Выбрать главу

- Я пайшоў адсюль, каб разабрацца ў некаторых сумненнях, - адказаў Кейсi. - А што тут такое нарабiлася? Чаму людзей з зямлi зганяюць?

У М'юлi так моцна сцялiся губы, што верхняя, як дзюбка папугая, навiсла над нiжняй. Бровы насупiлiся.

- Мярзотнiкi! Сукiны дзецi! - сказаў ён. - Будзьце пэўныя, я з месца не скрануся. Ад мяне яны так проста не збавяцца. Як прагоняць, я зноў вярнуся, а калi яны думаюць уцiхамiрыць мяне, загнаўшы на той свет, дык добра, я прыхаплю з сабой дваiх-траiх гэтай сволачы за кампанiю. - Ён паляпаў рукой па выпнутай кiшэнi пiнжака. - Нiкуды адсюль я не пайду. Бацька мой прыйшоў сюды пяцьдзесят гадоў таму назад. I я адсюль нiкуды не пайду.

Джоўд запытаўся:

- А навошта спатрэбiлася iм зганяць людзей з зямлi?

- О, яны тут шмат чаго нагаварылi! Ты ж памятаеш, як было апошнiя гады. Пыл узнiмаўся такi, што ўсё скрозь засыпаў i паганiў, i ўраджаю не хапала нават на тое, каб заткнуць зад аслу. Усе ў даўгi залезлi да бакалейшчыка. А ты ведаеш, што гэта такое. Тады тыя, каму належыць зямля, пачалi гаварыць: "Арандатары нам больш не па кiшэнi. Тая доля, якая iдзе iм, - гэта той мiнiмальны прыбытак, якi мы не можам дазволiць сабе страцiць". I яшчэ: "Калi мы збяром усю нашу зямлю ў адно, дык i тады яна ледзь-ледзь акупiцца". I трактарамi ўсiх здольнiкаў з фермаў сагналi, усiх, акрамя мяне, i, далiбог, праўда, я адсюль не пайду. Ты мяне ведаеш, Томi. Колькi жывеш, мяне ведаеш.

- Чыстая праўда, - сказаў Джоўд, - колькi жыву.

- Дык вось, разумееш, я не дурань. Канешне, зямля тут не вельмi добрая. I нiколi добрай не была, на ёй толькi скацiну пасвiць. Цалiну тут дарма разворвалi. А пад бавоўнай яна амаль зусiм як мёртвая стала. Калi б мяне нiхто адсюль не гнаў, я, можа, даўно ўжо з'ехаў бы ў Калiфорнiю - вiнаград там еў бы i апельсiнчыкамi, як захочацца, ласаваўся. Але калi сукiны гэтыя сыны загадваюць мне выбiрацца... дык Хрыстом-богам клянуся, не падпарадкуюся я такому загаду!

- Правiльна, - сказаў Джоўд. - Проста розуму не дабяру, чаму гэта бацька так лёгка скарыўся. I дзiўна, што дзед нiкога не падстрэлiў. Ён нiкому не дазваляў над сабой верхаводзiць. I мацi не цярпела нiякiх указчыкаў. Я раз бачыў, як яна вандроўнага гандляра рондалямi жывой курыцай бiла за тое, што ён ёй слова насуперак сказаў. У адной руцэ курыца, у другой сякера - збiралася галаву ёй адсекчы. Пайшла на чалавека з сякерай, але забылася, што ў якой руцэ, i давай яго курыцай лупiць. Курыца гэтая нам так у талерку i не трапiла. Нiчога ад яе не засталося - адны ногi ў руцэ. Дзед ледзьве са смеху не лопнуў. Дык чаму ж гэта мае так адразу з месца знялiся?

