Выбрать главу
Выбегла, стукнуўшы моцна дзвярыма. Рымвід за ёю ў след апантаны. Думаў: «Ці пройдзе бяда гэта міма? Войска сабрана. Загады адданы»… Дух зацяло, ён спакойна пакрочыў, Потым, спыніўшыся неяк на разе, Зморана долу ўтаропіўшы вочы. Мыслі блукалі як хоць самапасам — Бездапаможны быў розум тым часам.
«Марна чакаю. Ужо блізка і ранак, Ён таямніцу магчыма развяжа. Мушу я знаць, ці прачнуўся наш княжа»… І ў палац ён ідзе праз ганак. Ды расчыніліся дзевы пакоя, І Літавора ўсе тут пазналі. Быў ён апрануты. Як перед боем Князь апранаўся заўжды. Сонцам ззялі Шлем яго, шчыт, пазлацаная зброя, Панцыр яго з гартаванае сталі. Шчыт меў у левай руцэ. А ў правай — Меч, спадарожнік у бітве крывавай.
Гнеўны быў князь і нібы ўсхваляваны, Крочыў няпэўным, няроўным ён крокам І ані з водным тут рыцарам панам Не прывітаўся ён ласкавым вокам. Моўчкі руку працянуў за калчанам, Меч свой павесіў па-над правым бокам. Здіўлена ўсе на яго паглядзелі, Але сказаць пра памылку не смелі.
З ганку ступіў. На сцягах пазалота: На дзень крывавы стала ўжо брацца. Каня падводзяць. Бліжэйшая рота Клічам хацелі сустрэць, прывітацца. Знак даў рукой, каб замкнулі вароты;
Ехаць сказаў і маўчаць. Не пытацца… А слуг дваровых і чэлядзінцаў Загадзя вывеў аж да дзяцінца.
Ехалі шляхам, спяшалі за панам, Потым управа паехалі, долам, і, Абмінуўшы хмызняк за курганам, Зніклі ў яры пахмурым і голым. Хутка, як зорка ў нябёсах прапала, Зноў войска поступ на шлях скіравала. Ёсць каля меж гарадскіх недалечка,— На гук ад стрэлу з крыжацкае зброі,— Мала каму тут вядомая рэчка, Што ўецца-блудзіць лясной стараною; Вузкая, мелкая блізка дарогі Робіцца рэчка шырэйшай і далей Падае ў возера, тут яе хвалі Пушча вартуе. З камення парогі.
Як выйшлі з лесу літоўскія роты, Бачыць ля ўзгорку у месяца ззянні: Панцыры, шлемы, штандары пяхоты. Грымнуў трывогаю стрэл на паляне. І пад штандары збягаюцца роты. Мурам стаяць крыжакі без вагання.
Гэтак якраз выглядае ўрачыста Ноччу грамадзе панарскага бору, Як вецер здыме лісце ўсё чыста, Як росы кропель развесяць уборы, А мароз з кропель тых зробіць маністры… І хадок ноччу, брыдучы кудысці, Бачыць дрэў срэбра і крышталы лісця.
Гнеў спарадзіў той малюнак у князя: Скочыў, узняўшы меч над галавою, Войска за ім навалілася разам. Шэпчуцца рыцары паміж сабою: Што ён задумаў? Што мае на ўвазе? Адным напорам не выйграеш бою! Стаіць на чале сам, відаць, ён жадае. Флангамі ж ведаць каму загадае?
Рымвід заўсёды знаў княжую волю, Так і цяпер: войска ён каля гаю Хутка сабраўшы ў незамкнутым коле,— З коньмі — у сярэдзіне, лучнікі — з краю, Так, як заўжды войска строіцца ў полі,— Рушыў яго на крыжацкую зграю. І раптам пачуласа ў стане крыжастых: «Езус, Марыя! На ворага ў наступ!»
Перш-наперш дзіды ўмясціўшы ў токах, Грудзмі сышліся ў баі крывавым. Чамуж схавала ад нашчадкаў вока Ноч перамога літоўцаў і славу?
Свае, чужыя ў ранішнім змроку Б’юцца, змяшаўшыся ў пыле крывавым. Лязгае зброя. Злітаюць галовы. Што меч не дастане — канчаюць падковы.
Князь мкнецца ўперад, за канём ягоным Падаюць, чэзнуць крыжацкія воі. Ведаюць ворагі плашч той чырвоны, Ведаюць герб на чаломе і зброі. Страх ахапіў іх, бяда іх чакае, А князь знай гоніць, на карк насядае.
Толькі ж чаму ў ім сіла саслабла? Мала карысцi, што кружыць і гоніць, Мала карысці, калі яго шабля Толькі дарэмна па панцырах звоніць. Альбо адскочыць, адбітая разам, Альбо няёмка апусціцца плазам.