сёрбаў рэдкі забелены панцак і чмыхаў, косячыся то на Міхася, то на маці. Толік яго не турбаваў, хоць і моцна бразгаў лыжкаю па алюмініевай місцы. Каля яго ляжала газета, і ён сяды-тады заглядаў у яе адным вокам.

— Можа хоць гэты пойдзе ў навуку, — ні да кога не звяртаючыся, сказаў бацька больш мірна, мусіць, у яго крыху перагарэла ў сярэдзіне.

Толік падазрона глянуў на бацьку і адсунуў газету. Міхась усміхнуўся. Бацька адразу ж зноў насупіўся.

— Чаго зубы скаліш? Думаеш, цябе паслухае, а не бацьку? Хваробу! Цяпер я яго не выпушчу са сваіх рук. Хопіць, што ты выйшаў з-пад мае аблады.— Бацька паклаў лыжку на настольнік. — Жыцця не пашкадую, а ў людзі выведу, пабачыш. А ты самае большае мазутчыкам будзеш, трактарыстам — і ўсё. Успомніш бацьку не раз...

— Што вы да мяне маеце? — Голас Міхася зазвінеў ад крыўды. — Што я такое зрабіў? Што хачу сам кіраваць сабою, дык гэта вам не па нутру? Чаго вы заўсёды азіраецеся на другіх — як яны? Чаму самі не хочаце першыя зрабіць крок, а пасля хай на вас глядзяць? Вы думаеце, што толькі ў горадзе можна вучыцца? Цяпер на полюсе людзі вучацца, бо жыццё такое, што без навукі не ступіш. Я хачу жыць на зямлі — і жыць лепш, чым вы жылі пры панах і чым цяпер жывяцё. Вось я тады і скажу: правільна, наша ўлада дала народу сапраўднае жыццё, бо сыны рабочага, які некалі працаваў у фабрыканта, жывуць намнога лепш, чым жыў іх бацька, а я, калгаснік, жыву так, як ніколі не жылі нашы прадзеды, дзяды і бацькі пры старых парадках!

Усе слухалі, і можа таму Міхась гаварыў гладка, не запінаючыся, нібы адказваў добра вывучаны ўрок.

— Што добра жыве доктар, вучоны, інжынер, словам, інтэлігент,— гэта не навіна, ён і некалі жыў нягорш. Але як жыла раней асноўная маса, што здабывала хлеб гарбом? Ёй заставаліся толькі крошкі з багатага стала. Дык вось — мы хочам, каб уся гэтая маса, што жыве з працы рук — вы, я, мы ўсе — жылі лепш, ездзілі на машынах. Каб не ішлі людзі з вёскі, не шукалі нейкага лёгкага хлеба.