Выбрать главу
Нібы ў акно ён глядзеў выпадкова, Нібы выпадак — і погляд і слова, Але наўмысна ён ставіў пытанне, Каб пра пасольства ўсё ведаць дазвання.
І Літавор адказаў яму: «Дружа, Не, калі рады якой патрабую, Не давяраюся іншым я дужа, Рымвіда слухаю і не шкадую, Бо ён пашаны і гонару варты — Мудры на радзе і ў бойках упарты.
Дзёрзкі намер не люблю я бясконца Людзям да часу паказваць на вока; Думку, што стоена ў сэрцы глыбока, Шкодна са змроку выносіць на сонца. Хай мой намер, як з маланкай бывае — Блісне пасля, а раней забівае. Тайнай з табой падзяліцца жадаю: Заўтра ідзем супраць Русі і Жмудзі; Што, быць не можа? І можа, і будзе. Сёння я сэрца табе адкрываю.
Даў я загад: усім брацца за зброю, І каб спяшаліся на дапамогу, Бо Вітальд, ведаю, гэтай парою Пэўна заняў ужо з войскам дарогу. Можа, і Ліду мне дорыць ён, быццам, Каб, падманіўшы, злавіць ці забіць там… Але з магістрам тэўтонскім, не ў звычай, Зараз зрабіў я таемную згоду: Рыцараў дасць ён сваіх для паходу, Я ж адару іх багатай здабычай. Бачу пасольства… ў тэўтонскім убранні… Значыць, трымае магістр абяцанні.
Покуль схаваюцца зоркі пад ранак; Рушым літвінаў, дадаўшы у полі Конных тры тысячы ў бронь закаваных І кнехтаў пешых у два разы болей.
Кнехт дужы целам, вышэй за літвіна, Мечам валодаць умее страшэнна, Дзіда навострана ў кнехта адменна — З ног да чала ў жалезе дружына; Сам сабе выбраў, як быў у магістра, Хлопаў адборных і коннікаў быстрых.
Мае кнехт кожны змяю за плячыма, Волавам, сажаю корміць змяю ён, Потым падпаліць — трываць не магчыма — Гром і агонь… так змяёй і ваюе; Толькі на ворага вокам ён глянуў — І ці забіў, ці смяртэльна параніў; Так быў забіты ў час абароны Дзед Гедымін мой на сценах Велоны…
Вітальд, відаць, занядбаў асцярогу, Войска нямнога ў Лідзе. Хістанне Тут не дарэчны, і заўтра ў дарогу Рушым і возьмем і знішчым дазвання».
Рымвід уражаны быў навіною, Нібы застыў, анямеў нерухомы; Буру прадбачыў і лёс невядомы Мечам вісеў над радзімай, Літвою. Справа не церпіць. Дарэмна ваганне. З гневам і жалем ён крыкнуў:«Мой пане, Бог не папусціць такога, не веру… Брат супраць брата ўзніме далоні!.. Вышчарбіў учора на немцах сякеру, Сёння ж навострыць і іх абароніць… Будзе нам гэткая згода бядою, — Хочаш з’яднаць ды агонь ды з вадою! Сусед з суседам, бывае між намі, Жывучы дрэнна, у крыўдзе спрадвечнай, Лепшымі робяцца, урешце, сябрамі, Рукі з’еднаўшы ў пашане сардэчнай. Горай, хіба, як благія суседзі, Сёння жыве наш літвін побач з ляхам, Разам сядзяць на вясёлай бяседзе, Спяць пад адзіным і небем і дыхам, Разам, — спатрэбіцца, — меч уздымаюць; Горай яшчэ, як літвіны і ляхі Сэрца адно ад аднога не маюць, Ворагі вечныя — людзі й вужакі. А прыпаўзе гад да хаты парога, Госцем запрошаны да чалавека, Дзеля хвалы несмяртэльнага бога,— Прыме літвін яго хлебам і млекам. Гад той рахманы да рук падпаўзае, Разам вячэрае, п’е без прыгоды, Грудзі малога не раз спавівае Бронзавым колцам, без жаднае шкоды.
Толькі крыжацкага гада не ўлічыць. Мала яму ўсіх багаццяў нямецкіх, Колькі людзей і зямель мазавецкіх Згінула ў прагнай бязлітасці пашчы. Столькі жарэ, а галодны да смерці! Нашыя рэшткі гатоў ён пажэрці. Еднасцю толькі пазбавімся катаў, А паасобку іх сілы не знішчыць. Замкі руйнуем на іх папялішчы, Ордэн жа, нібы дракон той пракляты: Сцяць галаву не паспееш — другая, Трэцяя. Сотая ўжо адрастае! Кончым дракона! Дарэмны патугі Тых, хто нас хоча мірыць з крыжакамі, Бо, — ці то князь, ці то князевы слугі,— Цяжка такога найсці паміж намі. Хто не жадаў — бы любою цаною Скончыць з праклятай крыжацкай чумою. Што не кажы, лепей смерць у палоне. Або на полі, як іх дапамога; Лепей гарачы свінец на далоні, Чым гэты поціск рук ворага злога!