Адам Міцкевіч
Гражына
Літоўская аповесць
Штораз цямней, праймае золкі вецер,
Туман ля споду, а ўгары высока
Між чорных хмараў у сівым прасвеце
Няпоўны месяц сонна жмурыў вока.
І свет здаваўся велічэзным гмахам,
А неба ў ім жывым скляпеннем-дахам,
А месяц тым акном, адкуль дзень свеціць.
3 гары высокай замак Навагрудка,
Ад месяца прыняўшы пазалоту,
Праз насыпы і рова развароты
Адкідваў ценю слуп, руды і гнуткі,
Глыбока ўніз, туды, адкуль з цясніны
Вада ўздыхала з-пад глыбокай ціны.
Агні ўжо згаслі ў горадзе і замку,
І толькі зрэдку адгукнецца варта
То з вежы, то з другога дзесь напрамку.
Ды вось збліжацца стала штосьці шпарка
Якіясь людзі на шляху маячаць,
За кожным цень чарнее сукаваты.
Імчацца хутка — коннікі, няйначай,
А свецяць іхнія, напэўна, латы.
Заржалі коні, грукнула падкова:
Тры рыцары праехалі ўздоўж рова,
Спынілі бег, і першы з іх ударыў
3 латуннай трубкі голасам аб хмары,
А потым загрымеў другі раз, трэці.
І з вежы рог адказваў цвёрдым гукам.
Завала бразнула, вось факел свеціць,
І мост пад’ёмны заскрыпеў, загрукаў.
На тупат конскі надбягае варта
Пабачыць рыцараў чужых і зброю.
На першым панцыр быў з выдатным гартам
Якія немцы надзяваюць к бою,
І чорны крыж на белай меў накідцы,
І крыж нагрудны ў залатой пятліцы;
Кап’ё тырчала, ззяла трубка ў змроку,
Мігцеў ружанец, меч блішчаў ля боку.
Пазналі госця ўсе па гэтых цацках,
Адразу зашаптала грамада ўся:
«Дык гэта ж цюцька з псярні злой крыжацкай! —
Пузач, крывёй бо прускай упіваўся.
Каб тут вачэй было не так багата,
Уміг скупаўся б у балоце плюха —
Пад мост я ўпхнуў бы чуб пыхліва ўзняты!»
А ён, нібы не чуе, верне вуха,
Ды зразумеў усё, бо дзіву даўся —
Ў людской гаворцы, мабыць, разбіраўся.
«Ці князь у замку?» — «Ёсць, але такою
Парой яго трывожыць немагчыма,
Бо нельга парушаць яго спакою,
Вось заўтра…» — «Заўтра? Не! Ніякім чынам!
Хоць позні час, але ідзіце скора
І пра пасольства князю далажыце.
Прымаю на сябе гнеў Літавора.
Пярсцёнак гэты толькі пакажыце,
І досыць, бо, як знак ён гэты ўбачыць,
Пазнае, хто я, што прыезд мой значыць».
Навокал ціша. Замак спіць спакойна.
Якое ж дзіва! Поўнач, час асенні.
Чаму ж у Літаворавых пакоях,
Як зорка, лямпа разганяе цені?
Вярнуўся сёння — недзе быў далёка,
Спачынак трэба зморанаму воку.
А ён не спіць. Паслалі вартавога:
Не спіць. Але не знойдзецца ў палацы
3 паноў і дворні ўсёй такога,
Хто б смеў к яго парогу набліжацца.
Дарма пасол і лаецца і просіць —
Ды просьбы і пагрозы тут без сілы.
Нарэшце Рымвіда будзіць рашылі.
Ён волю пана носіць і заносіць,
Ен першы ў радзе, ён найлепшы рыцар,
Яго князь называў другім сабою.
У полі, ў замку кожнаю парою
Ен права меў да князя даступіцца.
Пакой у змроку. Са стала іскрынкай
Бляск цьмяны каганца рассейваў цені,
А князь хадзіў наўкол бесперапынку,
Пасля на месцы стаў у задуменні.
Пра немцаў Рымвідавых слоў нямнога
Паслухаў, ды не адказаў нічога.
Бялее, чырванее і ўздыхае —
Відаць, грызе яго туга ліхая.
Ідзе да лямпы, каб яе паправіць,
I, быццам кнот сціраючы, нагладка
Агеньчык прыдушыў, замест убавіць,
Не ведаю, сумысля ці выпадкам.
Відаць, не мог пазбыць з душы цяжару
І весялейшым трохі паказацца,
А не хацеў, каб з постаці і з твару
Слуга пра справы пана мог дазнацца.
Зноў абыходзіць стаў пакой наўкола,
Але, калі мінаў акна квадраты,
Відаць у бляску месячнага кола,
Якое ў шыбы лезла цераз краты,
Чало, наморшчанае невясёла,
Зацяты рот, і вока бляск суровы,
І сумны твар, і ссунутыя бровы.
Пасля падаўся ў кут і сеў паспешна,
Старому загадаў прыстукнуць дзверы
I, маскіруючы свае намеры,
Загаварыў панура і з насмешкай:
«Ты ж з Вільні вестку сам прывёз, Рымвідзе,
Што Вітаўт, пан наш моцны і ласкавы,
Рашыў мне княскі трон аддаць у Лідзе:
Мае па жонцы землі і дзяржавы,
Нібы свае ці з ратнага набору,
Свайму слузе рашыў даць — Літавору».
«I гэта праўда, князь…» — «Таму, з увагі
На дар, яго браць будзем урачыста:
Ты дай загад сцягі ўзяць для павагі,
Хай факелы палаюць прамяніста.
Дзе трубачы? Няхай, хоць час паўночны,
Ідуць у горад, стануць там на рынку,
І трубяць хай усім вятрам у вочы,
І трубяць хай датуль бесперапынку,
Пакуль усіх вайскоўцаў не разбудзяць.
Хай кожны зразу возьмецца за зброю —
Рыхтуе пікі і мячы да бою.
Каб мелі харч як коні, так і людзі.
Жанчыны хай парупяцца, каб есці
Хапіла кожнаму на дзень, да змроку.
Чый конь на пашы, зараз жа прывесці
І захапіць на цэлы дзень аброку.
А як з-за Шчорсаў выплыве світанне
І блісне над магілаю Мяндога,
На Лідскай вуліцы хай войска стане,
Статут вайсковы захаваўшы строга!»
~ 1 ~