Выбрать главу

—  І каго ж ты ў гэтым хочаш абвінаваціць, хлопча? Няўжо мяне? Дарэмна. Я — тое, што магло быць, а ты — рэальнасць. Рэальнасць, якая мае права выбару перад невядомасцю. Ага, табе хочацца, каб, як у казцы атрымлівалася: направа пойдзеш — тое і тое, налева — гэта і гэта, а калі наўпрост... Вось-вось, можна ж яшчэ і наўзбоч. Ці не так, га?

—  Ты заблытала мяне, — скрушна адступіўся Антак.

—  Не ўбівайся, пераначуем — болей пачуем. Пагаварылі б яшчэ, ды надышоў час... Я патрэбна чалавеку, які зрабіўся відушчым ды ўсвядоміў. Ты ж глядзі на ўсе вочы. І яшчэ — наш горад, які называеш горадам у нябёсах, не будзе больш замінаць табе бачыць зоры і месячык. Цяпер жа ведаеш, што ён існуе, то навошта пазбаўляць цябе шчасця пазіраць на такую велічную прыгажосць, як зорнае неба з маладзічком ці поўняй на бязмежным прасцягу. Праўда?

Антак моўчкі хітнуў галавою ў знак згоды і выцяўся лбом аб бакавое шкло машыны. Таксоўка якраз паварочвала з цэнтральнай трасы ў завулак, дзе і месціўся шматпавярховік з ягонай кватэрай.

«Пераначуем — болей пачуем», — сам сабе прамовіў Перуновіч. Павярнуўшы галаву, ён убачыў побач пустое месца. Гэта Антака ніколькі не здзівіла. Таксоўка спынілася перад пад’ездам. Хлопец разлічыўся з вадзіцелем. Мяцеліца поўнасцю ўшчукла. Толькі пакінула пасля сябе сумёты паўз сцены будынкаў, каля машын на стаянках, каля забавак на дзіцячых пляцоўках. Неба праяснела. Ускінуўшы галаву, Антак згледзеў жменьку зорак між касмылля растрапаных хмар.

* * *

Прабіцца па картцы «Деловая сеть» у сусветнае павуцінне не так і лёгка. Зрывы ды збоі. Ці не на дзесятую спробу камп’ютэр Перуновіча прарваўся ў Інтэрнет. У сваёй віртуальнай скрынцы Антак знайшоў сем новых лістоў. Вісеў і ліст ад Светкі Літоўкі. Навёўшы курсор на пасланне, ён шчоўкнуў мышкай: праз некалькі секунд на экране засвяціўся тэкст. Усяго адзін радок. «Горад у нябёсах — у нашай свядомасці». І бясконцае шматкроп’е...