Кейсi ўздыхнуў, прыгубiў бутэльку, потым паглядзеў, колькi ў ёй на дне засталося, i зрабiў яшчэ адзiн маленькi глыток.
- Вось i добра, - сказаў ён. - А то я ўсё мучыўся - цi не нарабiў я сваiм умяшаннем якой-небудзь шкоды людзям.
Джоўд глянуў на свой пiнжак i ўбачыў чарапаху - яна выбралася на волю i ўжо спяшалася ў тым жа кiрунку, у якiм паўзла, калi ён падабраў яе. Джоўд паназiраў за ёю, тады ўстаў на ногi, падняў чарапаху з зямлi i зноў закруцiў у пiнжак.
- Нiякiх падарункаў дзецям не прыпас, - паяснiў ён. - Хоць гэту старую чарапаху прынясу.
- Дзiўная рэч, - сказаў прапаведнiк. - Якраз калi ты падышоў, я старога Тома Джоўда прыгадаў. Падумаў, цi не завiтаць да яго. Я заўсёды лiчыў яго бязбожнiкам. Як ён там жыве, стары Том?
- Не ведаю. Чатыры гады я ўжо дома не быў.
- Хiба ён не пiсаў табе?
Джоўд замяшаўся.
- Тата на пiсьмы не вялiкi мастак i наогул пiсаць не ахвочы. Прозвiшча сваё чын чынам падпiша, не горш за iншых, i нават аловак паслiнiць. Але пiсьмаў не пiша. Тата заўсёды казаў: чаго нельга выказаць голасам, таго i алоўкам не варта.
- Увесь гэты час ты па свеце бадзяўся? - запытаўся Кейсi.
Джоўд недаверлiва глянуў на яго.
- А ты хiба нiчога не ведаеш? Ва ўсiх газетах пра мяне пiсалi.
- Нiчога. А што? - Кейсi закiнуў нагу на нагу i ссунуўся па ствале нiжэй. Дзень ужо зайшоў далёка за поўдзень, i сонца налiвалася чырванню.
Джоўд, палагаднеўшы, сказаў:
- Казаць, дык адразу ўсё, i скончым з гэтым. Але калi б ты i цяпер яшчэ быў прапаведнiкам, я асцярогся б расказваць, бо ты пачаў бы малiцца за маю душу. - Ён дапiў рэшту вiскi i шпурнуў паўлiтэрку ўбок, i пляскатая бутэлька мякка слiзганула па пыле. - Я чатыры гады праседзеў у Макалестары.
Кейсi крута павярнуўся да яго i так насупiў бровы, што высокi яго лоб зрабiўся яшчэ вышэйшы.
- Табе неахвота пра гэта гаварыць, так? Я не буду распытвацца, што ты там такое нарабiў.
- Я i цяпер зрабiў бы тое самае, - сказаў Джоўд. - Я забiў аднаго малойчыка ў бойцы. Мы добра напiлiся з iм на танцах. Ён нажом мяне пырнуў, я схапiў рыдлёўку i прыкончыў яго. Размажджэрыў яму галаву.
Бровы ў прапаведнiка занялi сваё звычайнае месца.
- Значыць, саромецца табе няма чаго?
- Няма, - адказаў Джоўд. - Мне далi толькi сем гадоў, бо ён першы пачаў пырнуў мяне нажом. Выпусцiлi праз чатыры гады - умоўна.
- I нiхто з тваiх не пiсаў табе ўсе чатыры гады?
- Чаму ж, пiсалi. Два гады назад ад мацi паштоўку атрымаў, а на мiнулыя Каляды бабка прыслала. О, Езус, i смеху ж было ў нашай камеры! Паштоўка з малюнкам - ёлка ўся ў блiшчынках, быццам снегам абсыпаная. I вершык:
У свята светлае Каляды
Будзь жыццю, хрыстосiк, рады,
I пад ёлачку ты глянь.
Падаруначак дастань.
Бабка, вiдаць, i не чытала яго. Пэўна, у разносчыка купiла, выбрала самую прыгожую i блiскучую. Хлопцы ў камеры жываты надрывалi ад рогату. З таго дня ўсе мяне "хрыстосiкам" дражнiлi. А бабка i думаць не думала, што з мяне смяяцца будуць. Бачыць, святочная паштоўка, прыгожая, блiскучая, навошта чытаць? У той год, калi мяне пасадзiлi, яна свае акуляры згубiла. Да гэтага часу, думаю, яшчэ шукае.
- А як абыходзяцца яны там з вамi, у Макалестары?
- Ды нядрэнна. Кормяць па гадзiнах, адзяваюць чыста, i памыцца ёсць дзе. Без жанчын толькi цяжка. - Джоўд раптам засмяяўся: - У нас там неяк аднаго тыпуса ўмоўна выпусцiлi. I месяца не прайшло, як ён праштрафiўся i зноў вярнуўся да нас. У яго спыталiся, чаму ён парушыў падпiску. А ён кажа: "Якога чорта! У бацькавай халупе выгод нiякiх. Нi табе электрычнасцi, нi душа. I кнiжак няма, i ежа паганая". Вярнуўся, кажа, бо тут хоць якiя выгоды ёсць i жратва па гадзiнах. На волi, кажа, адзiн супраць цэлага свету - не ведаеш, што рабiць, куды падацца. I ён украў машыну i зноў сеў. - Джоўд дастаў свой капшук, падзьмуў на курыльную кнiжачку, каб аддзялiць адзiн бураваты лiсточак, скруцiў цыгарку. - Што ж, хлапец ён не дурны, - дадаў ён. - Як падумаў я ўчора, дзе ноч буду спаць, дык страх мяне ўзяў. Прыгадаўся мне ложак i той чокнуты, што з намi быў у камеры, падумаў: што ён цяпер робiць? У нас аркестр там быў. Добры струнны аркестр. Адзiн казаў, што мы маглi б нават па радыё выступаць. А сёння ранiцай прачынаюся i не ведаю - падымацца цi яшчэ рана. Ляжу i чакаю, калi пабудку дадуць.
Кейсi хмыкнуў:
- Гэтак можна i не пачуць, як лесапiлка вiшчыць.
Жаўтавата-пыльнае святло кранула зямлю пазалотай. Кукуруза ўся залацiлася. Чародка ластавак пранеслася ў небе - вiдаць, да нейкай вады. Чарапаха ў Джоўдавым пiнжаку зрабiла яшчэ адну спробу ўцёкаў. Джоўд перагнуў папалам брылёк кепкi, i цяпер брылёк стаў падобны на крывую дзюбу вароны.
- Ну, вiдаць, патупаю, - сказаў Джоўд. - Скварыцца на сонцы не вельмi люблю, але цяпер ужо не так пячэ.
Кейсi рашуча падняўся.
- Старога Тома я цэлы век не бачыў, - сказаў ён. - Даўно хацеў зiрнуць, як ён там. Я ж колькi часу да вас хадзiў са словам божым, грошай нiколi не браў, глыну толькi чаго-небудзь...
- Гайда, - сказаў Джоўд. - Бацька табе рады будзе. Ён заўсёды казаў, што ў цябе дзюба занадта вялiкая для прапаведнiка. - Джоўд падняў з зямлi пiнжак i шчыльней абкруцiў iм чаравiкi i чарапаху.
Кейсi падабраў свае парусiнавыя туфлi i ўсунуў у iх босыя ногi.
- Я не такi смелы, як ты, - сказаў ён. - Чаго добрага, яшчэ на калючы дрот наступлю ў пыле цi на шкло. Страх як баюся палец парэзаць - няма нiчога горшага.
Яны нерашуча пастаялi, перш чым пераступiць лiнiю ценю, i раптам рушылi наперад, як два плыўцы, што спяшаюцца дабрацца да другога берага. Шпарка прайшоўшы некалькi крокаў, яны сцiшылi хаду i пайшлi няспешна, быццам у роздуме. Кукурузнае бадыллё кiдала на дарогу косыя шэрыя ценi, у паветры стаяў душны пах нагрэтага пылу. За кукурузным полем пачаўся цёмна-зялёны бавоўнiк цёмна-зялёнае лiсце з зачаткамi насенных каробачак пад пялёнкай шэрага пылу. Усходы былi няроўныя - густыя ў западзiнах, дзе даўжэй трымалася вiльгаць, i зусiм пляшывыя на высокiх месцах. Раслiны ўпарта змагалiся з сонцам. А блiжэй да гарызонту далеч зацягнулася непрагляднай рудаватай смугой. Пыльная дарога адбягала ўдалечыню хвалiстай стужкай. Вербы, што раслi па берагах ручая, збочвалi разам з iм на захад, а на паўночны захад ад iх няўроблены ўчастак зямлi ўшчыльную падыходзiў да нiзкага i рэдкага кустоўя. Тхала распаленым пылам, паветра было такое сухое, што слiзь у носе засыхала скарынкай, а з вачэй цяклi выратавальныя слёзы.
Кейсi сказаў:
- Бачыш, як добра падымалася кукуруза, пакуль яе пылам не засыпала? Багаты быў бы ўраджай.
- Кожны год, - сказаў Джоўд, - кожны год, як я сябе памятаю, выспяваў добры ўраджай, але нi разу так i не выспеў. Дзед казаў, што зямля толькi першыя пяць гадоў добра радзiла, пакуль яшчэ перагной ад старога пустазелля ў ёй заставаўся.
Дарога апусцiлася па схiле ўзгорка i паднялася на другi пакацiсты груд.
Кейсi сказаў:
- Адсюль да старога Тома будзе не болей за мiлю. За трэцiм узгоркам, здаецца, так?
- Правiльна, - адказаў Джоўд. - Калi толькi дом наш не ўкралi, як некалi бацька зрабiў.
- Дом украў?
- Ага. Знайшлi пусты мiлi за паўтары адсюль i ўкралi. Сям'я, што там жыла, перабралася ў iншае месца. Дзед, бацька i Ной, брат мой, хацелi перацягнуць увесь дом цалкам, ды ён не даваўся. Толькi з паловай справiлiся. Таму ён у нас такi дзiўнаваты з аднаго боку. Рассеклi на дзве часткi, у адну палову ўпрэглi дванаццаць коней i два мулы i перавезлi на свой участак. Вярнулiся па другую палову - хацелi прыбудаваць яе да першай, але раней за iх туды паспеў Уiнк Мэнлi са сваiмi хлопцамi i з-пад носа сцягнуў тое, што засталося. Дзед з бацькам злыя хадзiлi, як чэрцi, ды неяк раз выпiлi з Уiнкам, i ўсе трое толькi за жываты трымалiся ад рогату. Уiнк кажа: дом мой цяпер як жарабец, прыводзьце вашу палову, мы iх злучым, i, можа, ад iх добрыя "шпакоўнi" пойдуць. Стары Ўiнк, як вып'е, мог такое вытварыць! Пасля гэтага бацька i дзед моцна з iм пасябравалi. Знаходзiлi любую магчымасць выпiць разам.
- Стары Том малайчына, - пагадзiўся Кейсi. Узнiмаючы пыл, яны спусцiлiся па схiле ўзгорка i на пад'ёме запаволiлi крок. Кейсi выцер рукавом лоб i зноў надзеў свой пляскаты капялюш. - Так, Том малайчына, - паўтарыў ён. - Блюзнер, але малайчына. Бывала, на маленнях, памятаю, прасякнецца святым духам зусiм крышачку, а скача ледзь не пад столь. Калi ўжо старога Тома праняло, дык сцеражыся - а то нагамi затопча. Што племянны жарабок у стойле.