Выбрать главу
Вітальд нам грозіць? Хіба без іх меча Самі не разбяром сваёй звады? Ці так далёка зайшлі мы ў спрэчках, Што і рука нашай братняй спагады Вырваць не здолее кукалю з нівы, Меч захаваўшы для ворагаў хцівых?
Сам ты ці верыш ва ўласныя словы, Быццам бы Вітальд таемна і ўпарта Здраду рыхтуе і нішчыць умовы? Слухай, паслаць мяне зноў туды варта. Зробім умовы…» — «Эт, досыць, Рымвідзе! Ведаю Вітальда я і умовы! Сёння адно ў галаву яму прыйдзе, Заўтра ж надумае ход адмысловы. Княжаму слову ўчора я верыў, Быццам ён Ліду мне дасць назаўсёды; Сёння ж у князя не тыя намеры, Робіць мне Вітальд ізноў перашкоды: Зручны для гэтага момант абраўшы, З войскам сваім каля Вільні дзесь стаўшы, Чутку пусціў ён, нібыта лідзяне Князем прызнаць мяне не захацелі; Сам сябе Лідаю Вітальд надзеліць, А Літавор з яго ласкі дастане Голую Русь ці Варага на багне. Край гэты ўбогі ён мне пакідае, Вось чаму й крэўных адтуль выбівае, Вітальд быць князем Літвы ўсяе прагне. Бач, як разважыў! Умее разважыць! Мкнецца да мэты любымі шляхамі— Сам над усімі хацеў бы ён княжыць, Роўных сабе — растаптаць пад нагамі. З Вітальда ласкі пакутуюць людзі. З бітвы на бітву і з бою да бою Вечна скаваны бранёй нашы грудзі, Вечна Літва — на каня ды за зброю; У шышакі ўжо чалом ураслі мы; Свет — як вялік — навакол абышлі мы; На крыжакоў, ці праз Татраў грамаддзе, Рушым на Польшчы прыгожыя сёлы, Далей па стэпе, з вятрамі ў ладзе, Нішчым. Дагнаўшы, абозы Магола. Скарбы ж, багацце, што ў замках забралі, Люд, што дабіць юылот шабляй турботна,
Тых, што праз голад, агонь не прапалі — Зносім яму і зганяем ахвотна. Князю карысць, а Літва ўсё гібее; З Фінскай затокі да мора Хазараў — Скрозь гарады загарнуў пад сябе ён. Мае палац, а палац, нібы мара! Бачыў шмат замкаў крыжацкіх адменных,— Прусы на іх і не глянуць ад страху,— Але мацнейшыя ў Вітальда сцены Замка, што ў Вільні, і трокскага гмаху. Ёсць каля коўна такая даліна — Сцелюць русалкі там дзіўнае квецце, Летняй парою і весняй гадзінай, Тая даліна найлепшая ў свеце. Нельга даць веры: ў Кейстутава сына На дыванах — болей кветак адменных. Ззяе палац. Аксамітнай тканінай, Бісерам шытай, аздоблены сцены. Нібы жывы, кожны ўзор, і гамоняць З золата, срэбра і перлаў расліны; Скажаш, што іх вышывалі багіні, А не ўмелыя рукі палонніц! Шклом дзіўна кожнае ззянне аконца, Ззяе, як рыцараў польскіх убранне, Альбо як Нёман, убачыўшы сонца, Гляне з-пад крыгаў у весняе ранне.
А я, што маю за кроў і за раны? Я, што ў дзяцінстве делёкім і мілым, Ледзве з калыскі ад маці забраны, Жыў, як татарын той, млекам кабыллім. Дзень цэлы конна… мне конская грыва Ноччу падушку сабой замяняла, Хмаркаю ноч пралятала імкліва, Раніцай зноў наc труба заклікала. Гэта тады, як мае аднагодкі Ездзілі верхам на конях з лучыны, Смех выклікаючы ў матак салодкі З гэтых ваенных забавак дзяціных. Гнаўся ў той час за ардой я па пятах, Або з палякамі біўся зацята. Княству майму, ад Эрдвіла гадзіны, Нават і пядзі зямлі не прыдбана; Глянь ты на сцены… Не сцены — руіны. Глянь на палацы, як усё занядбана; Або зірні. Як пакоямі пойдзеш: Дзе кубкі шкляныя? Посуд каштоўны? Знойдзеш там золата? Камень там знойдзеш. Ёсць дываны там? — мох клоччам няроўным. Што ж здабываў я ў бойках крывавых? Скарбы?.. Уладу?.. Не, толькі здань славы.
Здань толькі. Вітальд у тым вінаваты Вітальд забраў маю славу. Размова Толькі аб ім. Вайдэлоты на святах Славяць яго, як другога Міндога. На струнах звонкіх цудоўнае песні Вітальда дойдзе да нашчадкаў імя. Але хто ж нашы ў забыцці і плесні Знойдзе імёны і ў прышласць узніме.
Мы не зайздросцім. Няхай сабе з бою Скарбы бярэ і імя здабывае, Толькі няхай капцюры над Літвою Вітальд драпежныя не ўздымае. А ці даўно, у час спакою і згоды, Гвалтам літоўская ўзята сталіца? Іншых князёў разарыўшы паходам, Сына Альгерда прымусіў скарыцца, Трон яго сам ён сягоння займае, Нават пасол яго словам суровым. Нібы Крывейта, князёў прызначае Або зганяе баз лішняй размовы. Досыць свае падстаўлялі мы спіны, Покуль ёсць сілы і дыхаюць грудзі, Покуль жалеза рук дужых не трудзіць, Покуль мой конь мае лёт сакаліны… Гэткага ж даў і табе, — конік слаўны,— Іх я быў з Крыму прывёў, як здабычу, Дзесяць нягоршых я маю на стайні, Іх маім слугам адданым узычу… Покуль і конь мой… І шабля са мною!..» Тут не хапіла ад гневу дыхання, Змоўк, толькі грымнула княжая зброя, Бо здрыгануўся, відаць, з хвалявання. Але што гэта, святлом вокамгненным, Бліснула над галавой яго знічам, Твар асвятліўшы на міг ваяўнічы? Шаблі лязом ды па гзымсе каменным Біў Літавор, выкрысаючы іскры; Сталі ўзмах быў маланкава быстры.