Выбрать главу

Том спынiў машыну.

- Тут?

- Ага. Цяпер няхай твае разгружаюцца, а ты iдзi са мной, я запiшу вас. I кладзiцеся спаць. Ранiцай да вас прыйдзе лагерная камiсiя i ўсё вам растлумачыць.

Том апусцiў вочы долу.

- Фараоны? - запытаўся ён.

Вартаўнiк засмяяўся:

- Палiсменаў тут няма. У нас свая ахова. Людзi самi выбiраюць. Хадзем.

Эл саскочыў з грузавiка i падышоў да iх.

- Тут застаёмся?

- Застаёмся, - адказаў Том. - Вы з бацькам разгружайцеся, а я пайду ў кантору.

- Толькi цiшэй, - папярэдзiў вартаўнiк. - Шмат хто ўжо спiць.

Том пакрочыў услед за вартаўнiком па цёмным лагеры i падняўся па прыступках у маленечкi пакойчык, дзе стаялi стары пiсьмовы стол i крэсла. Вартаўнiк сеў да стала i дастаў з шуфляды чысты бланк.

- Зваць як?

- Том Джоўд.

- Стары - гэта твой бацька?

- Ага.

- Як яго зваць?

- Таксама Том Джоўд.

Пытаннi сыпалiся адно за адным. Адкуль прыехалi, колькi ўжо часу ў гэтым штаце, дзе працавалi. Вартаўнiк падняў галаву i глянуў на Тома:

- Я не з цiкаўнасцi. У нас так заведзена.

- Зразумела, - сказаў Том.

- Ну, а грошы ёсць?

- Трохi ёсць.

- Можа, вы зусiм без сродкаў?

- Не, трохi ёсць. А што?

- А тое, што стаянка каштуе даляр на тыдзень, але можна адпрацоўваць вываз смецця, прыбiранне лагера... ну рознае такое.

- Мы адпрацуем.

- Заўтра да вас прыйдзе камiсiя. Раскажуць вам, як тут усiм карыстацца, i растлумачаць правiлы, якiя тут у нас заведзены.

Том сказаў:

- Слухай, а што гэта такое? Што за камiсiя такая?

Вартаўнiк адкiнуўся на спiнку крэсла:

- Яна добра працуе. У лагеры пяць санiтарных аддзяленняў. З кожнага выбiраюць сваiх прадстаўнiкоў у цэнтральную камiсiю. Яна тут усiм распараджаецца. Яе слова - закон.

- А калi хто з iх вельмi крута загне?

- Ну што ж, адклiкаць яго можна таксама лёгка, як i абраць. Ды не, усе добра працуюць. Нядаўна ў нас вось што было. Ведаеш гэтых прапаведнiкаў з секты трасуноў? Ледзь дзе збярэцца народ, яны тут як тут - пропаведзi чытаюць i бляшанку па крузе пускаюць. Ну, наважылiся яны i сюды пранiкнуць. Шмат хто са старэйшых захацеў iх паслухаць. Слова за цэнтральнай камiсiяй. Склiкалi сход i вырашылi так: "Прапаведаваць у лагеры дазваляецца ўсiм. Збiраць ахвяраваннi не дазваляецца нiкому". Старыя нашы зажурылiся, бо з таго дня нiводзiн прапаведнiк тут больш носа не паказвае.

Том засмяяўся i спытаў:

- Значыць, тыя, што запраўляюць лагерам, тут i жывуць?

- Ну так. I гэта толькi на карысць справе.

- А яшчэ ты гаварыў пра палiсменаў...

- Цэнтральная камiсiя сочыць, каб быў парадак, i ўводзiць правiлы. А яшчэ ёсць жаночая камiсiя. Заўтра яны зойдуць да тваёй мацi. Яны за дзецьмi наглядаюць i сочаць за чысцiнёй у санiтарных блоках. Калi мацi твая куды-небудзь на працу не пойдзе, ёй даручаць дзяцей, чые бацькi ходзяць на працу, а калi яна сама дзе ўладкуецца, што ж, на яе месца знойдуцца iншыя. Жанчыны i шыццём займаюцца, тут да нас медыцынская сястра прыходзiць, вучыць iх. Заняткi ёсць розныя.

