Сказаўшы гэта, фортку зачыняе,
Нібы знячэўку побач аказаўся,
Аднак паслоў тых словам закранае,
Каб князь пра іх таксама адазваўся.
Тут Літавор такім прамовіў словам:
«Калі звяртаюся я ў чым па раду,
Сваёй не верачы, к чужым галовам,
Цаню я больш за ўсе тваю параду,
Бо ты даверу варты, чалавеча:
Юнак у бітве, ў радзе ты — старэча.
Хоць адкрываць я не люблю бясконца
Таемных спраў сваіх чужому воку —
Намер, які народжаны у змроку,
Да часу нельга выстаўляць на сонца —
Падрыхтаванае няхай павісне
I, як пярун, ударыць перш, чым блісне.
Я коратка пытанні ўсе збываю:
„Калі?“ — „Ужо“. — „Куды?“ —
„На Русь. Да Жмудзі“
„Не можа быць!“ — „Павінна быць, і будзе!“…
Табе ж душу цяпер я расхінаю.
Таму загады я такія выдаў,
Таму іду раптоўна і пры зброі,
Што Вітаўт нездарма стаіць пад Лідай —
Намер нядобры, ведаю, ён тоіць:
Задумаў ён мяне ў свой стан занадзіць,
Каб там забіць. Збіраўся, словам, здрадзіць.
Ды ў нас з магістрам ордэна тэўтонаў
Заключан дагавор: ён мне за збожжа
Сваёю збройнай сілаю паможа
Забраць, што нам належыць па законе.
Калі паслы магістравы за ровам,
Дык гэта знак, што ён трымае слова.
І перш чым згаснуць зоры Задыяка,
Мы вырушым, а недалёка ў полі
Прымкнуць да нас тры тысячы ваякаў
На конях і пяхоты значна болей.
3 яго дазволу, пры самім магістры,
Я выбраў крыжакоў прыдатных к бою —
Вялікіх, дужых і на конях быстрых,
У панцыры закутых з галавою.
У сечы кожны з іх мастак вялікі
І лепш за нашых ужываюць пікі.
А ў кнехтаў ёсць жалезныя гадзюкі,
Якіх накормяць волавам і сажай,
На ворага ўзвядуць, узяўшы ў рукі,
І дражняць іскрай. Гад агонь развяжа
І б’е ці раніць з перуновым гукам
Таго, каго стралок яму пакажа.
Так, трапіўшы ў агонь такі шалёны,
Наш прадзед Гедымін паў ля Велоны.
Гатова ўсё. Пара даўно настала,
Цяпер жа Вітаўт, пэўны ў сваёй сіле,
Трымае ў Лідзе абаронцаў мала,
Дык нам ускочыць толькі і — накрылі!»
І Рымвід пад ударам гэтай весці
Стаяў знямелы ад здзіўлення, ў жалі,
А думкі спрэчным гуртам наляталі,
Дык зноў стараўся іх да ладу звесці.
Ды справа пільная — далоў чаканне!
3 вялікай крыўдаю прамовіў: «Пане!
Я не магу сваім вушам даць веры!
На брата брату трэба ўзняць далоні?
Вось ён на немцах вышчарбіў сякеры
І вострыць іх супроць сваіх сягоння!
Нязгода — зло, ды скончыцца бядою
Яднанне гэта. Мы ж — агонь з вадою!
Бывае часам, што сусед суседа,
3 якім ці мала год прабыў у злосці,
Абдыме, змякчыць сэрца напаследак,
І сябрам назаве, і клікне ў госці.
Шмат горш, аднак, чым гнеўныя суседзі,
Жывуць з сабою ліцвіны і ляхі,
Ды і яны ў супольнай п’юць бяседзе,
Адны спачынак іх вартуюць дахі,
Мячы іх лучацца ў супольных войнах.
Але шмат горш, чым ліцвіны й палякі,
Спрадвеку ў нас не могуць жыць спакойна
І ўсцяж ваююць людзі і вужакі.
Аднак калі ліцвін к сабе ў парогі,
Як госця добрага, прымае вужа
І для хвалы багоў, пакінуўшы трывогі,
Яго ён корміць, даж дае для сцюжаў,
Тады паўзе яму гад свойскі ў рукі,
3 ім разам п’е і есць з той самай міскі,
І мірна цела доўгае гадзюкі
Дзіця спаўе, улезшы ў глыб калыскі.
А вось змяі крыжацкай не аблашчыш,
Ні просьбай, хабарам, хоць лезь са скуры.
Ці ж мала ўперлі прусы і мазуры
Зямлі, дабра, людзей у тую пашчу?
Пажэрла столькі ўжо, а не зарвала —
На рэшту квапіцца, і ўсё ёй мала!
Калі мы не з’яднаемся, загінем.
Дарма штогод наладжваем паходы,
Іх вёскі палім, крышым іх цвярдыні,
Пракляты ордэн верх бярэ заўсёды!
Ён — змей, якому галаву ссякаюць,
Замест якой дзесяткі адрастаюць.
Усе адсеч! Дарма той траціць сілы,
Хто хоча прымірыць нас з крыжаносцам!
Зайдзі ў палац, зірні ў будан пахілы,
Не знойдзеш больш ні ў горадзе, ні ў вёсцы
Таго, хто б іх хлусні яшчэ даў веры,
Каб іх не абмінаў, як той халеры,
Каб не сказаў, што лепш загінуць сёння,
Чым іхняй дапамогі дачакацца.
Жалеза лепш гарачае ў далоні
Сціскаць, чым з немцам за руку вітацца!