Выбрать главу
Вось так гаворачы, ўзнімае вочы — Мо промень лямпы дзе на краты ляжа, Але дарма — навокал цемра ночы. Тады назад на ганак зноў пакрочыў, Бо, можа, князь пазваць яго накажа. Дарма чакаў, пытаўся ў варты княжай. Ідзе пад дзверы: цішыня ў пакоі, Відаць, князь моцна спіць. Тут штось не тое…
Тут дзіва нейкае! Не ясна штосьці, Якою сёння ўсё ідзе дарогай: Вось толькі што выкрыкваў князь ад злосці, Збірацца на вайну загадваў строга, А спіць дагэтуль. Думаў ехаць рана, Вунь раць даўно стаіць ужо ў чаканні, А немцаў так адправілі пагана. Хто ж вынес той загад? Прыдворны панін! «Наколькі зразумеў я з іх размовы, Хоць слоў і не пачуў амаль ні разу, Ды просьбы, голас пана так суровы?.. Няўжо яна без князевага ўказу На крок такі рашылася бядовы, Так верачы у моц сваёй пяшчоты? Каб не прыйшлося ёй трымаць адказу За гэткія ўсёй справы павароты! Хоць смеласцю яна даўно здзіўляла, Ды сёння меру яўна перабрала!»
І тут пасланец зблытаў разважанні: Падходзіў ціха і міргаў здалёку — Маўляў, хадзі хутчэй, бо кліча пані. На ганку ўжо сустрэлі пакаёўку, А ў сенях і княгіня сустракае — Старога ўводзіць, дзверы замыкае.
«Стары мой дружа, кепскія падзеі, Але ж у роспач кідацца не трэба; Калі ўжо сёння нас звялі надзеі,
Дык заўтра мо ласкавей будзе неба. Цяпер маўчаць нам трэба вельмі строга І з войскам, і паміж сабою. Пасла адправім, хай жджэ дня другога, Каб сёння князь паспешнасцю сваёю Не абяцаў яму таго чагосьці, Што будзе рад вярнуць, астыўшы з злосці. А ты не бойся! Як яно ні будзе, Намерам пана гэта не пашкодзіць. І войска гэтаксама ўміг прыбудзе, Калі ўсё ж князя час не ахалодзіць. Збірайся ехаць, ды яго намеры У мяне, прызнаюся, не будзяць веры.
Пераступіўшы ледзьве ў дом парогі І ледзь адклаўшы баявую зброю, Не адпачыўшы ані дня з дарогі, Няўжо сягоння зноў шукаў бы бою?»
«Што чую, пані?! Тут няма адкладу! На жаль, пустыя нашы разважанні! Ўжо запозна! Бачу я з загадаў, Што князь не будзе думаць аб чаканні, Але пабачым… Ды ўсё ж наколькі Карысныя былі ў вас з ім размовы?» Гражына даказаць хацела, толькі Тут перашкодзіў выпадак ім новы.
Пачуўся тупат конскі на дзядзінцы, Задыханы пасланец убягае, Прыносіць вестку ён, што там, пад гаем, Па Лідскім прабягаючы гасцінцы, Разведка наша языка дастала, Што конніца тэўтонаў выйшла з бору, За ёй — абоз, пяхоты йдзе нямала І што, здаецца, на світанні, скора Крыжацкія перадавыя часці На замак раптам думаюць напасці.
«Дык хай цяпер да князя Рымвід скочыць, Каб разбудзіць яго і хутка ўрадзіць, Ці абарону ў замку лепей ладзіць, Ці ў полі немцу глянуць смела ў вочы?» Разведчык раіць падысці употай, Бо ўжо яны не вельмі і далёка, На конных выскачыць і ўмомант вока, Перш чым гарматы прыпаўзуць з пяхотай, Разбіць райтараў. «I абавязкова, Як толькі конных вояў паразносім, Уміг фускнехтаў возьмем пад падковы І гадавае племя гладка скосім». Здзівіла моцна Рымвіда навіна, Ды больш яшчэ здзівілася Гражына.
«Скажы, а дзе паслы?» — пытае ў пажа, А той маўчыць, збянтэжаны пытаннем, Глядзіць княгіні ў вочы з хваляваннем. «Што чую, пані? — ён нарэшце кажа. — Ці ж вы забыліся, што з волі княжай, Як пеўні праспявалі час паўночы, Загад вы князеў мне перадавалі Сказаць паслам, каб марна не чакалі, Бо ён наогул іх прыняць не хоча!»
«Ах, так, — адказвае спакойна быццам, Ды ў гэты момант галаву схіляе І злёгку пачынае мітусіцца. — Так, праўду кажаш, я прыпамінаю… І як жа я магла аж так забыцца! Бягу — не! стойце, або… я ўжо знаю…» Стаіць, маўчыць. Прыжмуранае вока, Чало — уніз, відаць, што ў ім трывожна Намер якісыц цьмяны дзесь далёка То ўспыхне, то адступіць асцярожна, То твар акрые змрочнай павалокай. Намер, відаць, якісьці вельмі важны, Абдумала і робіць крок адважны.