Выбрать главу

Тралейбус прытармазіў, голымі косткамі клацнулі ягоныя рогі аб напяты электрычны дрот. Перуновіч усім целам саўгануўся на сядзенні, выцяўся грудзінай аб парэнчу сядзення-спарыша перад сабою. Міжволі зірнуў праз наледзянелае шкло акна. На заціснутай гурбамі снегу дарозе, побач з прыпынкам, скалечаным стварэннем ляжала жалезная сметніца з параскіданым вакол змесцівам-друзам.

«Тут жа побач жыве Светка, — зварухнулася ў свядомасці згадка. — У сённяшняе міжчассе (Божа мой, а колькі гадоў яно ўжо цягнецца?..) лепш як са Светкай ні з кім не пагаворыш, ці нават проста не памаўчыш».

І вось — тралейбус аддаляецца ад Перуновіча ў святле вулічных ліхтароў, раз-другі міргануўшы чырванню габарытных вачэй-фар.

Антак адзін. Сам-насам з вялікім горадам. Яго даўно даймае думка-пытанне: з-за чаго так атрымліваецца: чым больш вакол цябе людзей, тым большая роспачная самота. Сярод тысяч да цябе падобных пачуваеш сябе пустэльнікам. Ніхто табе не патрэбны, і ты ўсім да лямпачкі. Парадокс... а мо, усяму віною індывідуалізацыя.

«Ды хрэн з ёю, з індывідуалізацыяй. Пад нагамі рыпіць свежы незаплямлены снег — і то ўжо добра. Ніхто не паспеў да цябе забрудзіць чысціню. Ты першы пакідаеш сляды, якія праз хвіліну зліжа мяцеліца. Ага. Можа, адзінота гараджан праяўляецца ці, лепш сказаць, з’яўляецца вынікам недахопу месца, прасторы... Чаму ж тады мы імкнёмся ў агромністы статак, паўзём усімі праўдамі і няпраўдамі ў мегаполісы з крынічна-светлых вёсак, пасёлкаў, мястэчак... Назоламі-мухамі злятаемся на запляваны асфальт з узбярэжжаў рачулак, ад глыбокіх азярын і стромкіх бароў-дуброў ды шапаткіх узлескаў... Не, і там чалавек адзінокі. Відаць, убіваючыся ў горад, мы хочам спраўдзіць спрадвечную жывёльную наканаванасць: у статку прасцей і лягчэй выжыць. Ну-ну. Давай, філосаф са зруйнаванай вёскі. Да чаго яшчэ дадумаешся... — Антак скептычна пасміхнуўся. — І ўсё ж: цяпер мы нараджаемся са слабейшымі пупавінамі, якія павінны звязваць чалавека з роднай зямлёю, з тым месцам, дзе ўпершыню кугакнуў і зрабіў першы ўдых. Страшна нараджацца бяспамятным. Няўжо ў нас парушана генетычная сувязь з краінай Продкаў? Але ж я бачу горад у нябёсах... Псіх, маўчы. Месца ў навінкаўскім доме «хі-хі» і для цябе знойдзецца... Краіна Продкаў... Горад у нябёсах... Скажы каму, крутнуць пальцам ля скроні. А, можа, і сапраўды, усё гэта толькі ў маім уяўленні? Хто паверыць у тое, што бачыш ты адзін і што недаступнае тысячам іншых? Паверыць Светка. Ці не таму і крочу да яе зараз. Таньцы тое недаступна, а Светка паверыць. Яна мудрая і пазірае значна далей за многіх. Бо яна ў свае пяцьдзесят здзіўляецца кожнай кветачцы на газоне і апаламу лісціку ў скверы, захапляецца аблачынкай у небе і нястомна падкормлівае варон, галубоў з вераб’ямі на сваім балконе... Нічога, што працавалі разам паўтара года таму ў статыстычным бюро. Светка Літоўка і статыстыка — пара¬докс, але ж факт. Праўда, даўнавата не бачыліся, але сяды-тады перазвоньваемся. Наша няўлоўная повязь у аднолькавым, ці падобным, светабачанні. Света і светабачанне... Антак і антыбачанне. Не, не падыходзіць! Надакучыла! Стаміўся ад унутранага дыялога. Вось і дом. Светка не спіць. Вокны трэцяга паверха цьмяна асветленыя. Значыць, уключаны таршэр... Хачу зразумець сказанае мне Ганэлькай. Няўжо яна сапраўды мая нарачоная? Няспраўджаная жонка. Тады атрымліваецца, што на самай справе існуе Кніга лёсаў... Зусім я заблытаўся. А ўсяму віною горад у нябёсах».

Пераступіўшы парог пад’езда, Антак адчуў, як угрэтае камунальнымі батарэямі паветра казытнула па задубелай ад марозу скуры твару. Ногі лёгка перабіраюць дзе-нідзе вышчарбленыя прыступкі. Першая лесвічная пляцоўка, другая, а вось і Светкі Літоўкі дзверы. Хлопец хвіліну стаіць, прытуліўшыся спінай да пафарбаванай у зялёны колер сцяны. Побач — Светчыны дзверы з магічнымі лічбамі 66. Рэдкая для шматпавярховікаў цішыня. Ані гуку. Перуновічу не хочацца яе парушаць. Таму і тырчыць ён насупраць дзвярэй, не адважваецца націснуць на клыпажок званка. Яго агортвае колішні настрой. Той вясновай ноччу ён чытаў булгакаўскага «Майстра і Маргарыту». Кнігу прынесла Светка. Ён на сваёй кухні. Сярэдзіна траўня. Праз расчыненую фортку ўліваецца надворная лёгкая прахалода. Такая ж глыбокая цішыня. І толькі шолах старонак кнігі. Яна новая, нікім не чытаная. Ад яе зыходзіць пах друкарскай фарбы. Паэт Бяздомны, Понцій Пілат, раскормлены кот Бегемот...

