Мацi сказала:
- Ну, жывей! Вось той матрац кладзiце сюды.
Бацька з дзядзькам Джонам перакiнулi матрац цераз заднi борт.
- А цяпер гэты.
Яны скiнулi другi матрац на першы.
- Ну, Том, лезь. Хутчэй.
Том хуценька палез цераз борт i скокнуў на дно грузавiка. Ён расправiў нiжнi матрац, лёг, а верхнi накiнуў на сябе. Бацька сагнуў матрац пасярэдзiне, паставiў яго дашкам, i Том апынуўся як у будцы. Праз шчылiны мiж бакавымi планкамi борта можна было глядзець. Бацька, Эл i дзядзька Джон паспешлiва грузiлi на машыну - пакiдалi на Томаву схованку коўдры, збоку паставiлi вёдры, ззаду паклалi апошнi матрац. Рондалi, патэльнi, адзежу склалi кучай, бо скрынак ужо не было - усе спалiлi. Калi ўжо амаль усё пагрузiлi, да машыны падышоў вартавы з драбавiком на сагнутай руцэ.
- Што вы тут робiце? - запытаўся ён.
- Ад'язджаем, - адказаў бацька.
- Чаму раптам?
- Нам... прапануюць работу... добрую работу.
- Работу? Дзе ж гэта?
- Ну там... каля Ўiдпэтча.
- Пачакайце, я на вас гляну. - Вартавы пасвяцiў лiхтаром спачатку ў твар бацьку, потым дзядзьку Джону, тады Элу. - З вамi ж, здаецца, яшчэ адзiн быў?
Эл сказаў:
- Гэта вы пра таго хлопца, якога мы падвезлi? Невысокi такi, бледны тварам?
- Ага, здаецца, так.
- Мы яго па дарозе падсадзiлi. Ён яшчэ ранiцай пайшоў, калi плату зрэзалi.
- Паўтары, якi ён з сябе.
- Невысокi, бледны.
- А твар у яго сёння не быў разбiты?
- Я нiчога такога не заўважыў, - адказаў Эл. - А бензазаправачная яшчэ адчыненая?
- Адчыненая. Да васьмi працуе.
- Усе садзiцеся ў машыну! - крыкнуў Эл. - Калi хочаце да ранiцы паспець у Ўiдпэтч, трэба спяшацца. Ты ў кабiну, ма?
- Не, я ззаду сяду, - адказала мацi. - Бацька, ты таксама лезь сюды. А ў кабiне з Элам i дзядзькам Джонам паедзе Разашарна.
- Та, дай мне квiток, - сказаў Эл. - Вазьму на яго бензiну, калi размяняюць.
Вартавы глядзеў iм услед, пакуль машына не збочыла налева да бензакалонак.
- Два галоны, - сказаў Эл.
- Недалёка, вiдаць, едзеце.
- Ага, недалёка. Вы размяняеце мне гэты квiток?
- Ды не... не дазваляецца гэта.
- Паслухайце, мiстэр. Нам прапануюць добрую работу, трэба толькi паспець туды да ночы. А не паспеем, iншыя перахопяць. Будзьце ласкавы.
- Ну добра. Толькi перапiшы яго на маё iмя.
Эл выйшаў з кабiны i спераду абышоў свой "гудзон".
- Канешне, перапiшу, - сказаў ён, адкруцiў каўпачок i залiў у радыятар вады.
- Два, кажаш?
- Ага, два.
- Куды ж вы едзеце?
- На поўдзень. Там нам работу даюць.
- Сапраўды? Цяпер работы... сталай работы мала.
- У нас там прыяцель працуе, - сказаў Эл. - Там у нас пэўная работа. Ну, бывайце. - Грузавiк развярнуўся i, падскокваючы на ўхабiстай вулачцы, выехаў на гравiйку. Жоўтае святло фар пагойдвалася над дарогай, правая фара памiргвала - недзе быў дрэнны кантакт. Пры кожным штуршку ў кузаве бразгаў i грукатаў нiчым не замацаваны кухонны посуд.
Ружа Сарона цiха застагнала.
- Дрэнна сябе адчуваеш? - запытаўся дзядзька Джон.
- Ага. Увесь час сябе дрэнна адчуваю. Адпачыць бы дзе-небудзь у цiхiм месцы. I чаго гэта мы паехалi, лепш дома засталiся б. Былi б дома, Конi з намi быў бы. Вывучыўся б на каго-небудзь i месца добрае атрымаў бы.
Эл i дзядзька Джон маўчалi. А што ёй скажаш пра Конi?
Каля пафарбаваных у белы колер варот фруктовай плантацыi да грузавiка падышоў вартаўнiк.
- Зусiм едзеце?
- Ага, - адказаў Эл. - Едзем на поўнач. Работу там атрымалi.
Вартаўнiк накiраваў прамень лiхтара на машыну, падняў лiхтар вышэй i асвятлiў брызентавы навес. Мацi i бацька з халоднай абыякавасцю глядзелi проста на яркае святло.
- Добра. - Вартаўнiк расчынiў вароты. Грузавiк павярнуў налева i паехаў да шашы No 101, вялiкай аўтастрады, што цягнулася з поўдня на поўнач.
- Ты ведаеш, куды ехаць? - запытаўся дзядзька Джон.
- Не, - адказаў Эл. - Еду абы-куды. Абрыдла мне ўсё гэта.
- У мяне ўжо хутка, - з пагрозай у голасе сказала Ружа Сарона. - Хоць бы добрае месца знайшлi.