- Ды вось прыехаў да нас сюды адзiн малойчык i пачаў угаворваць i мазгi нам круцiць. "Вам, кажа, трэба ехаць адсюль. Толькi я тут не вiнаваты". - "Дык хто ж, пытаюся, вiнаваты? Скажыце хто, i я ведаю, што з iм зраблю". - "Гэта ўсё Зямельна-жывёлагадоўчая кампанiя Шоўнi. А я ўсяго толькi загад выконваю". - "А хто ён такi, гэты Шоўнi?" - "Чалавека такога няма. Гэта кампанiя". Проста да шаленства давёў. Выходзiць, i скардзiцца няма на каго. Шмат хто страцiў надзею знайсцi каго-небудзь, на кiм можна было б гнеў свой спагнаць, а я стаю на сваiм. У мяне ўся кроў кiпiць. Я нiкуды адсюль не пайду.

Вялiзная чырвоная кропля сонца памарудзiла над гарызонтам, потым упала ўнiз i знiкла, неба над тым месцам заззяла, i рванае воблачка акрываўленай анучкай павiсла на небакраi. Усходнюю частку неба зацягнула празрыстай iмглой, i на зямлю з усходу папоўз змрок. Скрозь сутонне трымцела, паблiскваючы, першая вячэрняя зорка. Шэрая кошка пракралася да свiрна i ценем шмыгнула ў адчыненыя дзверы.

Джоўд сказаў:

- Ну, восем мiль да дзядзькi Джона мы сёння ўжо не асiлiм. Капыты мае агнём гараць. Можа, пойдзем да цябе, М'юлi? Гэта ж усяго каля мiлi.

- Нiякага толку. - Выгляд у Грэйуза зрабiўся збянтэжаны. - Мае ўсе ў Калiфорнiю паехалi - i жонка, i дзецi, i швагер. Не было чаго есцi. Яны не так азлобiлiся, як я, сабралiся i паехалi. Нiдзе тут няма нiякай ежы.

Прапаведнiк нервова заёрзаў на месцы.

- Табе таксама трэба было ехаць, М'юлi, - сказаў ён. - Сям'ю нельга разбiваць.

- Не мог я. Ну вось быццам нешта ўчапiлася ў мяне i не пускае.

- Божа, як я прагаладаўся, - сказаў Джоўд. - Цэлыя чатыры гады еў па гадзiнах - хвiлiна ў хвiлiну. А цяпер кiшкi марш iграюць. Ты што будзеш есцi, М'юлi? Як ты цяпер кормiшся?

М'юлi сарамлiва адказаў:

- Спачатку еў жаб, вавёрак, зрэдку сабачак лугавых. А што было рабiць? Але цяпер я стаўлю драцяныя сiлкi на праторынах у сухiм хмызе каля ручая. Зайцы трапляюць, а то i цяцерка пападзецца. Здараецца - скунсы, яноты. - Ён нахiлiўся, падняў свой мяшок i вывалiў з яго ўсё на ганак. Два трусы i заяц глуха шмякнулiся на дошкi мяккiмi пушыстымi камячкамi.

- Божа мiлы! - усклiкнуў Джоўд. - Я ўжо больш за чатыры гады ў рот не браў свежай дзiчыны.

Кейсi падняў аднаго труса i спытаўся, трымаючы яго ў руцэ:

- Падзелiшся з намi, М'юлi Грэйуз?

М'юлi неяк няёмка пакруцiўся.

- Выбiраць не даводзiцца, - сказаў ён i змоўк, збянтэжаны недалiкатнасцю сваiх слоў. - Не тое хацеў я сказаць. Не тое. Я меў на ўвазе... - ён запнуўся, - я вось што меў на ўвазе: калi ў аднаго чалавека ёсць харч, а другi стаiць побач галодны... дык тут выбiраць не даводзiцца. Ну дапусцiм, я забяру сваiх трусоў, адыду ўбачок i сам iх праглыну, адзiн... Разумееш?

- Разумею, - адказаў Кейсi. - Яшчэ як разумею. Бачыш, Том, М'юлi да нечага дадумаўся. За нешта такое ўхапiўся, толькi яно задужа цяжкое яго разуменню, i майму таксама.

