Выбрать главу
Вяртаюцца дружыннікі ў сталіцу, Аднак, хоць мужна адстаялі волю, Ніхто не цешыцца, не весяліцца, Усім ад жальбы цісне сэрца з болю. Трывожна ўсе пытаюцца пра пана: Што з ім? Дзе ён? Ці лёгкая хоць рана?
Што ў замку дзеецца, ніхто не знае, Бо ўзняты мост, зачынены вароты, Ды з моста вось сышло, кусты мінае Народу шмат на нейкія работы. І вось гурт секчы дрэвы пачынае, Пасля ствалы, галлё, снапы чароту У горад носіць, возіць на падводзе — Дык страх і жаль расце ва ўсім народзе.
Там, дзе меў хорам бог пярунаўладны І бог, які вятрамі злосна свішча, Дзе коні ды валы, авечак стады Штодзень кроў пралівалі ў папялішча, Касцёр кладуць пад самыя аблокі, На дваццаць сажняў доўгі і шырокі.
У цэнтры дуб стаяў, а між бярвення Крыжацкі комтур на кані магутным Сядзеў цяпер у поўным узбраенні, Да той дубіны ланцугом прыкуты. Той самы гэта пасланец нязгоды, Забойца князеў, Дзітарых з Кніпроды.
Бягуць мяшчане, рыцары, жанчыны, Але маўчаць усе, ніхто не смее Назваць уголас зборышча прычыны. Абняты страхам, жалем і надзеяй, Глядзіць народ збянтэжаны на замак І настаўляе слых на той напрамак.
Аж вось труба зайграла гулка з вежы, Спадае мост, і брама заскрыпела, І шэсце ў чорных рушыла адзежах, Усклаўшы на шчыты героя цела. Пры ім меч, піка і калчан стрэл свежых — Усё на чырвані плашча зіхцела. Аблічча князя не відаць, забрала Цяжкога шолама яго схавала.
Дык вось наш князь! Пан горада і краю! Рукі нястомнай муж, герой вядомы! Ці немцаў біць, ці гнаць арду нагаяў, Ці клапаціцца пра усіх без стомы! Чаму князь звычай даўні парушае, Вандруючы ў нябесныя харомы? Бо старажытнасць наша тут, бывала, Не так князёў, дзядоў сваіх хавала. Чаму з табою не ідзе да неба Слуга, які таптаў з табой дарогі? Чаму не йдзе з пустым сядлом, як трэба, Твой сябар верны — конь аленяногі; Дзе ганчакі, дзе сокал дальнявокі? Дзе зграя, слаўная за нюх далёкі!
Шумеў натоўп. Байцы ўзнімаюць цела На верх кастра, мёд, малако ўзліваюць. Труба зайграла, флейта засвірчэла, І вайдалоты сумны гімн спяваюць. Бярэ адзін паходню, нож ахвярны… «Пастойце!» Сталі. Муж над’ехаў хмарны.
«Хто ён? — пытаюць. Хто той храбры рыцар?» Пазнала войска: ён на полі ўчора, Калі Літва ўжо не магла адбіцца І немцы акружылі Літавора, Надбег, адвагу ўзняў, прагнаў трывогі, Сек крыжакоў, збіў комтура пад ногі.
Вось што пра чорнага героя зналі. А сёння — конь той самы, плашч і зброя. Ды хто ён? І з якой з’явіўся далі? Здымае шолам… Гляньце на героя! Дык гэта ж князь! Зірніце на аблічча! Спярша заціхла грамада нямая, Ды радасць з сэрца люду голас кліча, І грамада крычыць, што сілы мае: «Жыве наш князь! Жыць будзе з Літаворам!» І гэты бурны крык ляціць аж к зорам.
Стаяў ён сумны, бледны, адзінокі, А гул грымеў, разносячыся рэхам. Узняў чало і паглядзеў навокал, За крыкі лёгкім дзякаваў усмехам. Ды ўсмешка не была з душы пачата, Не з тых, што асвятляюць твар і вочы, А нейкаю здавалася крылатай, Што, ледзь з’явіўшыся, сарвацца хоча, Што твар ледзь так сагрэе і асвеціць, Як рукі мёртвага вяночак з вецця.
«Падпальвайце касцёр!» Паплыў дым сіні, А князь пытае: «Знаеце, чые тут Гараць астанкі? — Ціша ў той хвіліне. — Пад зброяй мужа бачыце кабету, Жанчыну целам, духам гераіню! Адпомсціў я — яна ж пайшла са свету!» Сказаўшы, ўзбег на лоўж, прыпаў да мілай, І хмара дыму ўраз іх засланіла.

Эпілог выдаўца

Калі ты ўсё, чытач, прагледзеўшы цярпліва,