Выбрать главу

- Добрага ранку, - прамовiў старэйшы, i на яго твары не адбiвалася нi прыязнасцi, нi варожасцi.

- Добрай ранiцы, - адказаў Том.

Малодшы таксама павiтаўся:

- Добрага ранку.

Кроплi вады на iх тварах высыхалi. Абодва падышлi блiжэй i сталi грэць над плiтою рукi.

Маладая жанчына не пераставала ўвiхацца каля печкi. Толькi на хвiлiнку яна пасадзiла дзiця i завязала косы шнурком на патылiцы, i цяпер яны матлялiся ў яе за спiнай. Яна паставiла на вялiкую скрыню алавяныя кубкi i талеркi i каля iх паклала нажы i вiдэльцы, вылавiла з густога сала скрылiкi свiнiны i паклала на алавянае блюда, дзе яны, крыху яшчэ пасквiрчэўшы i пашыпеўшы, ператварылiся ў хрумсткiя скваркi. Потым яна адчынiла дзверцы духоўкi i выняла з яе бляху з вялiкiмi пышнымi праснакамi.

Калi ад бляхi пацягнула пахам гарачых праснакоў, мужчыны глыбока ўдыхнулi носам паветра. Малодшы цiха ўсклiкнуў:

- А божачкi!

Старэйшы мужчына павярнуўся да Тома:

- Ты снедаў?

- Яшчэ не. Мае вунь там. Не паднялiся яшчэ. Адсыпаюцца.

- Дык садзiся з намi. У нас, дзякуй богу, яды хапае.

- Ну дзякуй, - адказаў Том. - Такi смачны дух, што цяжка адмовiцца.

- А што, хiба няпраўда? - сказаў малодшы мужчына. - Ты калi-небудзь чуў пах прыямнейшы? - Абодва падышлi да скрынi i прыселi адзiн супраць аднаго на кукiшкi.

- Працуеш тут? - пацiкавiўся малодшы.

- Толькi збiраюся, - адказаў Том. - Мы сёння пад ноч толькi прыехалi. Я яшчэ не паспеў агледзецца.

- А мы дванаццаты ўжо дзень працуем.

Ад печкi пачуўся голас жанчыны:

- Нават новую адзежу ўжо купiлi. - Мужчыны глянулi на свае каляныя курткi i крыху збянтэжана ўсмiхнулiся. Жанчына паставiла на скрыню талерку са смажанiнай, пышныя, румяныя праснакi, мiску з растопленым салам, кацялок з кавай i таксама прысела на кукiшкi каля скрынi.

Абодва мужчыны напоўнiлi свае талеркi, палiлi праснакi гарачым салам i пасаладзiлi каву.

Старэйшы напхаў поўны рот праснака, жаваў, жаваў, сёрбаў каву i глытаў.

- Божа мой, якая смаката! - сказаў ён i зноў напхаў рот.

Малодшы сказаў:

- Мы дванаццаты ўжо дзень добра ядзiм. Нi разу не было так, каб не пад'елi - i снеданне, i абед, i вячэра. Працуем, атрымлiваем грошы i добра харчуемся. - Ён зноў, ледзь не як ашалелы, накiнуўся на ежу, наклаўшы сабе поўную талерку. Потым абодва мужчыны выпiлi пякучай кавы, выплюхнулi гушчу на зямлю i зноў налiлi ў кубкi.

- Ну, час iсцi, - сказаў старэйшы.

Малады павярнуўся да Тома:

- Слухай, мы тут трубы пракладаем недалёка. Хочаш, пойдзем з намi, можа, i цябе гаспадар возьме.

Том сказаў:

- О, вельмi вам удзячны. I за снеданне дзякуй вялiкi.

- Калi ласка, - сказаў старэйшы. - Мы паспрабуем табе памагчы ўладзiцца на працу, калi хочаш.

- Вы проста наскрозь мяне бачыце - вядома, хачу, - адказаў Том. - Толькi пачакайце хвiлiнку. Я сваiх папярэджу. - Ён паспешлiва пайшоў да сваёй палаткi, нагнуўся i зазiрнуў пад брызент. У прыцемку ўбачыў няясныя постацi на матрацах. Пад адной коўдрай нехта раптам заварушыўся. З-пад яе, выкручваючыся, як змяя, выбралася Руцi, валасы падалi ёй на вочы, сукенка была памятая, уся скручаная. Дзяўчынка асцярожна выпаўзла на жываце з палаткi i стала на ногi. Шэрыя вочы яе са сну глядзелi спакойна i ясна, без гарэзлiвасцi. Том адышоў ад палаткi, кiўком галавы паманiў яе за сабой, вочы iх стрэлiся.

- Госпадзi, як ты расцеш! - сказаў Том.

Руцi сумелася i адвяла позiрк.

- Вось слухай, - сказаў Том. - Нiкога цяпер не будзi, а як падымуцца, скажы, што я пайшоў - можа, на працу ўладкуюся. Маме скажы, я ў суседзяў снедаў. Зразумела?

Руцi кiўнула галавой, што зразумела, i зноў адвярнулася, пагляд вачэй яе быў зусiм дзiцячы.

- Не будзi iх, - яшчэ раз папярэдзiў Том i паспешлiва пакрочыў да сваiх новых знаёмых. А Руцi апаслiва падышла да санiтарнага блока i крадком зазiрнула ў адчыненыя дзверы.

