Выбрать главу

Першай выспявае вiшня. Паўтара цэнта фунт. А цi варта нам абiраць яе дзеля такiх грошай? Чорныя вiшнi, чырвоныя вiшнi - налiўныя, салодкiя, i птушкi напалову здзёўбваюць iх, а ў ямкi, зробленыя iмi, з гудзеннем упiваюцца жоўтыя восы. I костачкi падаюць на зямлю i засыхаюць разам з чорнай мякаццю.

Слiвы робяцца мяккiмi i салодкiмi. Госпадзi, мы ж не можам iх абiраць, сушыць, абкурваць серай! Няма чым плацiць зборшчыкам нават па самай нiзкай цане. I шаравата-лiловыя слiвы густым дываном усцiлаюць зямлю. Спачатку скурка збiраецца маршчынкамi, i раi мух злятаюцца на баль, i па далiне разносiцца саладжавы водар тлення. Мякаць цямнее, i ўвесь ураджай псуецца на зямлi.

А ўжо жаўцеюць i налiваюцца сокам грушы. Пяць даляраў тона. Пяць даляраў за сорак скрынь, пяцьдзесят фунтаў кожная. А дрэвы ж трэба было падразаць, апырскваць, сад старанна даглядаць, а цяпер - абiрай грушы, пакуй iх у скрынi, грузi на машыны, адвозь на кансервавы завод. За сорак скрынь - пяць даляраў. Не, мы гэтак не можам. I мяккiя плады цяжка падаюць на зямлю i сплюшчваюцца ў блiн. Восы ўпiваюцца ў салодкую масу, i ў паветры стаiць пах браджэння i гнiлi.

На чарзе вiнаград. Мы не можам вырабляць добрае вiно. Добрае вiно пакупнiку не па кiшэнi. Рвiце вiнаград з лоз - i цэлы, i гнiлы, i аб'едзены восамi. Пад прэс пойдзе ўсё - i галiнкi, i гразь, i гнiль.

Але ў чанах утвараецца мучнiстая раса i мурашыная кiслата.

Дадайце серы i танiну.

Браджэнне вылучае даўкi водар вiна, ад якога патыхае гнiеннем i хiмiкалiямi.

Ну i што? Ва ўсякiм разе, у iм ёсць алкаголь. Напiцца можна.

Дробныя фермеры бачаць, што даўгi падпаўзаюць да iх, няўхiльна, як марскi прылiў. Яны апырсквалi сад, а ўраджаю не прадалi, яны падразалi i прышчэплiвалi дрэвы, а сабраць ураджай не змаглi. Вучоныя людзi працавалi, старалiся, думалi, а плён iхняй працы гнiе на зямлi, i смуроднае месiва ў вiнных чанах атручвае паветра. Паспытайце гэтага вiна - вiнаградам i не пахне, адна серная i танiнавая кiслата i алкаголь.

У наступным годзе гэты маленькi фруктовы сад увойдзе ў склад вялiкага ўладання, бо гаспадара яго задушаць даўгi.

А гэты вiнаграднiк пяройдзе ва ўласнасць банка. Выжыць могуць толькi буйныя ўласнiкi, бо ў iх ёсць кансервавыя заводы. А чатыры грушы, абабраныя i парэзаныя на паловы, звараныя i закансерваваныя, па-ранейшаму каштуюць пятнаццаць цэнтаў. Кансерваваныя грушы не псуюцца. Гадамi могуць стаяць.

Тленнем патыхае ўвесь штат, i ў гэтым саладжавым паху - вялiкае гора зямлi. Людзi, што ўмеюць прышчэплiваць дрэвы, выводзiць усходжае буйное насенне, не ведаюць, што трэба зрабiць, каб галодныя маглi есцi тое, што яны вырасцiлi. Людзi, што стварылi новыя плады, не могуць стварыць грамадскага ладу, пры якiм плады гэтыя былi б спажытыя людзьмi. I атмасфера паражэння навiсае над штатам, як цяжкае гора.

Плён каранёў вiнаграднай лазы i дрэў трэба вынiшчаць, каб не падалi цэны, - i гэта самае сумнае, самае горкае, што можа быць на свеце. Апельсiны цэлымi вагонамi ссыпаюць на зямлю. Людзi едуць за некалькi мiль, каб падабраць выкiнутыя фрукты, але ж гэтага нельга дапусцiць. Хто ж будзе плацiць за апельсiны па дваццаць цэнтаў тузiн, калi можна з'ездзiць за горад i ўзяць iх дарма. I тут прыязджаюць iншыя людзi i аблiваюць апельсiнавыя россыпы газай са шлангаў i кiпяць гневам самi на сябе за такое злачынства, кiпяць гневам на тых, хто прыязджае падбiраць фрукты. Мiльёны галодных маглi б пад'есцi iмi, а залацiстыя горы аблiваюць газай.

I над краем стаiць пах гнiення.

Палiце каву ў параходных топках. Палiце кукурузу замест дроў - яна гарыць гарачым полымем. Скiдайце бульбу ў рэчкi i стаўце ахову на берагах, каб яе не вылавiлi галодныя. Калiце свiней i закопвайце iхнiя тушы ў зямлю, i няхай зямля насыцiцца тленнем.

