Бацька сказаў:
- Госпадзi, як мне ўжо хочацца хутчэй узяцца за гэту бавоўну! Праца знаёмая.
- У вагонах, напэўна, добра, - сказала мацi. - Чыста, суха. А ты думаеш, Том, у кустах у тых можна схавацца?
- Канешне. Па дарозе сюды я да iх прыглядаўся. Выберу добрае месца i адседжуся там. А як толькi зажыве твар, выйду.
- Шрам застанецца, - сказала мацi.
- Чорт з iм, у каго iх няма?
- Аднаго разу я сабраў чатырыста фунтаў, - сказаў бацька. - Тады, праўда, ураджай быў добры. Калi мы ўсе пойдзем на збор, можна крыху грошай зарабiць.
- I тады мяса купiм, - сказаў Эл. - А цяпер што рабiць будзем?
- Вернемся крыху назад i пераспiм ноч у грузавiку, - сказаў бацька. - А ранiцай пойдзем на працу. Я каробачкi нават у цемры бачу.
- А з Томам як? - запыталася мацi.
- Ты пра мяне не думай, ма. Я вазьму з сабой коўдру. Калi паедзеце назад, уважлiва глядзiце. Там ёсць маставая труба. Будзеце мне туды прыносiць хлеба цi бульбы або кашы - прынесяце i пакiнеце, а я буду прыходзiць i браць.
- Ай!
- Па-мойму, ён разумна гаворыць, - сказаў бацька.
- Вядома, разумна, - настойваў Том. - А калi твар крыху зажыве, я выйду i таксама збiраць бавоўну буду.
- Што ж, добра, - згадзiлася мацi. - Толькi будзь асцярожны. Не пападзiся каму-небудзь на вочы.
Том прабраўся ў заднi канец грузавiка.
- Я вазьму вось гэтую коўдру. Як назад паедзеце, ма, шукайце тую трубу.
- Толькi глядзi, не рызыкуй, - сказала мацi ўмольна. - Будзь асцярожны.
- Буду, - сказаў Том. - Абавязкова. - Ён пералез цераз заднi борт i пайшоў берагам. - Добрай ночы! - гукнуў ён.
Мацi бачыла, як яго постаць злiлася з цемрай i знiкла ў хмызняку каля рэчкi.
- Дай бог каб усё добра скончылася, - прамовiла мацi.
Эл запытаўся:
- Цяпер назад паедзем?
- Давай, - сказаў бацька.
- Ты толькi едзь паволi, - папрасiла мацi. - Хачу ўбачыць тую трубу, пра якую ён гаварыў. Абавязкова трэба ўбачыць.
Дарога была вузкая, i Элу давялося добра паманеўраваць, перш чым ён развярнуў машыну. Ён паволi павёў яе назад да таварных вагонаў. Святло фар выхапiла з цемры сходкi каля шырокiх дзвярэй. У вагонах было цёмна. Навокал нiдзе нi душы. Эл выключыў фары.
- Вы з дзядзькам Джонам лезьце наверх, - сказаў ён Ружы Сарона. - А я буду спаць у кабiне.
Дзядзька Джон памог Ружы Сарона пералезцi цераз борт. Мацi ссунула ў кучу посуд. Усе ўлеглiся ў задняй частцы машыны, цесна прыцiснуўшыся адзiн да аднаго.
У адным з вагонаў, захлiпаючыся, зайшлося плачам дзiця. Аднекуль выбег сабака i, прынюхваючыся да слядоў i сапучы, памалу абышоў вакол грузавiка Джоўдаў. З рэчкi даносiлася цiхае цурчанне вады.
РАЗДЗЕЛ ДВАЦЦАЦЬ СЁМЫ
Патрабуюцца зборшчыкi бавоўны - плакаты ўздоўж дарогi, лiсткi, аранжавыя лiсткi: Патрабуюцца зборшчыкi бавоўны.
Сюды, па гэтай дарозе, напiсана на iх.
Цёмна-зялёныя сцяблы ўжо задравянелi, ацяжэлыя каробачкi ўчэпiста трымаюць свой груз. Белае валакно выпiрае з iх, як зерне з кукурузнага катаха.
Нам каб толькi рукамi дакрануцца да гэтых каробачак. Далiкатна, кончыкамi пальцаў.
Я ўмелы зборшчык.
Вунь з кiм трэба гаварыць, вунь з iм.
Хачу наняцца на збор бавоўны.
Мяшок ёсць?
Ды не, няма.
За мяшок - даляр. Вылiчым з палучкi за першыя паўтараста фунтаў. Першы збор з поля - восемдзесят цэнтаў за сто фунтаў. Другi збор - дзевяноста. Вось табе мяшок. Адзiн даляр. Калi цяпер грошай няма, вылiчым з палучкi за першыя паўтараста фунтаў сабранай бавоўны. Цана правiльная, сам разумееш.
Зусiм правiльная цана. Добры баваўняны мяшок, яго хопiць на ўвесь сезон. Калi нiз пратрэцца ад цягання, перавернеш другiм канцом i зашыеш. Падраны канец разрэж. А калi парвуцца абодва канцы, палатно ж застанецца - добрае палатно! На трусiкi пойдзе. Цi на начную кашулю. Ды што тут казаць, баваўняны мяшок - добрая рэч.
