«Прабач, княгіня! Тут не тыя словы,
Што па гарачай выскачаць хвіліне,
3 якіх пасля не помніцца й паловы.
Тут не такі намер, што ў блытаніне
Жаданняў, дум з’явіцца ўміг гатовы
I, нібы дым, закружыцца і згіне.
Бо іскры — знак, што дух палае жыва,
А дым — прадвеснік жудаснага ўзрыву!
Не сёння я ля княжае асобы —
Дванаццаць год прабыў яго слугою,
Але не памятаю нават спробы
Так доўга, шчыра гутарыць са мною.
Загад пайшоў, хоць нам не даспадобы,
Каб зрання, перад зоркаю другою,
Сабрацца к Перасекавай магіле
Усёй дазвання нашай збройнай сіле».
«Што чую! Заўтра? Заўтра ўжо ён едзе?
Я не хачу, каб чуткі ўсцяж краіны
Пайшлі, што кроў была праліта недзе
І хтось загінуў за пасаг Гражыны.
Пайду я і на першай жа бяседзе…
Цяпер пайду, хоць познія гадзіны,
І перш чым ночы адплывуць туманы,
Я веру, дасць адказ ён пажаданы».
І разыходзяцца пасля размовы,
Трывогу ў сэрцы несучы абое:
Княгіня хутка са сваёй паловы
Пайшла цішком у князевы пакоі,
А Рымвід цераз двор паўз прыбудовы —
Пад дзверы князевы. І ў неспакоі,
Увайсці не смеўшы, на парог сядае,
Да шчыліны ўсім тварам прыпадае.
Чакаў нядоўга. Засаўка скрыгоча —
І постаць нейкая мільгнула ў белі.
«Хто там?» — сарваўся князь з пасцелі.
«Тут я», — быў голас у адказ жаночы.
І словы гутаркі зашапацелі.
Хоць Рымвід ведаў змест, ды рэха ночы
Глушыла галасы, якія ў зале
Аб сцены біліся і прападалі.
Гаворка то мацнела ўсхвалявана,
То заціхала, слова зловіш рэдка.
Чуваць больш голас панін, рэдка — панаў,
Ен больш маўчаў, нібы ўсміхаўся едка.
Яна мо ўкленчыла там нечакана,
Бо скочыў з ложка князь ад просьбы гэткай,
Тлумачыў нешта хутка і нервова,
І стала ціха. Постаць тая ў белі
Пайшла к дзвярам, і кляпнулася клямка.
Упрасіла? Ці спрачацца не схацелі?
Вярнулася ў сваю палову замка
Княгіня. Князь падаўся да пасцелі,
Адразу лёг. Магчыма, гэта ціша
Ізноў яго ў сон моцны закалыша.
А Рымвід, пастаяўшы час каторы,
Пайшоў і бачыць: з левага балкона
Слуга з паслом вядзе перагаворы.
Наставіў вушы, ды не чуў і тону,
Бо вецер сееў гукі па прасторы.
На браму паказаў слуга тэўтону,
І Рымвід зразумеў размову скора.
Ускіпеў крыжак за гэткую абразу —
І на каня ў сядло ўзляцеў адразу.
«Клянуся крыжам, — верашчаў у злосці, —
Каб не паслом я быў у вас сягоння,
Мне за абразу паплаціўся б хтосыц!
Адпомсціў бы я гэтаю далонню!
Сярод манархаў жыў я з маладосці,
Але і ў тых, што ходзяць у кароне,
Не меў таго, што ў гэтага паўпанка:
Пад чыстым небам дачакацца ранка
І прэч ісці пры ўсім прыдворным збродзе!
Асцерагаю: нас не ашукае
Паганскі выкрут і дарма не пройдзе!
Глядзі, ён нас на Вітаўта склікае,
Каб тут на нас напасці з ім у згодзе!
Убачым жа, ці Вітаўт вас прыкрые
Ад тых мячоў, што ў вас вісяць над шыяй!
Скажы ж ты князю, а не дасць ён веры,
Спытае хай, я паўтарыць гатовы
Яму разоў хоць дзесяць тыя словы,
Бо слова рыцара ў той самай меры
Непарушальнае, як слова веры,
Магу мячом пацвердзіць гэта з ходу:
Вы тую яму, што для нас капалі,
І на сваю падрыхтавалі шкоду,
Глядзіце, сёння ж каб туды не ўпалі!
Вам кажа Дытрых Гальштарк фон Кніпродэ,
Тэўтонскі комтур. Кнехты, паскакалі!»
Крыху счакаў тэўтон ды па хвіліне,
Нічога не пачуўшы, ў цемры тоне.
Ледзь часам зброя блісне на даліне,
Часамі звякне сталь на каляіне,
Часамі данясецца ржанне коней.
Атрад змяншаецца і цалкам гіне
За ўзгоркам на залесеным адхоне.
«Шчасліва едзьце! Дай Бог каб ніколі
Вы больш не ездзілі тут нашай сцежкай! —
Прамовіў Рымвід ім услед з усмешкай. —
Хвала княгіні! Праз яе ж найболей
Такая змена! Ну цяпер мне хто тут
Пахваліцца, што сэрцы іншых знае?
Той гнеўны голас — доказ цвёрдай волі,
Пра слова вернага слугі не дбае!
Пазычыў бы, здаецца, ў птушак лёту,
Каб рынуцца на Вітаўта ўсёй сілай,
Слаўцо ж мядовае, усмешка мілай
Уміг адбілі да вайны ахвоту.
Ну што ж, забыўся я, сівабароды,
Пра іх гады і пра закон прыроды!»