Выбрать главу
«Ну так, іду будзіць яшчэ раз пана… Хай войска ўраз выходзіць на дарогу! Сядлайце хутка князю верхавога, Выносьце зброю, што нарыхтавана! Хутчэй, і не ўпусціць найменшай рэчы! Загадваю цяпер вам імем князя. Адказнасць на цябе кладу, старэча. Куды, чаго ідзём, ні ў якім разе Ніхто няхай не ведае да ранку. Ідзіце князя сустракаць на ганку!»
Пабегла, зачыніўшы з трэскам дзверы. Пабег і Рымвід, ды спыніўся хутка: Куды? Чаго? Гатовы ўжо жаўнеры, Загад дайшоў да кожнага закутка! Дык уздыхнуў і збавіў трохі кроку, Спыніўся, звесіў галаву на грудзі І думкамі яе няспынна нудзіў, Бо ў нейкім дзіўным непраглядным змроку Таўкуцца думкі гуртам, бездарожжам, Абняць іх розум стомлены не можа.
«Дарма чакаю. Блізка ўжо і ранак, А дзень загадкі, пэўна, ўсе развяжа. Пайду да князя, што цяпер ён скажа». І ўжо ўзыходзіць пачынаў на ганак, Як раптам дзверы скрыпнулі абое І Літавор з’явіўся на парозе У сваіх даспехах, вопратцы для бою, У поўнай баявой і грознай позе. Сталёвы шлем, чырвоны плашч на зброі І панцыр лёгкі, верны перамозе, У левай шчыт з залочанай аправай, А пояс ад мяча ў руцэ нёс правай.
Бядой ці гневам быў усхваляваны, Ступаў няроўным і няпэўным крокам, Ні рыцара ніводнага, ні пана
Ласкавым не хацеў пацешыць вокам. 3 дрыжаннем лук прыняў з калчанам І меч падперазаў над правым бокам. А хоць памылку гэту бачыў кожан, Ніхто адважыцца сказаць не можа. Сыходзіць з ганка, зброі пазалота Вітае ўжо крывавае світанне. Сядае на каня, а побач рота Гатовая крычаць яму вітанне; Ён знак падаў рукой: замкнуць вароты І ехаць ціха, моўчкі, без пытанняў. А чэлядзі загадвае з палаца За мост на двор сумежны перабрацца.
Не ўздоўж гасцінца рушыла ўся сіла, Але направа павярнула долам. Перш між кустоў, узгоркаў калясіла, Пасля на шлях ізноў выходзіць колам. Вядзе іх змрочны яр праз зараснікі глогу Штораз далей, на светлую дарогу.
Ад гарадской мяжы непадалёку, Адкуль мог вецер гром стральбы данесці, Вузенькая, прыкметная ледзь воку Па лесе рэчка працякала дзесьці, Ля шляху ж разлівалася шырока І ў возеры гублялася нарэшце. Чарнела пушча над азёрнай гладдзю, А спераду — гары высокай паўнаўладдзе.
Калі Літва дайшла да павароту, 3 гары тэўтонаў процьма наступала. Асвечваў месяц пікі, шлемы, роты… Вось бліснуў раптам выстрал самапала, За ім — стук капытоў, мячоў грымоты, І конніца тэўтонаў мурам стала. Вось так прыгожа, велічна, ўрачыста Панарскі бор уночы выглядае, Калі вятры асыплюць ліст дачыста, А ўся раса, што бісерам сядае, Замерзне ў серабрыстыя маністы. І дзівіцца хадок, прыйшоўшы з даляў, Што голле з серабра, а ліст з крышталю.
Малюнак гэты князя абурае, Дык скочыў, меч ускінуўшы сталёвы, А ўслед дружына кінулася краем. Старых здзівіў напад так бесталковы: Чаму забыта тактыка старая І не гучаць каманды словы? Дзе хоча князь галоўны ўдар нанесці? Каму, дзе, як свае атрады весці? Дык Рымвід князеву спаўняе ролю — Наводзіць лад ужо сярод дарогі. Сціскае ўзгор’е ўвогнутым паўколлем: У цэнтр — хто ў латах, лучнікі — як рогі. Заўсёды так Літва займае поле. Па знаку — лукі схілены на ногі, Вурчаць цяцівы, вые стрэлаў хмара. «Ісус! Марыя!» — «Гоп! Ура! Бі з жарам!»
І толькі дрэўкі пік скрышыўшы ў скоку, Бліжэй самкнуцца, грудзі б’юцца ў грудзі… Чаму ж не суджана нашчадкаў воку Убачыць, як змагаліся там людзі?! Адны другім не саступаюць кроку, Вакол крык, гром шчытоў; меч не марудзіць — Ляцяць пад ногі пікі і галовы… Хто ўпаў з каня, таго даб’юць падковы. А князь вакол сябе мячом махае, Адважна ўецца ў самым пекле бою. Чырвоны плашч ягоны вораг знае, І ўсе пазналі герб яго на зброі, Дык адступаюць немцы з сечы, А ён ляціць, сядае ім на плечы.