Выбрать главу

Том узняў на яго вочы - арлiны нос, скуласты смуглы твар, кароткi, нiбы зрэзаны, падбародак.

- Кажуць, ты напалову iндзеец. А па-мойму, ты поўны iндзеец.

- Не, - адказаў Джул. - Я паўкровак. Лепш быў бы чыстакроўны. Мог бы ўчастак мець у рэзервацыi. Там жыць можна, некаторым.

- Зiрнi, колькi народу, - сказаў Том.

Госцi праходзiлi праз вароты: сем'i фермераў, перасяленцы з прыдарожных лагераў. Дзецi старалiся хутчэй вырвацца з-пад апекi дарослых, але паважныя бацькi стрымлiвалi iх.

Джул сказаў:

- Неяк забаўна ў нас выходзiць з гэтымi танцамi. Людзi ў лагеры бедныя, нiчога за душой у iх няма, а ходзяць гордыя, бо могуць запрашаць сюды на танцы знаёмых. I тыя iх за гэта паважаюць. Я тут у аднаго гаспадара на маленькай ферме працаваў. Правёў яго сюды неяк раз на танцы. Запрасiў яго, i ён прыехаў. Потым кажа: нiдзе ва ўсёй акрузе не бывае такiх прыстойных танцавальных вечароў - сюды можна i дочак, i жонку з сабой браць. Гэй, глянь!

Праз вароты праходзiлi трое маладых людзей - трое рабочых у джынсах. Яны трымалiся разам. Вартаўнiк каля варот спынiў iх, яны адказалi на яго пытаннi i прайшлi ў лагер.

- Пасачы за iмi, - сказаў Тому Джул i падышоў да вартаўнiка. - Хто iх запрасiў?

- Нейкi Джэксан, сектар нумар чатыры.

Джул вярнуўся да Тома.

- Вiдаць, яны самыя i ёсць, - сказаў ён.

- Адкуль ты ведаеш?

- Ды так - здаецца. У iх нейкi выгляд насцярожаны. Iдзi за iмi, пакажы iх Уiлi Iтану, i няхай ён знойдзе Джэксана з чацвёртага аддзялення. Трэба праверыць iх. А я тут пабуду.

Том пайшоў следам за трыма маладымi людзьмi. Яны падышлi да танцавальнай пляцоўкi i спакойна сталi з краю натоўпу. Каля аркестра Том убачыў Уiлi i паманiў яго рукою да сябе.

- Ну, што ў цябе? - запытаўся Ўiлi.

- Вунь тыя трое - бачыш?

- Ага.

- Сказалi, што iх запрасiў нейкi Джэксан з чацвёртага.

Уiлi выцягнуў шыю, адшукаў вачамi Хастана i падазваў яго.

- Вунь тыя трое, - сказаў ён. - Трэба знайсцi Джэксана з чацвёртага аддзялення i даведацца, цi запрашаў ён iх.

Хастан павярнуўся на абцасах i пайшоў; праз некалькi хвiлiн ён падвёў да Ўiлi i Тома сухарлявага, з шырокай косцю, тэхасца.

- Вось ён, Джэксан, - сказаў Хастан. - Паслухайце, Джэксан, бачыце тых трох хлопцаў?

- Ну.

- Вы iх запрашалi сюды?

- Не.

- Раней калi бачылi iх?

Джэксан прыгледзеўся больш уважлiва.

- Ну бачыў. Разам у Грэгорыё працавалi.

- Значыць, прозвiшча ваша iм вядомае?

- Ну так. Мы працавалi побач.

- Добра, - сказаў Хастан. - Вы, хлопцы, да iх не падыходзьце. Калi нiчога дрэннага не зробяць, мы не будзем iх выправоджваць. Дзякуй вам, мiстэр Джэксан. - Тому ён сказаў: - Добра зроблена. Думаю, яны самыя i ёсць.

- Гэта Джул iх запрыкмецiў, - сказаў Том.

- Дзiва што! - усклiкнуў Уiлi. - Iндзейская кроў, чуццём бярэ. Ну, пайду пакажу iх сваiм хлопцам.

З натоўпу выскачыў падлетак гадоў шаснаццацi i спынiўся перад Хастанам, ледзь пераводзячы дух.

- Мiстэр Хастан, - загаварыў ён, - я зрабiў усё, як вы загадалi. Адна машына стала каля эўкалiптаў - у ёй шасцёра, а яшчэ адна з чатырма пасажырамi спынiлася на дарозе з паўночнага боку. Я падышоў да iх, папрасiў даць прыпалiць. У iх рэвальверы. Сам бачыў.

Позiрк у Хастана зрабiўся суровы, жорсткi.

- Уiлi, - сказаў ён, - у цябе ўсё гатова, ты праверыў?

Уiлi ашчэрыўся вясёлай усмешкай:

- Будзьце спакойныя, мiстэр Хастан. Усё будзе зроблена як належыць.

- Толькi нiкога не бiць. Запомнi. Калi зможаце - толькi па-добраму, спакойна, прывядзiце iх да мяне. Я буду ў сваёй палатцы.

- Пастараемся, - сказаў Уiлi.

Танцы яшчэ фармальна не пачалiся, i Ўiлi падняўся на пляцоўку.

- Разбiрайцеся па чацвёра! - крыкнуў ён.

Аркестр замаўчаў. Юнакi i дзяўчаты, маладыя мужчыны i жанчыны забегалi па вялiкай танцавальнай пляцоўцы i нарэшце выстраiлiся ў восем чацвёрак выстраiлiся i чакалi пачатку. Дамы стаялi, падняўшы рукi перад сабой i сашчапiўшы далонi. Кавалеры нецярплiва пераступалi з нагi на нагу. Старыя i пажылыя сядзелi вакол пляцоўкi, ледзь прыкметна ўсмiхаючыся, не адпускалi ад сябе дзяцей, якiя рвалiся на сярэдзiну пляцоўкi. А там, каля палатак, сядзелi праведныя хрысцiяне i з асуджэннем на суровых тварах высочвалi грэх.

