Выбрать главу

Кейсi сказаў:

- Я шмат пахадзiў па краiне. Усе задаюць такое пытанне. Куды мы iдзём? Куды коцiмся, спынiцца не можам? Чаму б людзям сур'ёзна не падумаць пра гэта? Усё ў руху. Людзi едуць i едуць. Мы ведаем, чаму яны едуць i як едуць. Едуць, бо iнакш нельга. Даводзiцца ехаць. Так заўсёды бывае, калi людзi шукаюць лепшага. Седзячы на месцы, нiчога не даб'ешся. Людзi цягнуцца да лепшага жыцця, шукаюць яго i знойдуць. Крыўда прымушае людзей змагацца за свае правы. Я многа пахадзiў па краiне, мне часта даводзiлася чуць тое, што вы гаварылi.

Таўстун пампаваў бензiн, стрэлка на лiчыльнiку круцiлася.

- Дык усё ж такi, куды мы iдзём? Вось што я хачу ведаць.

Том сярдзiта перабiў яго:

- Ну i нiколi не даведаешся. Кейсi стараецца табе растлумачыць, а ты дзяўбеш адно i тое. Я такiх не першы раз сустракаю. Нiчога цябе не цiкавiць. Заладзiў адну i тую песеньку. "Куды мы iдзём?" А ты i ведаць не жадаеш. Уся краiна на колах, людзi едуць кудысьцi. А колькi iх памiрае навокал? Можа, i ты хутка канцы аддасi, а нiчога толкам не дазнаешся. Шмат мне такiх траплялася. Нiчога i ведаць не хочуць. Закалыхваеце сябе песенькай "Куды мы iдзём?". - Том паглядзеў на бензiнавую помпу, старую, iржавую, i на халупу, збiтую з ужываных дошак з дзiркамi ад старых цвiкоў, што праступалi праз фарбу, - некалi бадзёрую жоўтую фарбу, якая храбра намагалася падрабiць сваю заправачную пад выгляд вялiкiх фiрменных заправачных станцый у горадзе. Але фарба не змагла схаваць нi старых дзiрак ад цвiкоў, нi трэшчын у дошках, а зноў фарбаваць халупу гаспадару ўжо не давядзецца. Падробка не ўдалася, i гаспадар гэта добра ведаў. Праз расчыненыя дзверы халупы Том убачыў бляшанкi са змазачным маслам усяго дзве - i прылавак з заляжалымi цукеркамi, пацямнелымi ад часу лакрычнымi ледзянцамi i пачкамi цыгарэт. Убачыў зламанае крэсла i сетку ад мух з дзiркай пасярэдзiне, абведзенай iржой. Ён паглядзеў на гразкi дворык, якi трэба было б пасыпаць жвiрам, на кукурузнае поле ззаду яго, якое высыхала i памiрала пад сонцам. Каля хацiны - горка езджаных i падноўленых шын. I толькi цяпер ён заўважыў на таўстуну старыя, замытыя штаны, танную спартовую кашулю i кардонны шлем. Том сказаў: - Я не хацеў вас пакрыўдзiць, мiстэр. Гэта ўсё ад спёкi. У вас таксама небагата. Хутка i вы апыняцеся на дарозе. Толькi выганяць вас не трактары. Вас выганяць жоўценькiя станцыi ў горадзе. Людзi здымаюцца з месцаў, -цiха дадаў ён, - i вы таксама, мiстэр, падасцеся ўслед за iмi.

Таўстун слухаў Тома, i рука яго ўсё марудней круцiла ручку помпы, пакуль зусiм не замерла. Ён з трывогай пазiраў на Тома.

- Адкуль ты ведаеш? - разгублена запытаўся ён. - Адкуль табе вядома, што мы пагаворваем ужо пра гэта - хочам сабраць усе пажыткi i падацца на Захад?

Яму адказаў Кейсi:

- Так усе робяць. Я зацята змагаўся з д'яблам, бо ў д'ябле мне ўяўляўся наш агульны вораг. Але цяпер нашай краiнай завалодаў яшчэ горшы вораг, i ён не адступiцца, пакуль яго не пасякуць на кавалкi. Вы бачылi, як яшчарка-ядазуб трымае здабычу, мiстэр? Учэпiцца, ты рассячэш яе напалам, а яна зубоў не расцiскае. Адсячэш галаву, яна ўсё трымае. Даводзiцца адвёрткай расшчапляць ёй скiвiцы, толькi тады адпусцiць. А пакуль трымае сваю здабычу, атрута прасочваецца праз рану кропля за кропляй. - Ён змоўк i скоса глянуў на Тома.

Таўстун збянтэжана ўтаропiў позiрк некуды ўдалячынь. Рука яго пачала паволi круцiць каленчаты рычаг помпы.

- Проста не ведаю, куды мы iдзём, - цiха прамовiў ён.

Конi i Ружа Сарона стаялi каля вадзянога шланга i па-змоўнiцку перамаўлялiся. Конi спаласнуў алавяную конаўку i, перш чым налiць у яе вады, паспрабаваў струмень пальцам. Ружа Сарона глядзела на машыны, што праносiлiся па шашы. Конi паднёс ёй конаўку.

- Хоць i цеплаватая, ды ўсё ж вада, - сказаў ён.

Ружа Сарона глянула на яго i таямнiча ўсмiхнулася. З тае пары, як яна зацяжарала, таямнiчасць ахiнула ўсю яе iстоту, тайны i недамоўкi, здавалася, мелi для iх абаiх нейкi асаблiвы сэнс. Яна была вельмi задаволеная сабой i пераборлiвая ў самых малаважных дробязях. Яна вымагала ад Конi безлiч непатрэбных паслуг, i абое ведалi, што i без iх можна абысцiся. Конi таксама быў задаволены Ружай Сарона i нiяк не мог нацешыцца з яе цяжарнасцi. Яго радавала, што ён падзяляў з ёю ўсе яе таямнiцы. Калi яна хiтра ўсмiхалася, ён адказваў ёй такою самаю хiтрай усмешкаю, i яны перашэптвалiся мiж сабой. Свет самкнуўся вакол iх у цеснае кола, i яны былi яго цэнтрам, праўдзiвей - Ружа Сарона была яго цэнтрам, а Конi круцiўся вакол яе на маленькай арбiце. Усё, пра што яны гаварылi, было ахутана таямнiцай.

Ружа Сарона адвяла вочы ад шашы.

- Мне пiць не дужа хочацца, - сказала яна манерна. - Але, магчыма, мне трэба пiць.

Конi сцвярджальна кiўнуў галавой, бо зразумеў, што яна мела на ўвазе. Яна ўзяла ў яго з рук конаўку, прапаласкала рот, сплюнула i выпiла цеплаватую ваду да дна.

- Яшчэ адну? - запытаўся Конi.

- Палову. - I ён налiў паўконаўкi i падаў ёй. Па шашы прашугаў "лiнкольн" мадэлi "зефiр" - серабрысты, нiзкай пасадкi. Ружа Сарона азiрнулася, цi далёка астатнiя члены сям'i, i, убачыўшы, што яны стаяць усе каля грузавiка, цiха сказала: - Ты хацеў бы раз'язджаць на такой машыне?

Конi ўздыхнуў:

- Чаму не... але гэта потым. - I яны абое зразумелi, што мелася на ўвазе. - Калi будзем добра зарабляць у Калiфорнii, займеем машыну. Але вось такiя, ён паказаў рукой на "зефiр", якi знiкаў удалечынi, - такiя каштуюць не менш за вялiкi дом.

- А мне хацелася б мець i дом, i такую машыну, - сказала Ружа Сарона. Толькi, вядома, спярша дом, бо... - I абое зразумелi, што яна хацела сказаць. Iх увесь час хвалявала яе цяжарнасць.

- Як ты сябе адчуваеш - добра? - запытаўся Конi.

- Стамiлася. Цяжка ехаць пад такiм сонцам.

- Нiчога не зробiш. Iначай мы нiколi не дабяромся да Калiфорнii.

- Ведаю, - сказала Ружа Сарона.

Сабака, прынюхваючыся, абмiнуў грузавiк, падбег да лужыны пад вадзяным шлангам i пачаў хлябтаць мутную ваду. Потым адышоў убок, апусцiў нос да зямлi i звесiў вушы. Абнюхваючы пыльную траву, ён дайшоў да самага краю дарогi, падняў галаву, паглядзеў на шашу i пайшоў упоперак яе. Раптам Ружа Сарона пранiзлiва закрычала. Мiма, вiскочучы шынамi, iмклiва iмчалася вялiкая машына. Сабака бездапаможна шарахнуўся назад i, ледзь паспеўшы скавытнуць, апынуўся пад коламi. У акенцах з'явiлiся твары, павярнулiся назад, машына на iмгненне сцiшыла ход, потым зноў набрала хуткасць i знiкла з вачэй. А сабака з вываленымi вантробамi ляжаў акрываўленым камяком на зямлi, слаба падрыгваючы нагамi.

Ружа Сарона ўтаропiлася на яго шырока расплюшчанымi вачамi.

- Мне гэта не пашкодзiць? - жаласна запыталася яна. - Як ты думаеш, не пашкодзiць?

Конi абняў яе.

- Iдзi пасядзi, -сказаў ён. -Гэта нiчога.

- Але я адчула боль. Калi я закрычала, нешта ў мяне ўсярэдзiне нiбы абарвалася.

- Iдзi пасядзi. Гэта нiчога. З табой нiчога не будзе. - Ён падвёў яе да грузавiка, далей ад сабакi, i пасадзiў на падножку.

Том i дзядзька Джон падышлi да акрываўленага камяка. Пакалечанае цела сабакi апошнi раз сутаргава страпянулася i замерла. Том узяў яго за заднiя лапы i адцягнуў на абочыну. Дзядзька Джон стаяў збянтэжаны, быццам на iм ляжала вiна за тое, што здарылася.

- Няхай бы я прывязаў яго, - сказаў ён.

Бацька глянуў на сабаку i адвярнуўся.

- Паехалi далей, - сказаў ён. - Мы ўсё роўна не пракармiлi б яго. Так, можа, i лепш.

З-за грузавiка вынырнуў гаспадар заправачнай.

- Вось шкада, людзi, - сказаў ён. - Каля вялiкай шашы сабачае жыццё кароткае. За год у мяне тут трох раздушыла. Больш iх не трымаю. - I дадаў: Вы не трывожцеся. Я ўсё зраблю. Адцягну ў кукурузу i там закапаю.

Мацi падышла да Ружы Сарона, якая сядзела на падножцы, усё яшчэ калоцячыся з перапуду.

- Ну што з табой, Разашарна? - запыталася яна. - Табе нядобра?

- Усё было на маiх вачах. Я вельмi перапужалася.

- Я чула твой крык. Але цяпер пара ўжо супакоiцца.

- Думаеш, мне гэта не пашкодзiць?

- Не, - адказала мацi. - Калi будзеш глядзець насупай, ад усяго нюнi распускаць i цацкацца сама з сабой, вось тады добрага не чакай. А зараз падымайся, памажы бабку ўсадзiць. I хоць на хвiлiну кiнь думаць пра сваё дзiця. Яно само пра сябе паклапоцiцца.