Том радасна пацёр рукi:

- У каго ножык ёсць? Зараз мы возьмемся за гэтых небарак грызуноў. Ужо ж мы iх разбяром!

М'юлi ўсунуў руку ў кiшэню штаноў i выняў вялiкi складаны нож з рагавымi тронкамi. Том Джоўд узяў яго, адсланiў адно лязо i панюхаў. Потым некалькi разоў ткнуў лязом у зямлю, зноў паднёс да носа, выцер аб калашыну i паспрабаваў вастрыё вялiкiм пальцам.

З задняй кiшэнi штаноў М'юлi дастаў вялiкую пляшку з вадой i паставiў на ганак.

- На ваду не вельмi налягайце, - сказаў ён. - Гэта ўсё, што ёсць, а калодзеж тут завалiлi.

Том узяў труса.

- Схадзiце хто ў свiран, пашукайце там дроту пакавальнага. Агонь распалiм з паламаных дошак абшыўкi. - Ён агледзеў труса. - Труса разабраць няма лягчэй. - Ён адцягнуў шкурку на спiнцы, крыху падрэзаў яе, усунуў у дзiрку пальцы i рвануў. Скура знялася, як панчоха, - саслiзнула з цельца да самай шыi, да лапак. Тады паклаў шкурку на зямлю, успароў трусу жывот; вывалiў на шкурку вантробы i кiнуў усё ў бавоўнiк. На ганку ляжала амаль гатовае да смажання маленькае цельца з аголенымi мышцамi. Джоўд адсек усе чатыры нагi i разрэзаў удоўж мясiстую спiнку. Калi ён ужо ўзяўся за другога труса, да ганка падышоў Кейсi са зблытаным скруткам дроту. - Цяпер раскладзiце агонь i ўваткнiце ў зямлю калю, - сказаў Джоўд. - Божа, якi ў мяне апетыт разыграўся на гэтых звяркоў! - Ён выпатрашыў другога труса i зайца, парэзаў iх i нанiзаў кавалкi мяса на дрот. М'юлi з Кейсi адарвалi ад развернутага вугла некалькi дошак, распалiлi вогнiшча i з двух яго бакоў усадзiлi ў зямлю па калку для дроту.

М'юлi падышоў да Джоўда.

- Глянь, цi няма на зайцы гнайнiкоў, - сказаў ён. - Не люблю есцi зайцоў са скуламi. - Ён выняў з кiшэнi маленькi мяшэчак i паклаў на ганак.

Джоўд сказаў:

- Заяц чысценькi, як яблычак. Ох, М'юлi, ты i соллю запасся! У цябе ў кiшэнi, можа, i талеркi выпадкам знойдуцца i палатка? - Ён адсыпаў сабе на далонь солi i пасалiў кавалкi мяса, насаджаныя на дрот.

Затрапяталiся высокiя языкi полымя, адкiдваючы ценi на сцены дома, сухое дрэва патрэсквала i страляла. Неба ўжо амаль зусiм пачарнела, на iм выразна вылучалiся зоркi. Шэрая кошка выйшла са свiрна i, мяўкаючы, пабегла да агню, але каля самага вогнiшча скiравала ў кусты бавоўнiку, да кучкi вантробаў. Яна кусала i прагна глытала, i з яе рота звiсалi доўгiя кiшкi.

Кейсi сеў каля вогнiшча, кiдаў у агонь трэскi i падсоўваў у яго доўгiя дошкi, калi яны абгаралi на канцах. Кажаны гойсалi ўзад i ўперад у слупе святла над вогнiшчам. Кошка, нiзка прыпаўшы да зямлi, выйшла з кустоў, села i пачала аблiзвацца, мыць пыску, чысцiць вусы.

Джоўд узяў аберуч дрот з нанiзанымi на яго кавалкамi мяса i падышоў да вогнiшча.