Так кажа князь. Як быццам бы размова
Была звычайная перад паходам,
Але чаму загад раптоўны, з ходу?
Чаму князь гэткі змрочны і суровы?
Чаму ў гаворцы ён за словам слова
Так сыпаў, быццам іх за раз раскіне?
Ды, мабыць, іх не сказана й паловы,
А рэшта, стоеная, ў сэрцы стыне.
Благое штось задумаў ён, дый годзе!
І голас з думкаю ў яго не ў згодзе.
І князь замоўк. Здавалася, чакае,
Што Рымвід пойдзе выканаць загады,
Ды той маўчыць, мо спосабу шукае,
Як думкам раптам зблытаным даць рады?
Хоць ён яшчэ не ўсё і разумее,
Ды праўду горкую адчуць умее.
А што ён робіць? Князя добра знае
І ведае, што ён не мае вуха
Да нечых слоў, парады адхіляе,
Намеры носіць у глыбінях духа,
А як рашыў што, дык на перашкоды
Ніякай не звяртае больш увагі.
Ды Рымвід, верны князю назаўсёды,
Разумны ў радзе, слаўны сын адвагі,
Лічыў за ганьбу ў справу не ўмяшацца,
Дабра з якое век не дачакацца.
Маўчаць ці радзіць? — мучыла пытанне,
Але не доўгае было ваганне.
«Мой пане, да гульні ў нас і да бою
Заўсёды коні знойдуцца і людзі.
Адно скажы — і пойдзем за табою,
Ніхто пытаць, задумвацца не будзе!
І Рымвід твой не застанецца ззаду.
Ды меркаю аднолькавай не мерай
Людзей з натоўпу, з масы цёмнай, шэрай
І тых, што могуць даць табе параду.
І бацька твой, хоць і любіў самотна
Выношваць план, намер якісьці новы,
Ды перш чым меч падняць, склікаў ахвотна
На раду ў замак мудрыя галовы,
Дзе й я не раз выказваў проста, смела
Усё, што знаў, што ў сэрцы набалела.
Дык сёння мне прабач за шчыры голас,
Скажу, што думка вуснам падказала.
Я доўга жыў, і мой ссівелы волас
І спраў, і часу перажыў нямала,
Таму і бачу (толькі б не са шкодай!),
Што новай жыць збіраешся ўжо модай.
Калі ты ў Ліду вырушыш з паходам,
Каб там замацаваць сваю уладу,
Дык твой паход, падобны да нападу,
Разлад пасее між тваім народам:
Здабычы гэта частка пажадае,
А ў кайданах апыніцца другая.
Пасее вестка новых чутак зерне,
А вушы схопяць, праўду перайначаць,
А вочы ўжо згарчэлы плод убачаць,
Які знявечыць згоду, праўду зверне,
Бо скажуць між сваіх і за мяжою,
Што ты захопнік, прагны на чужое.
Інакш рабілі, добра памятаю,
Князі літоўскія ў былыя годы,
Сталіцу пераносячы. Святая
Іх памяць застанецца назаўсёды.
Калі ты хочаш жыць старым парадкам,
Дык мне даверся, і ўсё пойдзе гладка.
Спачатку мы ўсім рыцарам абвесцім:
Няхай і тыя, што паблізу тутка,
І тыя, што жывуць у сёлах дзесьці,
Збіраюцца ў сталіцу нашу хутка.
Радні, панам загад дамо прывесці
Дружыны для бяспекі і аздобы
Тваёй шаноўнай княжацкай асобы.
Пакуль яны збяруцца, я тым часам
Магу наперад ехаць заўтра рана,
Забраўшы слуг з сабой і капелана,
3 усім патрэбным на банкет запасам,
Каб загадзя ўжо быць сярод народу,
Сачыць, каб мяса ўсім хапіла й мёду.
Бо не адны рамеснікі, сяляне,
Але і панства ласа на прысмакі.
А як твая ўсім шчодрасць бачнай стане,
Тут ты якраз даслужышся падзякі.
Заўсёды так было ў Літве і Жмудзі.
Не верыш, дык спытай, хай скажуць людзі!»
Закончыў, стаў к акну, прамовіў з ходу:
«Падняўся вецер вунь, на непагоду.
Якісьці конь стаіць там каля вежы,
І рыцар на сядло успёрся збоку,
Два — коней водзяць там непадалёку.
Паслы нямецкія — відаць з адзежы.
Паклікаць іх? Ці, можа, воля пана
Цераз слугу ім будзе пераслана?»