І зноў глухое надышло маўчанне,
Ды князь сказаў: «Дарэмныя размовы,
Вось ноч ужо даходзіць да паловы,
Другое пеўняў блізіцца пяянне…
Загад вядомы: будзьце ўсе гатовы,
Я лягу, адпачыну трохі духам,
Бо цела так адольвае знямога.
Тры дні не спаў! Хоць звонку цёмна, глуха
Ды маладзік святлом пальецца з рога,
На досвітку ж чакае нас дарога.
Нашчадкам Кейстутавым горка выйдзе —
Пакінем попел ім, руіны ў Лідзе»
Сказаўшы гэта, сеў, рукамі пляснуў —
Так клікаў слуг, каб распраналі,
А потым лёг, знак даўшы адначасна,
Каб Рымвід не затрымліваўся ў залі.
А той, убачыўшы, што ўжо нічога
Яго прысутнасць больш не дапаможа,
Падаўся тут жа моўчкі да парога —
Дружыну рыхтаваць у падарожжа.
Перш даў загад трубіць на збор ваенны,
А потым скіраваўся зноў у замак.
Чаго? Прасіць загадаў тых адмены?
Ды не. Цяпер узяў другі напрамак,
Ідзе туды, дзе замка выступ цёмны
Крылом заходзіў аж за мост пад’ёмны,
Дзе быў княгініных пакояў ганак.
А жонкай князевай была ў час гэты
Гражына, з княства Лідскага князёўна,
Яе назвалі так, бо, безумоўна,
У ёй былі ўсе прыгажунь прыкметы.
Хоць выйшла ўжо з пары жыцця дзявочай
І ля паўдня жаночых год стаяла,
Краса княгіні кідалася ў вочы —
Яе аблічча дзве красы злучала.
Павагай здзівіць, свежасцю прывабіць,
І бачыш быццам і вясну і лета:
Румянец кветкі ўсё той самы, мабыць,
Хоць спее плод, на сонейку сагрэты.
Не толькі твар такі знайсці не проста —
Яна адна ў сталіцы і ў палацы
Раўняцца можа з Літаворам ростам
І станам стройным з ім раўняцца.
І пара княжая, калі часамі
Яе абступіць чэлядзь грамадою,
Нібы таполі горда над лясамі,
Ўзнімаецца высокай галавою.
Падобная ва ўсім аж да драбніцы,
Яна і сэрцам мужа паўтарала,
Любімыя заняткі маладзіцы
Не раз адкладвала і зброю брала.
Не раз на жмудскім скакуне гарачым
Ў рысінай шапцы, у мядзведжай свіце
Паміж стралкамі, як, сапраўдны віцязь,
Бывала, полем ці дарогай скача.
На ўцеху мужу часта ў той адзежы
Сустрэчных абазнацца прымушала,
Не раз ад варты ці з высокай вежы
Пашану княскую яна прымала.
Вось так з’яднаная любоўю, згодай,
Яна развеяць князеў смутак мо’жа
І дзеліць з ім не толькі сэрца, ложак,
Але і справы ўлады над народам.
Вайна і суд, паход ці змова
Залежыць часта ад княгіні слова,
Хоць гэта іншым цалкам невядома.
Княгіня не раўня была кабетам,
Якія ўладаю сваёй над домам
Не могуць не хваліцца перад светам.
Яна перад чужым таіла вокам,
Якую сілу ў сэрцы мужа мела,
І мала з тых, што там жылі, пад бокам,
Пра гэта знала, праўду разумела.
А вось стары разумны Рымвід ведаў,
Дзе ёсць яшчэ адзіная апора,
І ён княгіні стаў выкладваць скора,
Што думаў і што з княжай знаў бяседы:
Тут выйдзе даўніх звычаяў абраза
І ганьба ўсім ад князевых наказаў.
Гражына вестку прыняла з трывогай,
Але яшчэ валодае сабою,
Нібы не верыць доказам старога,
Не паказаўшы тварам неспакою.
«Не ведаю, — сказала, — я, ці многа
Жанчына зробіць князевай рукою.
Вядома мне, што ён і без парады
Умее бачыць і даваць загады.
Калі, аднак жа, ўспыхне гневу бура
І сэрца князева трывожыць будзе,
Калі, як робяць маладыя людзі,
Ен пойдзе следам за сваёй натурай,
Пакіньма. Час і ціхая заўвага
Раз’ясняць думкі і запал астудзяць,
Сатрэ няпамяць, сказанае блага.
Дык хай за ім пабудзе перавага».