«Прабач, княгіня, бо гэта не слова,
Што, з вуснаў чорнай зляцеўшы гадзінай,
Чэзне без следу ў памяці сховах;
Нельга назваць яго і блытанінай
Марных жаданняў. Капрызаў чарговых,
Што, як туман, закурыцца і згіне.
Слова, як іскра што успыхвае ноччу.
Бачу я іскру і гора прарочу!
Не першы дзень я пры князі слугою.
Шмат год служыў яму шчыра, аддана,
Ды не згадаю, ці чуў я парою
Гэткае шчырае слова ад пана.
Што мне належыць зраблю я: да бою
Войска збяру, як было загадана,
Ля Перасека магілы, і ў ранні
Рушым дарогай пры месяца ззянні».
«Што чую! Заўтра? Бяда мне і гора!
Гэта знаць на Літве не павінны,
Што брат на брата ўзняў зброю на сорам,
І з-за чаго? З-за пасагу Гражыны!
Зараз іду я ў пакой Літавора,
Хоць для спаткання мінулі гадзіны,
Перш чымся неба зарой закрасуе,
Веру, што добры адказ прынясу я».
Потым яны, развітаўшыся, выйшлі.
Дужа спяшаліся дзесьці абое.
Хвілі ў святліцы не бавячы лішняй,
Крочыць княгіня да князя ў пакоі.
Рымвід да дзвярэй дакрануўся рукою,
Ды не ўвайшоў, на парог ён сядае —
Слухае, у шчыліну ўсё паглядае.
Бразнула клямка. І ў цягу хвіліны
Постаць стаяла нярушная ў белі.
«Хто?» — крыкнуў князь і сарваўся з пасцелі.
«Хто?» — «Я». — Адказвае голас жанчыны.
І то гучней галасы, то нямелі.
Рымвiд з размовы не чуў палавіны —
Словы, змяшаўшыся з рэхам імгненным,
Біліся глуха ў каменныя сцены.
Словы то гучна імкнуць раззлавана,
То ледзьве-ледзьве даходзяць да слыху.
Голас Гражыны гучыць усхвалявана,
Кпіны ў голасе князя і пыха.
Вось яна кленчыць, бядою прыдбана…
Устаў Літавор, і зрабілася ціха.
Потым ён нешта сказаў ёй сурова
І замаўчаў. Не знаходзячы слова.
Вось прамільгнула зноў постаць у белым,
Крочыць к парогу, выходзіць жанчына.
Ці не ўпрасіла, а ці не пасмела,
Болей прасiць? У пакой свой Гражына
Накіравалася. Кназь да пасцелі
Моўчкі прыпаў. Няймаверная ціша,
Мусіць, яна Літавора ўкалыша.
Рымвід хвіліну якую вагаўся,
Потым пайшоў і на левым балконе
Служку пабачыў, што з немцам спрачаўся.
Слухаў, да вуха прыклаўшы далоню,
Але не чутна, бо вецер узняўся.
Служка рукою паказваў на коні;
Рымвід не ўцяміў, хутчэй здагадаўся.
Кроўю набеглі ў рыцара вочы —
Збег да каня і ў сядло ён ускочыў:
«О, каб не быў я паслом тут сягоння,
крыжам клянуся на комтурскім сцягу,
Я б даказаў вам, што меч у далоні
Маю не дарма, сваёй помсты прагу
Я б задаволіў і змыў бы знявагу.
Ні ў імператара, ні ў слуг ягоных
Не стрэў таго я, што тут, у паўпанка:
Пад голым небам дачакацца ранка
І прэч пайсці і бачыць слуг ухмылкі…
Толькі князёк. Відавочна, не цяміць,
Што ён павінен плаціць за памылкі,
Кліча на Вітальда гэты паганец,
Каб разам знішчыць. Ды нас не падманіць!
Вітальд і той не заслоніць сабою
Меч, што вісіць над яго галавою.
Скажаш так князю, а веры не будзе —
Сам хай спытаецца, нават хачу я
Уласна яму паўтарыць, сам пачуе,
Што я кажу і няхай не забудзе:
Рыцара слова ці рыцара ўмова
Век не парушна. Як божае слова.
Яма, якую для нас вы капалі,
Вам жа самім абярнецца ў шкоду:
Сёння ж, гляжзіце, у яе каб не ўпалі.
Я кажу — Дытрых Гальштарх фон Кніпродэ,
Комтур! Гэй, кнехты, за мной паскакалі!»
Перачакаў і да брамы прыскочыў,
Кнехты за ім. Вось па полі ўжо гоняць.
Толькі чуваць — дзесці зброя бразгоча,
Толькі чуваць, як падкова дзесь звоніць,
Толькі чуваць — заіржалі дзесь коні…
Хутка замерла ўсё ў цемрадзе ночы,
Лес толькі цёмны ўслед ім гамоніць.
«Едзьце шчасліва, няхай вашы ногі
Болей не пройдуць літоўскаю сцежкай! —
Рымвід услед паглядзеў ім з усмешкай: —
Дзякуй, княгіня! Мінулі трывогі…
Вось і скажы, што ты знаў чалавека!
Голас быў гнеўны і погляд суровы,
Нібы маланкай, паліў з-пад павекаў…
Мне не дазволіў сказаць нават слова…
Здэцца б у птаха пазычыў ён крыллі,
Толькі б на ворага ўпасці галовы,
А ўсмешка жанчыны, голас мядовы
У іншы бок усю справу схілілі»…
Не ўлічыў, стары, у гэтай хвіліне,
Маладосць князя, прыгожасць княгіні.