Гэта злачынства, якому няма апраўдання. Гэта гора, якога нельга вымераць нiякiмi слязьмi. Гэта паражэнне, якое зрынае ў прах усе нашы дасягненнi. Урадлiвая глеба, роўныя рады дрэў, моцныя ствалы i спелыя фрукты. А дзецi памiраюць ад пелагры, яны павiнны памерцi, бо апельсiны не прыносяць прыбытку. I следчыя выдаюць даведкi - смерць у вынiку недаядання; таму што ежа павiнна гнiць, таму што ежу гнояць наўмысна.

Людзi прыходзяць з сеткамi вылоўлiваць бульбу з рэчкi, але ахоўнiкi гоняць iх прэч; людзi прыязджаюць на бразгатлiвых аўтамабiлях па выкiнутыя апельсiны, але яны ўжо апырсканыя газаю. I людзi анямела стаяць, пазiраюць на бульбу, што праплывае мiма, чуюць вiск свiней, якiх колюць i засыпаюць вапнай у ямах, глядзяць на апельсiнавыя горы, што апаўзаюць, ператвараючыся ў гнiлую жыжу; i ў вачах у людзей - паражэнне; у вачах галодных дзяцей нарастае гнеў. У душах людзей налiваюцца i спеюць гронкi гневу - цяжкiя гронкi, i яны ўсё налiваюцца i цяжэюць.

РАЗДЗЕЛ ДВАЦЦАЦЬ ШОСТЫ

Неяк вечарам ва Ўiдпэтчскiм лагеры, калi доўгiя перыстыя аблокi навiслi над тым месцам, дзе за гарызонт апусцiлася сонца, палымнеючы па краях ад яго водсветаў, сям'я Джоўдаў доўга не разыходзiлася пасля вячэры, мацi не адразу ўзялася за посуд.

- Нешта трэба рабiць, - сказала яна i вачамi паказала на Ўiнфiлда. Зiрнiце на яго. - Усе павярнулi галовы да хлопчыка. - Ён тузаецца i круцiцца ў сне. Бачыце, якi бледны? - Усе сарамлiва апусцiлi галовы. - На адных праснаках сядзiць. Мы тут ужо месяц. Том папрацаваў усяго пяць дзён. А астатнiя? Скрабяцеся недзе цэлымi днямi, а работы нiяк не знойдзеце. I шчыра пагаварыць баiцеся. Грошы канчаюцца. А вы баiцеся пагаварыць. Павячэраеце - i хто куды. Духу не хапае пагаварыць начыстату. А трэба. Разашарна ўжо хутка разродзiцца, а зiрнiце, якая яна бледная. Прыйшоў час пагаварыць. I няхай нiхто з вас не падымаецца з месца, пакуль мы не абмяркуем, як далей жыць. Сала засталося на адзiн дзень, мукi - на два, i яшчэ ёсць з дзесятак бульбiн. Вось i пасядзiце, паварушыце мазгамi!

Усе маўчалi, пазiраючы сабе пад ногi. Бацька счышчаў складаным ножыкам гразь з-пад сваiх тоўстых пазногцяў. Дзядзька Джон паторгаў адшчэпленую трэску на скрынi, на якой сядзеў. Том ушчыкнуў пальцамi нiжнюю губу i адцягнуў яе ад зубоў.

Ён адпусцiў губу i цiха прамовiў:

- Мы шукаем, ма. Ходзiм паўсюль пеша, бо бензiну не набярэшся. Заходзiм у кожныя вароты, у кожны дом, хоць i ведаем - без толку. Цяжка на душы. Шукаць работу i ведаць - усё роўна нiчога не знойдзеш.

Мацi гнеўна сказала:

- Якое вы маеце права падаць духам? Сям'я гiне. Няма ў вас такога права.

Бацька ўважлiва агледзеў выскрабены пазногаць.

- Давядзецца ехаць адсюль, - сказаў ён. - Вельмi не хочацца, а давядзецца. Лагер добры, i людзi тут добрыя. Усё баiмся, што трапiм у якi-небудзь новы гувервiль.

- Раз трэба, дык трэба. Галоўнае - каб есцi было што.

Умяшаўся Эл:

- Бензiн у мяне ёсць - цэлы бак. Не хацеў толькi вам казаць.

Том усмiхнуўся:

- Эл у нас хоць i шалапут, а, бывае, цямiць.

- Ну, думайце, - сказала мацi. - Больш я не магу глядзець, як сям'я галадае. Сала ў мяне на адзiн дзень. I ўсё. Разашарна абрадзiцца, яе трэба добра кармiць. Думайце!

- Тут вада гарачая, туалеты... - пачаў бацька.

- Туалетамi сыты не будзеш.

Том сказаў:

- Сёння прыязджаў адзiн, клiкаў нас у Мэрысвiль. Фрукты збiраць.

- Чаму ж нам туды не паехаць? - рашуча запыталася мацi.

- Сам не ведаю, - адказаў Том. - Нешта не спадабаўся мне гэты чалавек. Вельмi ўжо ўгаворваў. А плата якая, не сказаў.

Мацi прамовiла: