Выбрать главу

Том сказаў:

- Нашто ж вам мяне ўладкоўваць? Утраiх з работай яшчэ хутчэй справiмся. Вы ж самi сабе да горла нож падносiце, чаму так робiце?

Цiмацi пакруцiў галавой:

- Не ведаю. Вiдаць, па дурноце. Мы думалi купiць сабе капелюшы. Толькi наўрад цi ўдасца. Вунь яго ўчастак, направа. Праца выгадная. Трыццаць цэнтаў у гадзiну. I гаспадар добры, з намi па-прыяцельску.

Яны збочылi з дарогi i прайшлi па пасыпанай жвiрам дарожцы цераз невялiкi агародчык; за прысадамi стаялi белы дамок сярод купкi цянiстых дрэў i адрына; за адрынай вiднеўся вiнаграднiк i баваўнянае поле. Калi яны параўнялiся з дамком, сеткаватыя дзверы на ганку грукнулi, i па прыступках спусцiўся загарэлы каржакаваты чалавек у кардонным шлеме. Ён iшоў па двары, падкасваючы на хаду рукавы кашулi. Яго густыя, абсмаленыя сонцам бровы пахмурна ссунулiся. Шчокi былi чырвоныя ад загару.

- Добрага вам ранку, мiстэр Томас, - павiтаўся Цiмацi.

- Добрага, - раздражнёна буркнуў той.

Цiмацi сказаў:

- Гэта Том Джоўд. Можа, вы знойдзеце магчымасць узяць яго на працу?

Гаспадар сярдзiта глянуў на Тома i раптам рагатнуў, але бровы ў яго так i засталiся насупленымi.

- О, вядома, вядома. Я яго вазьму. Я ўсiх, каго хочаце, вазьму. Можа, i цэлую сотню вазьму.

- Мы проста думалi... - прабачлiвым тонам пачаў быў Цiмацi.

Томас перабiў яго:

- Ага, i я таксама думаў. - Ён крута павярнуўся тварам да iх. - Мне трэба з вамi пагаварыць. Я плачу вам трыццаць у гадзiну, так?

- Так, мiстэр Томас... але мы...

- I за трыццаць цэнтаў вы робiце, што мне трэба. - Томас пераплёў пальцы сваiх вялiкiх агрубелых рук.

- Мы стараемся добра працаваць.

- Ну дык вось, хопiць. З сённяшняга дня я плачу вам дваццаць пяць у гадзiну, хочаце - заставайцеся, не хочаце - iдзiце. - Чырвань на яго твары пацямнела ад гневу.

Цiмацi сказаў:

- Мы добра працавалi. Вы самi казалi.

- Казаў. Але цяпер усё так павярнулася, што, здаецца, я не магу наймаць людзей. - Томас глынуў слiну. - Вось слухайце. У мяне шэсцьдзесят пяць акраў зямлi. Пра Асацыяцыю фермераў вы калi-небудзь чулi?

- Ну, вядома, чулi.

- Дык вось, я ў яе ўваходжу. Учора вечарам у нас быў сход. А хто верхаводзiць у Асацыяцыi, ведаеце? Зараз скажу. Заходнi банк. Банку гэтаму належыць ледзь не ўся наша далiна, а што не яго, на тое ён мае вэксалi па пазыках. I ўчора адзiн банкаўскi прадстаўнiк сказаў мне: "Вы плацiце трыццаць цэнтаў у гадзiну. Давядзецца вам збавiць да дваццацi пяцi". Я кажу яму: "У мяне добрыя работнiкi. Такiм не шкада i трыццаць даць". А ён мне: "Не ў гэтым справа. Цяпер устаноўлена плата дваццаць пяць цэнтаў. Калi будзеце плацiць трыццаць, узнiкне незадавальненне. I дарэчы, кажа, вам, напэўна ж, зноў спатрэбiцца пазыка ў наступным годзе пад новы ўраджай, цi ж не так?" - Томас замаўчаў. Ён цяжка i хрыпла дыхаў. - Цяпер ясна? Стаўка - дваццаць пяць цэнтаў - i за гэта дзякуй скажыце.

- Мы старанна працавалi, - разгублена прамовiў Цiмацi.

- Да вас яшчэ не дайшло? Пан Банк наймае дзве тысячы чалавек, а я ўсяго толькi вас траiх. У мяне даўгавыя абавязацельствы. Вось i паварушыце мазгамi. Калi знойдзеце выйсце, я, бог сведка, пярэчыць не буду. Яны мяне ў кут загналi.

Цiмацi пакруцiў галавой:

- Не ведаю, што i казаць.

- Хвiлiнку пачакайце. - Томас шпарка падняўся на ганак. За iм з грукатам зачынiлiся дзверы. Праз момант ён вярнуўся з газетай у руцэ. - Вось, бачылi? Я вам прачытаю. "Грамадзяне, абураныя дзейнасцю чырвоных агiтатараў, спалiлi перасяленчы лагер. Мiнулай ноччу група грамадзян, выведзеная з цярпення агiтацыяй, якая праводзiлася ў мясцовым лагеры перасяленцаў, спалiла датла палаткi i запатрабавала ад агiтатараў пакiнуць нашу акругу".

Том пачаў быў:

- Ага, я... - i раптам асекся i сцiснуў губы.

Томас акуратна склаў газету i засунуў яе ў кiшэню. Ён ужо авалодаў сабой. Спакойна сказаў:

- Людзей гэтых паслала туды Асацыяцыя. Вось я iх i выдаў. I калi там даведаюцца, што я вам сказаў, дык у наступным годзе фермы ў мяне ўжо не будзе.