Прывяжы яго да пояса. Асядлай яго i цягнi за сабой мiж ног. Спярша цягаць яго лёгка. Пальцы зрываюць пушыстыя галоўкi, рукi прабiраюцца ў мяшок, што ў цябе мiж ног. Малыя дзецi iдуць ззаду, iм баваўняных мяшкоў не даюць, няхай бяруць джутавы альбо кладуць у бацькоўскi. Пакрысе мяшок цяжэе, дык нахiлiся, цягнi наперад. Я майстар збiраць бавоўну. Пальцы самi ўсё робяць. А ты ходзiш па мiжраддзi, перамаўляешся з суседзямi, часам спяваеш, пакуль мяшок яшчэ не вельмi цяжкi. Пальцы не памыляюцца. Пальцы - яны ведаюць. Вочы бачаць усё, але ты працуеш, нiбы не гледзячы.
Перамаўляюцца цераз грады...
- У нашых краях была адна жанчына, iмя яе называць не буду, i аднойчы яна раптам нарадзiла мурынчыка. Нiхто такога не чакаў. Мурына таго так i не знайшлi. А яна з тае пары так галавы i не падняла. А ўспомнiў я пра яе таму... што яна была добрая зборшчыца.
Цяпер мяшок ацяжэў, цягай яго поцягам за сабой. Напнiся i цягнi яго, як ламавы конь. А дзецi збiраюць у бацькаў мяшок. Ураджай добры выдаўся тут. У нiзiнах, праўда, ствалы танчэйшыя - тонкiя i дравянiстыя. Нiдзе такой бавоўны не бачыў, як тут, у Калiфорнii. Валакно доўгае - лепшай бавоўны нiколi не бачыў. Зямля пад ёй хутка гiне. Вось чалавек, напрыклад, наважыўся купiць сабе ўчастак... Не трэба купляць, арандуй яго. Калi зямля пад бавоўнай спустошыцца, пераедзеш на другое месца.
Людзi ланцугом iдуць па полi. Пальцы самi ўсё робяць. Дапытлiвыя пальцы снуюць сярод лiсця, знаходзяць каробачкi, табе i глядзець не трэба.
Я i сляпы мог бы збiраць, далiбог. Чуццём каробачку знаходжу. Абiраю чыста, як мяцёлкай падмятаю.
Ну вось, мяшок поўны. Цяпер нясi яго на вагу. Спрачайся. Вагаўшчык кажа, ты камянёў наклаў. А сам ён што? Вага ў яго паказвае няправiльна. Iншы раз ён праўду кажа - камянi ў мяшку ёсць. Iншы раз твая праўда - вага фальшывая. А бывае, што вы абодва маеце рацыю: i камянi ёсць, i вага фальшывая. Але заўсёды спрачайся, пярэч. Пасля гэтага чалавекам сябе адчуваеш. I ён сябе чалавекам адчувае. Што, там камянi? Можа, адзiн якi i трапiў туды. На чвэрць фунта цягне? Заўсёды спрачайся.
Назад з пустым мяшком. У нас свая кнiжка. Запiсваю вагу. Iнакш нельга. Убачаць, што ты запiсваеш, i не будуць махляваць. А калi сам адзначаць не будзеш, дык няхай бог табе паможа.
Работа добрая. Дзецi бегаюць на волi. А ты чуў пра бавоўнаўборачныя машыны?
Ага, чуў.
Думаеш, iх хутка ўвядуць?
Калi ўвядуць, тады, кажуць, ручному збору канец.
Вечарэе. Усе стамiлiся. А папрацавалi добра. Мы тры даляры зарабiлi - я, мая старая i дзецi.
Да баваўнянага поля пад'язджаюць машыны. Вырастаюць палаткi. Грузавiкi з прычэпамi, зацягнутымi зверху сеткамi, набiтыя белым пухам. Бавоўна чапляецца за драцяныя агароджы, ледзь падзьме ветрык, яна шарыкамi коцiцца па дарозе. Чыстая белая бавоўна пойдзе ў бавоўнаачышчальныя машыны. Вялiкiя няроўныя цюкi стаяць, чакаючы, калi пойдуць пад прэс. Бавоўна прыстае да адзежы, засядае ў барадзе i вусах. Пачысцi нос - у яго налезла бавоўны.
Хадзi згорбiўшыся, набiвай мяшок, пакуль зусiм не сцямнела. Мудрыя пальцы адшукваюць каробачкi. Сагнутыя ногi пераступаюць, валочачы мяшок. Дзецi змарылiся, ужо ж познi вечар. Спатыкаюцца аб грады. А сонца заходзiць.
Каб хоць яшчэ тут колькi часу папрацаваць. Грошы не бог ведае якiя, а ўсё ж каб папрацаваць тут даўжэй.
Па шашы ўсё прыбываюць i прыбываюць старыя машыны - iх завабiлi сюды лiсткi на шчытах.
Баваўняны мяшок ёсць?
Няма.
Значыць, даляр з цябе.
Калi б нас было толькi пяцьдзесят чалавек, мы б тут папрацавалi даўжэй, але нас тут пяцьсот. Лiчы, усё хутка скончыцца. Я ведаў аднаго - ён так i не выплацiў за мяшок. На кожнай плантацыi - новы мяшок, але пакуль ён набярэ патрэбную для першага разлiку вагу, бавоўна ўжо ўся сабрана.
Збяры грошай хоць трохi, абавязкова! Зiмой у Калiфорнii работы няма. Набiвай мяшок, пакуль яшчэ вiдно. А вунь той, я заўважыў, падкiнуў у мяшок два камякi зямлi.
Ну i што? Я толькi выпраўляю яго фальшывую вагу.
У мяне тут вось запiсана - трыста дванаццаць фунтаў.
Усё правiльна.
Глянь, ён мне i слова не сказаў! Няйначай, вага ў яго фальшывая. Што ж, дзянёк выдаўся ўдачны.