Выбрать главу
Што Вітаўт страшыць? Ці ж без чужаніцы Не зможам разгарнуцца мы ўжо ў полі? Ці ж справа ўжо дайшла да той граніцы, Што не рашыць яе па добрай волі? Ці ж самі мы не ўрадзім анічога, Збярогшы зброю нашу на чужога? Чаму ты ўпэўнены, што тыя словы Пра Вітаўтавы здрады і намеры Не выдумка, не закід нейкі новы? Пашлі мяне да князя, я праверу, Адновім дагавор…» — «Пакінь, Рымвідзе, Мы знаем Вітаўтавы дагаворы. Такі дзьмуў вецер на яго йшчэ ўчора, А сёння іншае на думку прыйдзе. Я ўчора верыў, што ён праўду кажа, Што можна Ліду браць мне на ўладанне, А сёння ён другое штось наважыў. Прыкмеціўшы, што войска ў нашым стане Паменшала, бо частку я адклікаў, Стаіць пад Вільняй з сілаю вялікай І весткі распускае, што лідзяне Мяне прыняць за пана не схацелі. Ен хоча Ліду ўзяць сабе! Круцель ён! А мне ўжо быццам іншы край дастане! Русь, пэўна, голую! Варагаў багны! Бо, па-ягонаму, там наша месца. Ен гоніць нас, братоў, але аб’есца, Сціскаючы Літву ў кулак свой прагны! Глядзі, што робіць! Як стаў падбірацца: Ен б’е ў адно, хоць цераз дзве дарогі. Адзін хацеў бы над усімі ўзняцца І ўсю раўню зваліць сабе пад ногі.
Ці ж мала, што краіны нашай людзі На конях дзень і ноч з ягонай ласкі? Скаваныя жалезам нашы грудзі, І да галоў папрырасталі каскі. На бітву з бітвы, у паход з паходу, Мы ўжо ўвесь свет аб’ехалі ’наўкола: На крыжакоў або на Татры-горы Ішлі трафеі браць у польскіх сёлах, Адтуль ізноў па стэпавым прасторы Ганялі мы вандроўнага Магола. А што багацця з замкаў наламалі, Чаго не знішчыў меч з дабра чужога, Ці голад не даеў, з агню дасталі —
Зганялі, неслі ўсё к яго парогам. Ён з нашай працы сілай абрастае. Ад фінскіх водаў да Хазараў мора — Яго зямля з народам і пустая! А як жыве! Які ягоны горад!
Нямала ў немцаў замкаў, безумоўна, Каб бедны прускі люд аблытваць страхам, Ды не зраўняцца з Вітаўтавым гмахам, Ні з віленскім, ні трокскім на азёрах! Прыгожая даліна ёсць пад Коўнам, А як па ёй русалкі ўвесну, ўлетку Траву рассцелюць ды рассыплюць кветкі, Не знойдзеш прыгажэйшай на ўсім свеце. Павер мне! У Кейстутавага сына Свяжэйшая трава і кветкі ў клеці! Падлога гэткай выткана тканінай, На сценах гэткія вісяць фестоны Усё з золата і кветак палымяных… Не лепшы, можа, твор багінь натхнёных, Чым творы працы ляшскіх паланянак. Шкляныя шыбы ў вокнах, дзёрзка ўзнятых, Прывезеныя з далечаў бясконцых, Блішчыць, як бляха панцыраў багатых Або як Нёман пад вачыма сонца, Калі прагляне з-пад снягоў пухнатых. А я што маю за турботы й раны? За тое, што з дзіцячых год, з малога, 3 пялёнак быў у панцыр закаваны, Я — князь, нібы татарын, жыў убога? У сядле ўвесь дзень, не спаў як след ніколі, Ці раз прастойваў ноч усю ў засадзе, А ўранні зноў бег па крывавым полі. Равеснікі ж мае якраз у садзе Яшчэ скакалі на кіях, калолі Адзін другога пікамі з лучыны Пад вокам маці ці сястры-дзяўчыны, Якіх ваеннай цешылі забавай. А я татарына ўжо гнаў з айчыны Ці супраць ляха выступаў са славай.
А вотчына мая з часоў Эрдвіла Каб хоць на пядзю пашырэла. Зірні вунь: вал дубовы пакрывіла, А цэгла ў сценах дома пачарнела. Прайдзі пакоі — ўсё, як за вякамі! Дзе шкло ў мяне? Трафеі дзе з металаў? Заместа золата — вільготны камень, Замест кілімаў — мох расце з парталаў! Што вынесці жадаў я з кожнае выправы? Багацце? Не. Нічога, апроч славы!
А славаю вышэй за ўсе галовы Узняўся Вітаўт і заняў высоты! Яго імя, нібы імя Міндовы, Сягоння славяць нашы вайдалоты. У гуках песні ці на струнах звонкіх Вякамі Вітаўт будзе жыць, не змеркне! А вось пра нас ці будзе хоць гамонкі? Хто з забыцця імёны нашы верне?
Мы не зайздросцім. Ворагу для згубы Няхай расце сабе ў багацце, ў славу, Але хай прагныя не точыць зубы На тое, што належыць нам па праву. Ці ж так даўно, у часе міру, згоды Ад гвалту здрыганулася сталіца? Ці ж так даўно ён скарыстаў з нагоды, Каб з вотчын сына Ольгерда пазбыцца І завалодаць імі? Уладу любіць! Яго ганец, нібы пасол Крывейты, Князёў скідае, узвышае, губіць!.. Пара ўжо кончыць з гэтым, зразумей ты! Больш на сабе мы ездзіць не дазволім! Пакуль дыханне мне уздымае грудзі, Пакуль рукі жалеза слухаць будзе І конь крылаты будзе несці полем — Той конь, якога з крымскага паходу Я ўзяў сабе і даў табе другога, А дзесяць іншых роўнага ім ходу Раздам, хай толькі прагучыць трывога, — Пакуль мой конь… пакуль магу яго я…» Тут гнеў здушыў яму і дух, і словы. Замоўк, ды раптам зазвінела зброя, Ускочыў, задрыжаў, на ўсё гатовы. Які ж прамень заззяў над ім высока? Як зорка, адарваная ў блакіце, Ляціць і жар страсае з доўгай ніці, Так меч пад столь шугнуў і ў момант вока Падлогу секануў, аж ад удару Азваўся камень іскрамі пажару.