У халодным начным паветры чулася ўжо дыханне першых замаразкаў. З фруктовых дрэў абапал дарогi пачынала ўжо ападаць лiсце. Мацi сядзела на паклажы, прыхiлiўшыся спiнай да бакавога борта, бацька сядзеў насупраць, тварам да яе.
Мацi гукнула:
- Ну як там табе, Том?
Пачуўся прыглушаны голас:
- Цеснавата. Плантацыю ўжо праехалi?
- Ты там асцеражней. Нас могуць спынiць.
Том крыху падняў край матраца. У цемры грузавiка брынкнуў металiчны посуд.
- Закрыцца паспею, - сказаў Том. - Толькi не хачу, каб мяне схапiлi ў гэтай пастцы. - Ён прылёг, абапёршыся на локаць. - Чорт, i халаднавата ж стала, га?
- Хмары збiраюцца, - сказаў бацька. - Зiма, кажуць, ранняя будзе.
- А што, вавёркi высока на дрэвы забралiся цi насенне з травы асыпаецца? хмыкнуў Том. - Якiх толькi прыкмет не навыдумляюць! Знойдзецца i спецыялiст па споднiках надвор'е прадкажа.
- Ну, не ведаю, - сказаў бацька. - Я, здаецца, зiму ўжо чую. А каб цвёрда сказаць, трэба тут доўга пажыць.
- Куды мы едзем? - запытаўся Том.
- Хто яго ведае. Эл налева павярнуў. Здаецца, едзем той самай дарогай, па якой прыехалi.
Том сказаў:
- Нiяк не вырашу, што лепей. Калi ехаць па галоўнай шашы, больш палiсменаў нам стрэнецца. Як убачаць мяне з такiм тварам, адразу сцапаюць. Можа, па прасёлках ехаць?
Мацi сказала:
- Стукнi там Элу ў сценку. Няхай спынiцца.
Том пастукаў кулаком па кабiне, грузавiк стаў на краi шашы. Эл вылез з кабiны i падышоў да задняга борта.
Руцi i Ўiнфiлд вызiрнулi з-пад коўдры.
- Ну, што там у вас? - запытаўся Эл.
Мацi сказала:
- Трэба параiцца, як далей быць. Можа, лепш прасёлкамi ехаць. Так Том кажа.
- Гэта праз мой твар, - паяснiў Том. - Могуць пазнаць. Першы ж фараон затрымае.
- Дык куды ж тады? Я думаў, на поўнач. Мы былi на поўднi.
- Так i трымай, - сказаў Том. - Толькi прасёлкамi.
Эл запытаўся:
- Можа, спынiмся дзе-небудзь тут, пераначуем, а ранкам паедзем?
Мацi паспешлiва прагаварыла:
- Не, рана яшчэ. Трэба далей ад'ехаць.
- Добра. - Эл сеў за руль, i машына паехала далей.
Руцi i Ўiнфiлд зноў накрылiся з галавой коўдрай. Мацi крыкнула:
- Як там Уiнфiлд, нiчога?
- Ага, нiчога, - адказала Руцi. - Ён спiць.
Мацi зноў прытулiлася да борта.
- Нейкае дзiўнае пачуццё - быццам на цябе палююць. Я злая стала.
- Усе азлобiлiся, - сказаў бацька. - Усе. Ты бачыла, якая бойка сёння была ў садзе? Мяняюцца людзi. Ва ўрадавым лагеры злых не было.
Эл збочыў на гравiйную дарогу, i жоўтыя агнi фар загайдалiся над яе палатном. Фруктовыя дрэвы нарэшце скончылiся, пайшлi баваўняныя палi. Яшчэ дваццаць мiль праехалi мiж бавоўнiку, круцячы i пятляючы палявымi дарогамi. Далей дарога пацягнулася ўздоўж зарослай хмызам рэчкi, потым павярнула на бетонны мосцiк i на другiм баку зноў пайшла берагам. Нарэшце фары асвятлiлi доўгi рад чырвоных таварных вагонаў без колаў i каля дарогi - вялiкi шчыт з надпiсам: "ПАТРАБУЮЦЦА ЗБОРШЧЫКI БАВОЎНЫ". Эл запаволiў ход. Том глядзеў праз шчылiну мiж бакавымi планкамi. Праз чвэрць мiлi пасля апошняга вагона Том пастукаў у сценку кабiны. Эл затармазiў машыну на абочыне i выйшаў.
- Ну, што яшчэ?
- Выключы матор i лезь сюды, - сказаў Том.
Эл сеў за руль, з'ехаў у кювет, выключыў фары i заглушыў матор. Потым залез на грузавiк цераз заднi борт.
- Так спакайней, - сказаў ён.
Том перабраўся цераз кацялкi i патэльнi да мацi i стаў на каленi.
- Слухайце, - сказаў ён. - Iм патрэбны зборшчыкi бавоўны. Я плакат бачыў. Я ўсё думаў, як так зрабiць, каб i з вамi мне застацца, i бяды на вас не наклiкаць. Калi твар зажыве, тады, можа, усё добра будзе, а цяпер небяспечна. Бачылi вагоны? У iх зборшчыкi жывуць. Магчыма, i вам праца знойдзецца. Можа б, вы нанялiся тут, а жылi б у вагонах?
- А з табой як? - строга запыталася мацi.
- Ты бачыла каля рэчкi густое кустоўе? Там можна схавацца, нiхто мяне не ўбачыць. А пад ноч будзеце прыносiць мне есцi. Непадалёк ёсць маставая труба. Я мог бы там спаць.