- Дык што, у вас зусiм фараонаў няма?

- Няма, сэр. Без ордэра на арышт палiсмен сюды не паткнецца.

- Ну, а калi хто наскандалiць цi нап'ецца i кулакi ў ход пусцiць, што тады?

Вартаўнiк праткнуў алоўкам прамакатку:

- Пасля першага разу цэнтральная камiсiя папярэджвае яго. Пасля другога яму даюць строгае папярэджанне. А пасля трэцяга - выганяюць з лагера.

- Госпадзi, проста не верыцца! Сёння пад ноч шэрыфскiя памагатыя i гэтыя малойчыкi ў форменных фуражках цэлы лагер каля рэчкi спалiлi.

- Да нас яны не ходзяць, - сказаў вартаўнiк. - Iншы раз вечарам нашы хлопцы выстаўляюць дазоры ўздоўж агароджы, асаблiва калi ў нас тут танцы вечарам у суботу.

- Кожную суботу танцы? Божачка лiтасцiвы!

- Ва ўсёй акрузе лепшых вечарынак не бывае.

- Вось яно як! Чаму нiдзе больш такiх лагераў няма?

Вартаўнiк насупiўся:

- Давядзецца табе самому дадумацца. Iдзi паспi трохi.

- Добрай ночы, - сказаў Том. - Мацi маёй тут вельмi спадабаецца. З ёю даўно ўжо па-чалавечы не абыходзiлiся.

- Добрай ночы, - адказаў вартаўнiк. - Кладзiся спаць. У нас тут рана ўстаюць.

Том iшоў па праходзе мiж двума радамi палатак. Вочы яго ўжо прывыклi бачыць пры святле зорак. Ён заўважыў, што рады палатак усе прамыя i што смецця каля iх няма. Зямля мiж iмi падмецена i апырскана вадой. З палатак чулася роўнае храпенне. Увесь лагер спаў. Том iшоў не спяшаючыся. Ён падышоў да санiтарнага блока нумар чатыры i з цiкавасцю агледзеў яго: непафарбаваны будынак, нiзенькi i груба скiданы, пад паветкай - некалькi радоў балеяў мыць бялiзну. Непадалёк ён убачыў свой грузавiк i цiхенька падышоў да яго. Брызент быў ужо нацягнуты, пад iм не чулася нi гуку. Падышоўшы блiжэй, ён убачыў, як з ценю, што падаў ад грузавiка, аддзялiлася нечая постаць i пасунулася ў яго бок. Гэта была мацi. Яна цiха запыталася:

- Гэта ты, Том?

- Я.

- Ш-ш!.. - прашаптала яна. - Усе спяць. Вельмi знясiлелi.

- Табе таксама не шкодзiла б паспаць.

- Я цябе чакала. Усё добра?

- Парадак, - адказаў Том. - Але нiчога расказваць не буду. Ранiцай сама пра ўсё даведаешся. Табе тут падабаецца?

Мацi зноў прашаптала:

- Кажуць, у iх тут гарачая вада ёсць.

- Ага, ёсць. А цяпер спаць кладзiся. Я ўжо не прыпомню, калi ты апошнi раз спала.

Але мацi дапытвалася:

- А што ты такое не хочаш мне расказаць?

- Ды нiчога. Iдзi спаць.

I тут яна сказала тонам капрызнай дзяўчынкi:

- А як я засну, калi ўвесь час толькi i думаць буду, чаму ён расказваць не хоча.

- А ты не думай, - сказаў Том. - Ранiцай, як устанеш, надзень свежую сукенку i... тады сама пра ўсё даведаешся.

- Не, я з такiмi думкамi заснуць не змагу.