«Мяў», — Перуновіч здрыгануўся ўсім целам. Стрэліўшы позіркам на верхні пралёт лесвіцы, ён убачыў на падаконні чорнага ката з прымружанымі вачамі.

«Мяў», — яшчэ раз ляніва азваўся кот і грацыёзна паклаў галаву на выпрастаныя лапы.

Перуновіч адштурхнуўся спінай ад сцяны, зрабіў чатыры вялікія крокі і націснуў на званок.

За дзвярыма меладычна зацёхкаў нейкі птах. Прыглушана, быццам з-пад вады.

«Ага, Светка прыкупіла новы званок. Стары гарлапаністы абрыд».

З кватэры ні гуку. Антак яшчэ раз ціскануў на белы клыпажок.

—  Хто там? — устрывожана-разгублены знаёмы голас.

—  Не бойся, свае.

Клацанне замка. Дзверы прачыніліся. Натапыраная, як верабей, Светка ў праёме.

—  Авой, якія госці, — разгублена лыпае вейкамі. — І не адзін.

Антак адчувае, як паўз яго ногі нешта шмыгнула ў кватэру. Светка адступае і, нахіліўшыся, бярэ на рукі чорнага прыгажуна.

—  Праходзь, не стой. Вось сюрпрыз дык сюрпрыз. Умееш ты гэта рабіць, Перуновіч.

Светка з катом на руках і ў цёмным халаце падобная да прасветленай манашкі. Твар яе выпраменьвае ўнутраную спагаду і лагоду, позірк вачэй напоўнены цеплынёй і пяшчотай, як у маці, што ўрэшце дачакалася аблуднага сына з далёкіх дарог.

—  Распранайся. Вось дык падарунак насупраць ночы. Не чакала, — гаспадыня кватэры дагледжана-вытанчанай рукой пагладжвае чорную поўсць мурлыкі. Кот жмурыцца ад яркага святла ў вітальні.

—  Адкуль ты і дзе надыбаў коціка? Есці хочаш? Дзе будзем — на кухні ці ў зальчыку гарбатку піць? У мяне якраз эклеры ёсць. Ну вось, адразу дзесятак пытанняў, — Светка вінавата пасміхнулася. — Чаго маўчыш, быццам няродны?

—  Адказваю па парадку. Гуляў у горадзе, разганяў нудоту. Ехаў дамоў ды ўспомніў пра цябе. Захацелася пабачыць, пагаманіць вочы ў вочы. Кот жа сам прыйшоў. Злякнуў мяне перад тваімі дзвярыма. Думаю, што ён суседскі.

—  Не, хлопча, наколькі ведаю, у нашым пад’ездзе такіх ніколі не было. Не ўводзь у зман.

—  Праўду кажу, на падаконні яго заўважыў між тваім і наступным паверхамі. Нават злякнуў, нягоднік.

«Мяў», — кот саскочыў са Светчыных рук і, выгнуўшы спіну, шуснуў пад кніжную шафу, якая тулілася ў кутку вітальні.

—  Бачыш, зразумела жывёліна, што пра яе гамонім, — зазначыў Антак.

—  Няхай абвыкаецца. Калі ён тутэйшы, з нашага дома, то пазней адчынім дзверы і зразумеем: пойдзе — трымаць не буду, а застанецца — жыць яму тут. Кіруй у пакой, зараз пастаўлю ваду на кіпень. Запару мяты з ліпай. Пасля вуліцы табе на карысць будзе. Праходзь, не стой ужо. Там і таршэр уключаны. Чытала кнігу Аволзака. Нічогі аўтар. Калі не збэсціцца, то нешта з яго будзе. Значыць — ты ў залу, а я — на кухню.

Прысеўшы на канапу, далей ад таршэра, Антак прымружыў вейкі. Ён ужо не бачыў, але адчуў, як каля яго бясшумна прымасціўся кот. Перуновіч быў упэўнены, што жывёліна ўзіраецца ў яго твар. Толькі ж расплюшчваць вочы не было сіл. Адно, што ён змог зрабіць, — пакласці далонь на разняволеную шыю ката, ніжэй зграбнай галавы. Кот вуркатнуў раз-другі, дакрануўся выпушчанымі кіпцюрамі да нагавіц хлопца і далікатна шмаргануў па тканіне...

Наступным разам з Анэляй-Ганэлькай Антак сустрэўся каля царквы. Тым нядзельным надвячоркам ён няспешна кіраваў да кансерваторыі. Дамовіўся сустрэцца з былым сябрам-аднавяскоўцам, каб перакінуцца слоўкам-другім, прыгадаць мінулае ды прапусціць па куфлі жывога піва ў кафэ непадалёк.

Прайшоўшы паўз жанчын, якія прадавалі кветкі, хлопец нечакана пачуў сваё імя. Напаўголаса яго хтосьці клікаў: «Антак, Антак». Голас, як перазвон вісюлек крышталёвай люстры. Азірнуўся і не паверыў вачам: ад прадавачак кветак да яго кіравала Ганэлька. Стромкая і вабная (Божа мой, уцялесненая — з плоці і крыві), а ў руцэ букецік васількоў з бутонам ружы пасяродку.