Мацi i Ружа Сарона селi на лаўку. I калi кавалеры запрашалi Ружу Сарона на танец, мацi гаварыла: - Не, яна нешта дрэнна сябе сёння адчувае. - А Ружа Сарона кожны раз залiвалася чырванню, i вочы ў яе загаралiся.

Распарадчык танцаў Уiлi Iтан выйшаў на сярэдзiну i падняў рукi:

- Усе гатовыя? Пачалi!

Грымнуў аркестр, гулка i пранiзлiва зайграў вiрджынскую кадрылю "Куранё" завiшчала скрыпка, хрыпла загугнiлi гармонiкi, заракаталi на басах гiтары. Распарадчык выкрыкваў фiгуры, чацвёркi паварочвалiся, сходзiлiся, адступалi.

- Бярыцеся за рукi, кружыце дам. - Разгарачыўшыся, Уiлi сам адбiваў такт нагамi, важна хадзiў узад i ўперад, снаваў сярод танцораў, паказваючы новую фiгуру. - Кружыце дам, i далiкатней. Цяпер кола, шырэй! - Музыка то грымела на ўсю моц, то зацiхала, а падэшвы адбiвалi такт, як барабанны дробат. - Паварот направа, паварот налева, рукi адпусцiць, паварот кругом! - высокiм голасам энергiчна выкрыкваў Уiлi. I ўжо прычоскi ў дзяўчат сталi не такiя гладзенькiя, у кавалераў на лбе выступiлi кроплi поту. I вось ужо хвацкiя танцоры пачалi выкiдваць адмысловыя каленцы. А старыя i пажылыя, што сядзелi па краях пляцоўкi, захопленыя рытмам танца, нягучна пляскалi ў далонi, прытупвалi нагамi, мякка ўсмiхалiся адзiн аднаму, кiвалi галовамi.

Мацi прашаптала на вуха Ружы Сарона:

- Хочаш вер, хочаш не, але тата твой быў хвацкi танцор у маладыя гады, лепшага я не бачыла. - Мацi ўсмiхнулася: - Не хочучы, старыя часы прыгадаеш. Усмешкi на тварах астатнiх гледачоў таксама былi народжаныя ўспамiнамi пра даўнейшае.

- У нас там, у Аклахоме, каля Маскагi, гадоў дваццаць назад быў сляпы скрыпач...

- Я некалi бачыў аднаго хвата - падскочыць i чатыры разы абцасамi прыстукнуць паспее.

- А шведы ў Дакоце, ведаеце, што робяць? Насыплюць перцу на падлогу, жанчынам пад спаднiцу трапiць, i яны такiя жвавыя, такiя рэзвыя робяцца, што тая кабылка ўвесну. Шведы часам так робяць.

А верныя паслядоўнiкi Хрыста здаля сачылi за танцамi i трымалi пры сабе дзяцей, якiм не сядзелася на месцы.

- Гляньце, вунь якi грэх учыняюць, - гаварылi яны. - Гэтыя людзi так i ўедуць у пекла на качарзе. Проста сорам набожным бачыць такое. - Дзецi iх слухалi i трывожна маўчалi.

- Яшчэ адно кола, i перадышка, - нараспеў прагаварыў распарадчык Уiлi Iтан. - Задайце жару напаследак. - Распараныя, расчырванелыя дзяўчаты танцавалi, растулiўшы вусны, з урачыстым, пачцiвым выразам на твары, а хлопцы адкiдалi з iлба доўгiя валасы i выраблялi курбеты, разводзячы ногi ў бакi, прыстуквалi абцасамi. Чацвёркi выходзiлi наперад, перасякалi пляцоўку наўскасяк, адступалi назад, кружылiся пад гучную, вiсклiвую музыку.

I раптам аркестр змоўк. Танцоры застылi на месцы, прагна хапаючы ротам паветра. Дзецi, быццам сарваўшыся з ланцуга, кiнулiся на пляцоўку i сталi бегаць, ганяцца адзiн за адным, коўзацца па падлозе, зрываць адзiн у аднаго кепкi, цягаць за валасы. Танцоры селi, абмахваючыся рукамi. Музыканты паднялiся, расправiлi плечы i зноў селi. Цiха забрынкалi гiтарысты, падцягваючы струны.

Нарэшце Ўiлi крыкнуў:

- Разбiрайцеся зноў па чацвёрках, хто яшчэ можа.

Танцоры цяжка адарвалiся ад лавак, i кавалеры зноў кiнулiся запрашаць дам. Том стаяў блiзка ад траiх маладых людзей, за якiмi сачыў. Ён бачыў, як яны працiснулiся на танцпляцоўку i накiравалiся да адной з чацвёрак. Скрыпач iрвануў смычком па струнах. Дваццаць чалавек лянiвай паходкай выйшлi на сярэдзiну пляцоўкi. Тыя трое ўжо падышлi да чацвёркi. Адзiн з iх сказаў:

- Я буду танцаваць з гэтай дзяўчынай.

Бялявы хлапец здзiўлена падняў на яго вочы:

- Гэта мая дама.

- Ты мне яшчэ пагавары, сапляк.

Аднекуль з цемры пачуўся рэзкi свiст. Траiх гасцей iмгненна ўзялi ў кола. I кожны з iх адчуў на сабе моцныя рукi. Цеснае кола людзей пасунулася з пляцоўкi.

Уiлi крыкнуў танцорам: