Выбрать главу

- Едзем. Едзем у Мэрысвiль. Няважна, колькi заплацяць. Едзем.

- Вельмi ўжо далёка, - сказаў Том. - На бензiн не хопiць. Не дабяромся. Вось ты, ма, кажаш - думайце. А я толькi i раблю, што думаю. Увесь час думаю.

Дзядзька Джон сказаў:

- Тут адзiн гаварыў, быццам хутка пачнуць бавоўну збiраць у Туларэ. Ад лагера, кажа, недалёка.

- Трэба ехаць адсюль, i як мага хутчэй. Хоць лагер добры, а я тут усё роўна больш не застануся. - Мацi падхапiла вядро i пайшла ў санiтарны блок па гарачую ваду.

- Мацi ў нас зусiм нейкая незгаворлiвая стала, - сказаў Том. - Даўно ўжо яе такой злоснай не бачыў. Аж кiпiць.

Бацька з палёгкай уздыхнуў:

- Што ж, яна хоць начыстую загаварыла. Я ўжо колькi начэй не сплю, галава разрываецца. А цяпер можна ўсё адкрыта абмеркаваць.

Мацi вярнулася з поўным вядром вады, ад якой iшла пара.

- Ну што, падумалi? - патрабавальна запыталася яна.

- Усё яшчэ вырашаем, - адказаў Том. - А што, калi i праўда на поўнач рушыць - туды, дзе бавоўна? Тут мы ўжо ўсё абшнарылi. Нiчога тут не знойдзеш, гэта ясна. Давайце, можа, адразу i пагрузiмся, паедзем на поўнач. Якраз паспеем да самага збору. Мне так i карцiць ужо адчуць пад рукой бавоўну. Бак у цябе поўны, Эл?

- Амаль поўны - дзвюх цаляў не хапае да верху.

- Думаю, даедзем.

Мацi занесла талерку над вядром.

- Ну дык як? - запыталася яна.

Том сказаў:

- Тваё ўзяло, ма. Здаецца, едзем. Так, тата?

- Трэба, думаю, ехаць, - адказаў бацька.

Мацi перавяла на яго позiрк.

- Калi?

- Марудзiць нельга. Можна i заўтра рана.

- Ранiцай i паедзем. Я ж сказала вам, колькi ў нас засталося.

- Ты, ма, не думай, што я не хачу. Я ўжо два тыднi дасыта не еў. Жывот набiваць - набiваў, ды толку ад такой яды мала.

Мацi акунула талерку ў вядро.

- Ранiцай едзем, - сказала яна.

Бацька хмыкнуў.

- Вось якiя часы насталi, - з'едлiва сказаў ён. - Раней мужчына ўсiм распараджаўся. А цяпер жанчыны камандуюць. Вiдаць, самая пара прызапасiць дручок.

Мацi паставiла на скрыню талерку, з якой яшчэ сцякала вада, i, не падымаючы галавы, усмiхнулася:

- Што ж, бацька, прызапась. Вось будзем сытыя, займеем дах над галавой, тады, можа, палка табе i згадзiцца, будзеш пеўнем хадзiць. А цяпер ты сваёй справай не займаешся, не думаеш, не працуеш. Было б так, што ж, мог бы ўзяцца i за дручок, а жанчыны толькi насамi шморгалi б i хавалiся па кутках, як мышы. Думаеш, вось зараз возьмеш палку i наб'еш жанчыну? Не, даражэнькi! Табе давядзецца ўступiць з ёю ў бойку, бо ў мяне таксама палка прыхаваная.

Бацька атарапела ўхмыльнуўся.

- Ты хоць пры дзецях такога не гаварыла б, iм такiя словы карысцi не прынясуць.

- А ты спярша накармi iх, а пасля разважай, што iм на карысць, а што не, адрэзала мацi.

Бацька абурана падняўся i пайшоў ад палаткi, дзядзька Джон паплёўся за iм.

Рукi мацi ўсё яшчэ плюхалiся ў вадзе, але позiрк яе скiраваўся ў спiны мужчын, i яна з гордасцю сказала Тому:

- Ён малайчына. Трымаецца яшчэ. У яго рукi свярбяць даць мне лупцоўкi.

Том засмяяўся:

- Ты што ж гэта - наўмысна яго раз'ятрываеш?

- А што ж ты думаў? Мужчына iншы раз мучыцца, мучыцца, усе пячонкi сабе выгрызае, потым кладзецца i памiрае з тугi. А калi яго як след раззлаваць, тады ўсё добра. Бацька слова грубага не вымавiў, але аж ашалеў ад злосцi. Цяпер ён мне пакажа.

Эл падняўся са скрынi:

- Пайду крыху прайдуся па лагеры.

- Лепш машыну праверыў бы перад дарогай, - напомнiў яму Том.

- Ужо ўсё праверана.

- Калi не так, маму на цябе напушчу.

- Ну праверыў я яе. - Эл пакрочыў мiж палатак.

Том уздыхнуў:

- А я нешта стамiўся, ма. Можа, i мяне ты раззлуеш?

- Ты разумнейшы, Том. Злаваць цябе без толку. Ты мая апора. Астатнiя... што тыя госцi... усе, акрамя цябе. А ты не здасi, Том.

Увесь цяжар клаўся на яго плечы.

- Не па нутры мне гэта, - сказаў ён. - Я пагуляць хачу, як Эл. I ўзлавацца хачу, як тата, альбо напiцца, як дзядзька Джон.