- Проста розуму не дабяру, што сказаць, - паўтарыў Цiмацi. - Калi там на самай справе былi агiтатары, тады зразумела, чаму ў Асацыяцыi так раз'юшылiся.

Томас сказаў:

- Я даўно да ўсяго гэтага прыглядаюся. Перад кожным знiжэннем платы абавязкова паяўляюцца чырвоныя агiтатары. Абавязкова. Каб на iх чорт, яны завабiлi мяне ў пастку. Дык як, што вы вырашылi? Дваццаць пяць цэнтаў?

Цiмацi апусцiў вочы долу.

- Я згодзен, - вымавiў ён.

- I я, - сказаў Уiлкi.

Том сказаў:

- Ну, здаецца, мне пашанцавала як на першы раз. Канешне, я таксама буду працаваць у вас. Мне адмаўляцца нельга.

Томас выцягнуў з задняй кiшэнi штаноў стракатую шаўковую насоўку i выцер ёю губы i падбародак.

- Проста не ведаю, колькi яшчэ так будзе далей. I як вы толькi ўхiтраецеся сям'ю пракармiць на такiя грошы, не магу зразумець.

- Пакуль працуем - кормiмся, - сказаў Уiлкi. - А вось як работы няма...

Томас глянуў на свой наручны гадзiннiк.

- Ну хадзем, выкапаем канаву. А бог з iм, - раптам сказаў ён рашуча, - так i быць, скажу. Вы жывяце ва ўрадавым лагеры, так?

Цiмацi насцярожыўся.

- Так, сэр.

- I кожны суботнi вечар у вас там танцы?

Уiлкi ўсмiхнуўся:

- А як жа.

- Дык вось што. У наступную суботу будзьце асцярожныя.

Цiмацi раптам ускiнуў галаву i падступiў блiжэй да Томаса.

- Што вы маеце на ўвазе? Я член цэнтральнай камiсii. Я павiнен ведаць.

Томас паглядзеў на яго з асцярогай.

- Нiкому не кажыце, што ад мяне даведалiся.

- А што такое?

- У Асацыяцыi цярпець не могуць гэтых урадавых лагераў. Шэрыфавых падручных туды не пашлеш. Там, я чуў, людзi самi сабе законы пiшуць, i без ордэра нiкога нельга арыштаваць. Дык вось, калi ў вас распачнецца бойка цi там стралянiна, тады да вас заявяцца шэрыфавы падручныя i ачысцяць лагер ад усiх вас.

Цiмацi раптам неяк перамянiўся. Ён расправiў плечы, вочы ў яго сталi халодныя.

- Вы хочаце сказаць, што...

- Толькi нiкому не расказвайце, што ад мяне чулi, - прамовiў Томас з трывогай у голасе. - У суботу вечарам у вашым лагеры выбухне бойка. А шэрыфавы агенты будуць напагатове.

Том недаўменна запытаўся:

- Навошта ўсё гэта? Людзi ж нiкому не перашкаджаюць.

- Я скажу табе навошта, - адказаў Томас. - Людзi ў гэтым лагеры прывыкаюць да чалавечнага абыходжання. А потым трапiць з iх хто ў лагер перасяленцаў, i з iм будзе цяжка справiцца. - Ён зноў сцёр насоўкай пот з твару. - Ну iдзiце, працуйце. Далiбог, дагаварылiся мы з вамi да таго, што я без фермы застануся. Але вы мне як людзi падабаецеся.

Цiмацi павярнуўся да яго i падаў яму сваю худую мазолiстую руку, i Томас пацiснуў яе.

- Нiхто не даведаецца, хто нам сказаў. Дзякуй вам ад нас. Бойкi не будзе.

- Бярыцеся за справу, - сказаў Томас. - I памятайце: дваццаць пяць цэнтаў у гадзiну.

- Папрацуем i за столькi... - сказаў Уiлкi, - на вас.

Томас пакрочыў да дамка.

- Я праз хвiлiнку таксама прыйду, - сказаў ён. - А вы бярыцеся за справу. - Сеткаватыя дзверы зачынiлiся за iм.

Том i Ўолесы мiнулi выбеленую вапнай адрыну i па ўскрайку поля падышлi да доўгай вузкай канавы, уздоўж якой ляжалi секцыi бетоннай трубы.

- Вось тут мы i працуем, - сказаў Уiлкi Тому.

Яго бацька адчынiў адрыну i вынес адтуль дзве кiркi i тры рыдлёўкi. Ён сказаў Тому:

- На, бяры сваю красуню.

Том узважыў кiрку ў руцэ.

- Ого! Якраз мне да пары.

- Пабачым, што ты ў адзiнаццаць гадзiн запяеш, - усмiхнуўся Ўiлкi. Паглядзiм, якая яна табе пара.

Яны падышлi да канца няскончанай канавы. Том зняў пiнжак i кiнуў яго на груду выкапанай зямлi. Ён адсунуў кепку з iлба i ступiў у канаву. Папляваў на далонi. Кiрка ўзляцела ў паветра i апусцiлася, блiснуўшы на сонцы. Том цiха кракнуў. Кiрка ўзвiвалася ўгору i падала, i краканне чулася якраз у той момант, калi лязо ўгрызалася ў зямлю, рассякаючы грунт.

Уiлкi ўсклiкнуў:

- Вось гэта я разумею! Ну i землякоп нам, та, трапiўся! Ён з кiркай, як з роднай.