Абодва мужчыны чакалi Тома. Ён вярнуўся. Маладая жанчына выцягнула з палаткi матрац i пасадзiла на яго дзiця, а сама ўзялася мыць бялiзну.

Том сказаў:

- Мне трэба было сказаць бацькам, куды я пайшоў. Яны яшчэ спяць. - Усе трое пакрочылi па праходзе мiж палатак.

Лагер пачынаў ажываць. Каля толькi што разведзеных вогнiшчаў завiхалiся жанчыны, рыхтавалi снеданне - рэзалi мяса, мясiлi цеста на праснакi. А мужчыны пахаджвалi каля палатак i каля машын. Неба было ўжо ружовае. Перад канторай высокi худы стары клапатлiва разраўноўваў граблямi дарожку. Ён так вадзiў граблямi, што вузкiя баразёнкi выходзiлi простыя i глыбокiя.

- Нешта ты сёння рана падняўся, бацька, -сказаў яму малады чалавек, калi яны ўсе трое праходзiлi мiма.

- Ага, так. За пастой адпрацоўваю.

- За пастой! - усмiхнуўся малады. - Ён напiўся ў суботу вечарам i дапазна гарланiў песнi ў сваёй палатцы. Камiсiя ў пакаранне прымусiла яго папрацаваць. - Яны iшлi цяпер па краi чорнай ад мазуту дарогi, абсаджанай з аднаго боку арэхавымi дрэвамi. З-за гор вызiрнуў абадок сонца. Том сказаў:

- Дзiўна неяк. Я паснедаў у вас, а як зваць мяне, не сказаў, i вы таксама не назвалiся. Я - Том Джоўд.

Старэйшы глянуў на яго i слаба ўсмiхнуўся:

- Ты, вiдаць, у гэтых краях нядаўна?

- Усяго некалькi дзён.

- Так я i думаў. Проста дзiўна - i хутка ж тут адвыкаеш iмя сваё называць... так шмат народу. Адзiн аднаго тут клiчуць проста "прыяцель". Дык вось, сэр, зваць мяне Цiмацi Ўолес, а гэта сын мой - Уiлкi.

- Вельмi прыемна, - сказаў Том. - А вы самi тут даўно?

- Дзесяць месяцаў, - адказаў Уiлкi. - Мы прыбылi сюды ў самым хвасце леташняга патоку бежанцаў. А госпадзi! Ну i часiна была, ну i часiна! Ледзь з голаду не памерлi. - Iх чаравiкi пастуквалi па грунтавой дарозе. Мiма прайшоў грузавiк, поўны людзей, паглыбленых у свае думкi. Яны трымалiся за барты i панура пазiралi на дарогу.

- Гэтыя працуюць на газавую кампанiю, - сказаў Цiмацi. - Добра зарабляюць.

- Я мог бы ўзяць наш грузавiк, - прапанаваў Том.

- Не, не варта. - Цiмацi нахiлiўся i падабраў з зямлi зялёны грэцкi арэх. Калупнуў яго пазногцем i шпурнуў у чорнага дразда, якi сядзеў на драцяной агароджы. Дрозд успырхнуў i, калi арэх праляцеў пад iм, зноў апусцiўся на дрот i пачысцiў дзюбкай блiскучае чорнае пер'е.

Том запытаўся:

- А ў вас машыны няма?

Абодва Ўолесы змоўчалi, i, глянуўшы на iх, Том убачыў збянтэжанасць на iх тварах.

Уiлкi сказаў:

- Туды, дзе мы працуем, недалёка - усяго адна мiля, вось па гэтай дарозе.

Цiмацi сярдзiта загаварыў:

- Не, няма ў нас машыны. Прадалi. Вымушаны былi. Есцi не было чаго, хоць зубы на палiцу кладзi. Працу таксама не маглi знайсцi. А тут кожны тыдзень прыходзяць скупшчыкi. Прыйдзе такi, убачыць, што ты галодны, i бярэцца купiць тваю машыну. I калi ты досыць ужо згаладаўся, ён у цябе яе за бясцэнак купляе. А мы... мы былi ох якiя галодныя. За дзесяць даляраў прадалi. - Цiмацi плюнуў на дарогу.

Уiлкi спакойна сказаў:

- На тым тыднi я ў Бейкерсфiлдзе быў. Бачыў яе... выстаўлена на продаж... стаiць сабе наша машына, а на бiрцы цана - семдзесят даляраў.

- У нас выйсця не было, - зноў загаварыў Цiмацi. - Вырашылi: лепей няхай нас абрабуюць, чым мы iх. Да крадзяжу мы яшчэ не дайшлi, але ох як былi мы блiзка да яго!

Том сказаў:

- А мы, ведаеце, перад ад'ездам чулi, што работы тут да чорта. I яшчэ лiсткi такiя чыталi, у якiх людзей сюды заклiкалi.

- Так, - сказаў Цiмацi, - мы iх таксама чыталi. А работы тут мала. I плата ўвесь час падае. Галава балiць ад думак, як пракармiцца.

- Цяпер жа ў вас праца ёсць, - нагадаў яму Том.

- Ёсць, толькi гэта ненадоўга. Гаспадар у нас добры. Участак у яго невялiкi. Разам з намi працуе. Але ненадоўга ўсё гэта.