Мацi пакруцiла галавой:

- Нiчога ў цябе не выйдзе, Том. Я ведаю. З тае пары ведаю, як ты яшчэ маленькi быў. У цябе не атрымаецца. Ёсць людзi, якiя заўсёды застаюцца самi сабой, больш нiчым. Вось Эл - малец, на ўме ў яго адны дзяўчаты. Ты нiколi такiм не быў, Том.

- Быў, быў. I цяпер такi.

- Не. Што б нi рабiў, ты застаешся самiм сабой. Я гэта заўсёды ведала. Ты толькi языком iншы раз любiш памалоць.

- Не, ма, ты гэта кiнь. Усё не так. Табе толькi здаецца.

Мацi паклала нажы i вiдэльцы на груду талерак.

- Магчыма. Можа, i здаецца. Разашарна, вытры посуд i прымi яго.

Ружа Сарона цяжка паднялася з месца, выпнуўшы свой вялiкi жывот. Яна лянiва падышла да скрынi i ўзяла ў рукi памытую талерку.

Том сказаў:

- Так разадзьмулася, што нават вочы ў бакi палезлi.

- Не трэба пакеплiваць з яе, - сказала мацi. - Яна ў нас малайчына. А ты пайшоў бы развiтаўся з кiм трэба.

- Ага. I пайду даведаюся, цi далёка туды ехаць.

Мацi сказала Ружы Сарона:

- Ён усё гэта кажа не з жадання пакрыўдзiць цябе. А дзе Руцi з Уiнфiлдам?

- Я бачыла, яны пабеглi за татам.

- Ну i няхай.

Ружа Сарона ўпраўлялася з посудам. Мацi непрыкметна прыгледзелася да яе.

- Як ты сябе адчуваеш? Шчокi ў цябе нешта запалi.

- Мне сказалi, малако трэба пiць, а я не п'ю.

- Ведаю, што трэба. Ды яго няма.

Ружа Сарона паныла сказала:

- Каб Конi не пайшоў ад нас, мы б цяпер з iм жылi ў сваiм домiку, ён вучыўся б i ўсё такое. I малако б мы куплялi. I дзiця здаровым нарадзiлася б. А цяпер здаровым не будзе. Малако мне пiць трэба. - Яна засунула руку ў кiшэню фартуха i нешта паклала ў рот.

- Што ты там грызеш? Пакажы, - сказала мацi.

- Нiчога.

- Але ж ты нешта грызеш, паказвай.

- Проста драбочак вапны. Я знайшла вялiкi кавалак.

- Гэта ж усё роўна, што зямлю есцi!

- Мяне цягне на яе.

Мацi доўга маўчала. Яна напяла каленямi спаднiцу. Нарэшце сказала:

- Я гэта разумею. Неяк раз я з'ела кавалак вугалю, калi хадзiла цяжарная. Вялiкi кавалак. Бабка сказала, гэтага нельга рабiць. А пра дзiця сваё ты такiх слоў не гавары. Нават думаць пра гэта ты права не маеш.

- Нi мужа. Нi малака.

- Калi б ты была здаровая, я ўсыпала б табе як след. Аплявуху заляпiла б. - Мацi паднялася i пайшла пад брызент. Неўзабаве вярнулася, падышла да дачкi i працягнула руку. - Глянь! - У руцэ ў яе былi маленькiя зялёныя завушнiцы. Гэта табе.

Вочы ў Ружы Сарона на момант пасвятлелi, але яна адразу адвяла iх убок.

- У мяне вушы не праколатыя.

- А мы iх зараз праколем. - Мацi зноў паспешлiва пайшла ў палатку i вярнулася з кардоннай скрыначкай у руках. Яна хуценька ўцягнула нiтку ў iголку, здвоiла яе i завязала на ёй некалькi вузельчыкаў. Пасля прасунула нiтку ў другую iголку, таксама завязала на ёй вузельчыкi i выняла са скрыначкi кавалак корка.

- Ой, забалiць, забалiць! - спужалася Ружа Сарона.

Мацi падышла да дачкi, паклала корак ёй пад мочку вуха i пракалола яе, канец iголкi ўпёрся ў корак.

Ружа Сарона скурчылася:

- Ой, коле! Мне будзе балець.

- Мацней балець не будзе.

- Будзе, будзе!

- Ну добра. Давай спярша глянем з другога боку. - Мацi падклала корак пад другое вуха i пракалола iголкай мочку.

- Балець будзе!

- Цiха! - сказала мацi. - Гэта ўсё.

Ружа Сарона здзiўлена паглядзела на яе. Мацi перарэзала нiткi, зняла iголкi i ўцягнула ў абедзве мочкi па вузельчыку.

- Ну вось, - сказала яна. - Цяпер будзем кожны дзень працягваць па вузельчыку, праз два тыднi загаiцца, i ты зможаш надзець завушнiцы. Вазьмi, цяпер яны твае. Схавай пакуль дзе.

Ружа Сарона асцярожна памацала вушы i паглядзела на кропелькi крывi, што засталiся на пальцах.

- Зусiм не балiць. Толькi крышачку ўкалола.

- Даўно трэба было гэта зрабiць. - Мацi глянула дачцэ ў твар i пераможна ўсмiхнулася. - Ну канчай з талеркамi. Дзiця будзе ў цябе добрае. Ледзь не забылася, што табе ўжо хутка, а вушы не праколатыя. Ну, цяпер не страшна.