- А трэба. - Том весела хмыкнуў. - Трэба паспаць.

- Добрай ночы, - цiха прамовiла мацi, прыгнулася i юркнула ў цемру пад брызент.

Том залез цераз заднi борт на машыну. Ён лёг дагары на драўляную платформу i, падклаўшы сплеценыя рукi пад галаву, прыцiснуў локцi да вушэй. Ноч рабiлася халаднейшай. Том зашпiлiў пiнжак на грудзях i зноў закiнуў рукi за галаву. Над iм ззялi яркiя, колкiя зоркi.

Том прачнуўся яшчэ зацемна. Яго пабудзiла нягучнае бразганне. Ён прыслухаўся i зноў пачуў цiхi ляск жалеза аб жалеза. Ён расправiў зацёклыя рукi i ногi i зябка пакурчыўся. Лагер яшчэ спаў. Том прыўзняўся i стаў глядзець цераз борт грузавiка. Горы на ўсходзе былi сiнявата-чорныя, але за iмi, на вачах у яго, занялося кволае святло, кранула абрысы гор бледнай чырванню i, расцякаючыся па небе, рабiлася ўсё халаднейшым, шарэла i меркла, пакуль зусiм не злiлося з непрагляднай ноччу над заходнiм гарызонтам. А ўнiзе, у далiне, зямлю завалакло лiлаватае перадсвiтальнае сутонне. Зноў нешта бразнула. Том правёў позiркам уздоўж шэрагу палатак, крыху святлейшых за шэрань зямлi. Каля адной з iх блiснуў чырванавата-жоўты агеньчык, якi прабiваўся праз шчылiны прапаленай бляшанай печкi. Над куртатай трубой вiўся шэры дымок.

Том пералез цераз борт i саскочыў на зямлю. Не спяшаючыся, ён пайшоў да печкi. Каля яе ўбачыў маладзенькую жанчыну, убачыў, што на сагнутай у локцi руцэ яна трымае грудное дзiця i што яно ссе, схаваўшы галаву пад кофтачку мацi. Маладзiца хадзiла каля печкi, падпраўляла сушняк у топцы, перастаўляла канфоркi, каб была лепшай цяга, адчыняла засланку; а дзiця не пераставала смактаць, i маладая мацi спрытна перакiдвала яго з рукi на руку. Дзiця не замiнала ёй завiхацца каля печкi, не парушала лёгкасцi i зграбнасцi яе рухаў. А чырванавата-жоўтыя язычкi полымя выбiвалiся са шчылiн у печцы i кiдалi трапяткiя блiкi на палатку.

Том падышоў блiжэй. У нос ударыў прыемны пах смажанай свiной грудзiнкi i гарачага хлеба. На ўсходзе хутка святлела. Том падышоў да самай печкi i выцягнуў над ёю рукi. Маладзiца паглядзела на яго, кiўнула яму галавой, i дзве яе касы тузанулiся ў бакi.

- Добрай ранiцы, - павiталася яна i перавярнула скрылiк грудзiнкi на патэльнi.

Полка ў палаткi задралася, i з яе выйшаў малады мужчына, а за iм старэйшы за яго гадамi чалавек. Абодва былi ў сiнiх, новых з выгляду рабочых баваўняных штанах i ў такiх самых куртках са шчыльнай набiўкай, на якiх блiшчалi медныя гузiкi. Абодва мужчыны былi вельмi падобныя адзiн да аднаго - рысы твару рэзкiя, вострыя. У малодшага падбародак зарос цёмнай шчэццю, а ў старэйшага сiвой. Галовы ў iх былi мокрыя, з валасоў сцякала вада, збiраючыся кроплямi на шорсткiх бародах. Шчокi вiльготна паблiсквалi. Яны сталi поплеч i моўчкi пазiралi, як святлее неба на ўсходзе. Потым адначасова пазяхнулi i перавялi позiрк на светлыя краi ўзгоркаў. I тут яны заўважылi Тома.