Князь замаўчаў. І нібыта размовы
Толькі й было, што пра зборы ў дарогу.
Але чаму ён пахмуры, суровы,
Голас дрыжыць і хавае трывогу?
А калі кідаў ён слова за словам,
Беглі яны так нязграбна, не скора,
Быццам іх выбегла толькі палова,
Рэшта ж захрасла ў грудзях Літавора.
Нешта не добрае ў постаці князя,
Нешта нядобрае мае на ўвазе.
Змоўк Лiтавор і нібыта чакае,
Што Рымвід пойдзе выконваць загады,
А Рымвід толькі вачамі блукае,
Нема стаіць — не знаходзячы рады;
Князевы думкі чытаць ён умее,
Цяжкую праўду ў іх разумее.
Што тут пачаць? Літавор не ахвочы;
Слухаць чужыя намовы, парады;
Робіць заўсёды, як сам ён захоча,
Тоячы ў сэрцы намеры ад здрады;
Вырашыць раз і тады ўжо не збоча
І не папросіць помогі, спагады.
Рымвід, дарадца і сябр Літавораў,
Рыцар вядомы літоўскай дзяржавы,
Ганьбу заслужыць і горыч дакору,
Як не ўратуе агульнае справы.
Змоўчаць? Параіць? Варожыць на двое.
Урэшце адважыўся ён на другое.
«Князь, перад воляй тваёю мы немы.
Людзі і коні гатовы да бою.
Шлях пакажы, і гатовы ўсе мы
Днём а ці ноччу ісці за табою;
Рымвід, павер мне, на будзе астатні.
Але аднолькавай меркай не мерай
Розум людзей з грамады гэтай шэрай
І розум тых, хто на большае здатны.
Бацька твой, нават, хоць ён сам сабою
Даць намагаўся дням прошлым асновы,
Перш чым на ворага рушыць са зброяй —
Раду склікаў, каб пачуць яе словы.
Часам і мне там, між мудрых і важных,
Собіла думкі выказваць адважна.
Вось і цяпер я скажу табе смела
Тое, што вуснам душа падказала,
Шмат я пражыў, галава пасівела —
Славы, чыноў дасталося нямала.
Новую справу задумау ты, княжа,
Шкодную справу, як сэрца мне кажа:
Лідскае княства, што маеш на праву,
Хочаш узяць праз ліхую прыгоду,
Будзе ў бяду твой паход, а не ў славу,—
Новым і даўным падданым на шкоду:
Першыя — скарбы здабудуць чужыя,
Рабства, кайданы здабудуць другія.
Вестка разыдзецца з краю да краю,
Ненавісць высее хцівае зерне,
Горкі дасць плод яно ўрэшце і церне,
Што труціць славу і згоду знішчае.
Скажуць парушыў князь праў сваіх межы —
Тое ўзяў, што яму не належыць.
Колісь інакш было: князі літвіны
Родны свой горад сталіцай рабілі…
Добры быў звычай і тыя гадзіны
З памяці нашай у небыт не сплылі.
Дай, князь ісці шляхам даўнім падзеям,
Здайся на Рымвіда — не падвядзе ён.
Перш-наперш рыцараў мы папярэдзім,—
Тых, што ў горадзе тут пад рукою,
Тых, што на вёсцы шукаюць спакою,—
Зараз жа ў замак хай кожны з іх едзе;
Панства ж і рада няхай у пакоях,
Дзеля бяспеки і дзеля аздобы,
Каля тваёй будуць княжай асабы.
Я ж, не марудзячы, рушу тым часам
Хоця ж бы заўтра, на золаку, рана
З слуг грамадою, з святым капеланам,
І з пачастункаў вялікім запасам —
Ладзіць ўсё, каб хапіла народу
Добрай дзічыны і добрага мёду.
Добрае, хіба, народ толькі бачыць!
Не, і шляхецтва за імі ў пагоні:
Ласку ўбачыўшы ў княжай далоні,
Прышласць сваю загадзя ўжо тлумачыць;
Гэтак было і ў Літве і на Жмудзі,
Вось хоць старыя раскажуць хай людзі».
Скончыў і кінуў за вокны вачыма:
«Вецер. Пагоды не будзе, магчыма.
Бачу каня там пад вежай у ценю,
Рыцара бачу, — трымае паводзе,—
Вось і другі да яго падыходзіць;
Немцы… пасольства… пазнаў па адзенню.
Ці іх паклікаць, ці хай там на доле
Вусны слугі скажуць ім тваю волю?»