Ворагі, убачыўшы марнасць атакі,
Зноў акрыялі і сэрцам спачылі;
Рушылі разам на князя крыжакі —
Дзіды, як лес, навакол акружылі.
А ён ці змогся, ці з страху нямее,
Браць іх на шчыт і на шаблю не ўмее.
Цяжка было князю цэлым застацца:
Дзідамі колюць, цаляюць мячамі…
Але літоўцы паспелі прарвацца —
Коньмі бароняць яго, бержышам:
Хто сваім целам яго засланяе.
А хто ударам удар адхіляе.
Ноч прамінае, і золак ружовы
Водбліскам ззяе на белі аблокаў,
А бой трывае ўсё беспаспяхова —
Ні ў зад ні ў перад не зроблена кроку.
Бог перамогі ўзважваў сурова
Лёс двух народаў паклаўшы на шалі
Кроў іх. А шалі на мейсцы стаялі.
Так бацька Нёман, калі яго воды
Стрэнуць у Румшышках скал аграмаддзе,
То іх абдыме, у шуканне абходу,
То завіруе, грудзмі на іх падзе;
Скалы ж стаяць нерухома, упарта,
Націск прымаючы хваляў і гоман:
Ні тыя скаля пазбавяцца гарту,
Ані саступіць ім рэчышча Нёман.
Войска крыжакаў у схове на горах
Хіба чакала, сачыла падзеі;
Справы іх дрэнь, і не вытрымаў вораг:
Рушылі немцы, сам комтур вядзе іх.
Змялі літоўцаў, пасеялі сполах,
Строй іх зламаны, што хвілю радзее.
Раптам, калі ўжо на ўцёк павярнулі,
Чорнага рыцара голас пачулі.
Вочы ўсіх у яго былі ўпяты,
Стаў на кані, як над снежнай гарою
Распрасцiрае шырокія шаты
Хмараю чорнай калматая хвоя;
Так яго плашч чорны, шлем яго, латы,
Конь вараны — выглядаў той парою.
Тройчы ён крыкнуў, і падомны грому
Грозны быў голас, нязнаны нікому.
Дапаў да немцаў і ў тлуме знікае.
Бою не ўбачыш, толькі крык ды стогны,
Ды бліскавіцаю хуткай мільгае,
Сеючы смерць вакол меч ягоны:
Там шышак знікае, а тут шлем упадзе —
Вораг змяшаўся, пануе бязладзе.
Так лесаруб. Калі ён у гушчэры
Валіць дубы, дык далёка-далёка
Чуецца рэха удараў сякеры.
А лесаруб сам схаваны ад вока —
Бачыш, як кроны, што ўзняты высока,
Хіляцца долу над пушчаю шэрай;
Так, насякаючы з немцаў шаломы,
Рыцар к літвінам спяшаў незнаёмы.
Рыцар, спяшайся! Не позна, магчыма,
Дух войска ўзняць, бо бяда ўжо і гора
Стрэлы літвінаў, не прайшоўшы міма.
Дзіды, шчыты і мечы — не апора,
Моц іх зламана, і комтур вачыма
Прагна шукае ўжо Літавора;
Знайшоў. Абодва коней сваіх шпораць,
Хутка жалезам яны загавораць.
Літавор шаблю высока ўздымае,
Выстраліў комтур са зброі шалёнай,
Літвіны дрогнулі,што іх чакае?
Выпала шабля ў князя з далоні,
Повад здранцвелай рукой не ўтрымае,
Цісне шалом на знямелыя скроні.
Покуль Літва з дапамогай паспела,
З сядла схіляецца князева цела.
А чорны рыцар, як хмара. Што ў ночы
Б’е, наляцеўшы пярунам і градам,
Гэтак на комтура раптам наскочыў,
Што і не ўправіўся комтур з нападам —
Мгненне, і комтур ляжыць пад нагамі,
І топчуць коні яго капытамі.
Рыцар-туды, дзе над князем дваране
Нізка схіліліся. Рыцар здымае
Княжацкі панцыр, крывёй фарбаваны,
Кулі варожай след разглядае.
Кроў зноў пацекла з адкрытае раны,
Тут князь ад болю крыху апрытомнеў,
Вочы адплюшчыўшы і нешта прыпомніў;
Зноў апускае на вочу прыбліцу,
Воінаў прэч ад грудзей адпіхае,
Рымвіду знак даў ніжэй нахіліцца:
«Скончана» шэпча, на момант сціхае,
Потым зноў кажа: «Хавай таямніцу…
Мяне ж ніхто не ўратуе ад смерці…
У замак вязіце, хачу там памерці».
Поглядам Рымвід яго працінае —
Верыць, не верыць-вачэй не адводзіць,
Але сляза яму свет засланяе,
Ледзьве не млее, пот скроні халодзіць.
І пазнае не пазнае ўчора:
Гэта не голас. Не твар Літавора.
Рыцар тым часам, паводдзі старому
Рымвіду даўшы, схіліўся да пана,
Коні сказаў павярнуць у бок дому,
Потым, далонню заціснуўшы рану,
Князя абняў. Паімчаліся трое
З хуткасцю ветру дарогай лясною.
Каля сцен горада стрэлі прыгоду:
Людзі прыйшлі прывітацца з панамі.
Ціха мінуўшы натоўпы народу,
Ехалі моўчкі да замкавай брамы,
Не сустракаючы больш перашкоды.
Тут вартавым загадаў рыцар строга,
Каб не пускалі за імі нікога.