Пад павеццю, схiлiўшыся над цэментаванай падлогай, араб двума пальцамi чысцiў зубы. Дару паглядзеў на яго i сказаў: "Хадзi". Арыштаваны падыбаў за iм у пакой. Настаўнiк нацягнуў паверх нацельнiка паляўнiчую куртку, надзеў паходныя чаравiкi, выпрастаўся i стаў чакаць, пакуль араб закруцiць свой турбан i прывяжа на ногi шлапакi. Потым яны зайшлi ў клас, i настаўнiк, паказаўшы свайму спадарожнiку на дзверы, сказаў: "Iдзi". Той не варухнуўся. "Я даганю", - сказаў Дару. Араб выйшаў. Дару вярнуўся ў пакой, узяў мяшэчак i паклаў у яго сухароў, смокваў i цукру. Потым на нейкую секунду нерашуча затрымаўся каля пiсьмовага стала, але павярнуўся, пераступiў цераз парог i замкнуў дзверы. "Нам тудой", - сказаў ён арабу i рушыў на ўсход, арыштаваны пайшоў за iм. Але калi яны трошкi адышлiся, настаўнiку здалося, што ззаду пачуўся нейкi шум. Ён вярнуўся да школы i агледзеў усё вакол будынка: нiкога не было. Араб глядзеў на яго i, вiдаць, не разумеў, што здарылася. "Хадзем", сказаў Дару.
Яны iшлi ўжо гадзiну i нарэшце спынiлiся перадыхнуць пад спiчастай вапняковай скалой. Паўсюль хутка раставаў снег, сонца iмгненна высмоктвала лужыны i на вачах падмятала ўзгор'е, якое патроху сохла i пачынала дрыжаць у сонечных промнях, як i само паветра. Калi яны зноў рушылi ў дарогу, зямля звiнела ў iх пад нагамi. Час ад часу, з радасным крыкам разразаючы паветра, перад iмi праляталi птушкi. Дару дыхаў глыбока, набiраючы поўныя грудзi свежых струменяў сонца. Калi ён глядзеў на гэты шырокi, так добра вядомы яму абшар, якi ўжо амаль цалкам жаўцеў пад блакiтным купалам неба, у iм нараджалася нi з чым не параўнанае захапленне. Яны iшлi яшчэ з гадзiну, увесь час спускаючыся на поўдзень, i нарэшце апынулiся на невялiкiм пляскатым пагорку са старых патрушчаных скал. Адсюль узгор'е пачынала спускацца i на ўсходзе пераходзiла ў нiзкую раўнiну з рэдкiмi кволымi дрэўцамi, а на поўднi дыбiлася няўклюдным нагрувашчваннем скал, якiя надавалi краявiду расшкуматаны i здратаваны выгляд.
Дару агледзеўся. Над даляглядам было толькi неба, нiдзе не было вiдаць нiводнай жывой душы. Ён павярнуўся да араба, якi глядзеў на яго i нiчога не разумеў. Дару падаў яму мяшэчак. "На, - сказаў ён. - Тут смоквы, хлеб i цукар. Табе хопiць на два днi. I вось яшчэ тысяча франкаў". Араб узяў мяшэчак i грошы i разгублена прыцiснуў iх да грудзей. "Цяпер глядзi туды, - сказаў настаўнiк i павярнуўся, паказваючы на ўсход. - Гэта дарога ў Тынгiт. Датуль дзве гадзiны хады. У Тынгiце - прэфектура i палiцыя. Цябе там чакаюць". Араб глядзеў на ўсход, па-ранейшаму прыцiскаючы да грудзей мяшэчак i грошы. Дару ўзяў яго за руку i бесцырымонна павярнуў на дзевяноста градусаў. Каля падножжа пагорка, на якiм яны стаялi, была вiдаць ледзь прыкметная сцяжынка, якая вяла на поўдзень. "Гэтая сцяжынка перасякае ўзгор'е. Праз дзень ты дойдзеш да палёў i знойдзеш там качэўнiкаў. Паводле сваiх законаў яны прымуць цябе i дадуць прытулак". Араб павярнуўся да Дару, i на твары ў яго ўзнiкла нешта накшталт панiкi. "Слухай", - сказаў ён. Але Дару пакруцiў галавой. "Маўчы, не трэба нiчога казаць. Цяпер я пакiдаю цябе аднаго". Ён павярнуўся спiнаю да араба i ступiў некалькi крокаў да школы, потым спынiўся, яшчэ раз нерашуча зiрнуў назад i нарэшце пайшоў. Нейкi час ён чуў толькi гук сваiх крокаў па мёрзлай зямлi. Ён не азiраўся. Але праз некалькi хвiлiн усё ж не вытрымаў i павярнуў галаву. З апушчанымi рукамi араб стаяў на тым самым месцы на краi пагорка i глядзеў настаўнiку ўслед. Дару адчуў, як да горла падкацiў камяк. Але ён толькi нервова вылаяўся, шырока махнуў рукой i рушыў далей. Ён ужо быў далёка, калi спынiўся i паглядзеў зноў. На пагорку нiкога не было.
Дару занепакоiўся. Сонца ўзышло даволi высока i пачынала ўжо прыпякаць. Настаўнiк павярнуў назад. Спачатку ён iшоў нерашуча, але потым усё хутчэй, i пакуль дабраўся да пагорка, увесь уваўрэў. Ён стрымгалоў узляцеў на вяршыню i спынiўся, пераводзячы дых. На поўднi скалiстыя палi рэзка акрэслiвалiся на фоне блакiтнага неба, а на ўсходзе па-над раўнiнай ужо пачынала ўзнiмацца спякотнае мроiва. I недзе там, у гэтай празрыстай смузе, Дару з болем у сэрцы ўбачыў араба, якi марудна цягнуўся па дарозе ў выгнанне.
Пазней, у класе, настаўнiк стаяў каля акна i глядзеў кудысьцi перад сабой, не заўважаючы зыркага жоўтага святла, якое абрыналася з высокага неба i запаўняла ўвесь горны абшар. Ззаду на чорнай дошцы мiж звiлiн французскiх рэк чыясьцi няўмелая рука накрэмзала крэйдаю надпiс, якi ён толькi што прачытаў: "Ты выдаў нашага брата. Ты заплацiш за гэта". Дару глядзеў на неба, на ўзгор'е i туды, дзе за даляглядам нябачныя землi распасцiралiся да самага мора. У гэтым бязмежным краi, якi ён некалi так любiў, ён быў адзiн.