Сярод ночы вецер пакінуў гэты край, наступіла цішыня. Змешанае з пылам паветра прыглушала гукі нават больш, чым туман. Лежачы ў ложках, людзі пачулі, што вецер сціх, — яны прачнуліся, калі шум яго замёр удалечыні. Яны ляжалі, напружана ўслухоўваючыся ў цішыню. Неўзабаве заспявалі пеўні, але галасы іх гучалі глуха, і людзі нервова заварушыліся ў ложках, нецярпліва чакаючы раніцы. Яны ведалі, што тонкі пыл асядзе не хутка. Раніцой ён туманам вісеў у паветры, сонца было ярка-чырвонае, як свежая кроў. Цэлы дзень неба сеяла пыл на зямлю і наступны дзень таксама. Зямля ўкрылася гладкай шэрай коўдрай. Пыл апусціўся на кукурузу, асеў кучкамі на слупах агароджаў, на правадах, заслаў сабой дахі, траву, абсыпаў дрэвы.
Людзі выходзілі з дамоў і, удыхнуўшы пякучае, як жар, паветра, паспешліва прыкрывалі чым-небудзь нос. Дзеці таксама выбягалі на двор, але не насіліся з крыкам па ім, як гэта бывала пасля дажджу. Мужчыны застылі каля агароджаў і пазіралі на звялую кукурузу, якая хутка сохла і Толькі дзе-нідзе вызірала зелянінай скрозь пласт пылу. Мужчыны маўчалі, амаль не адыходзячы ад агароджаў. І жанчыны выходзілі з дамоў і стаялі каля мужоў, стараючыся вызнаць, ці хопіць сілы ў мужчын вытрываць усё гэта. Жанчыны крадком прыглядаліся да іх твараў — кукуруза, што ж, няхай прападае, абы засталося ўсё астатняе. Дзеці стаялі побач, выводзячы пальцамі босых ног узоры на пыле, і таксама стараліся чуццём выведаць, ці хопіць сілы ў гэтых мужчын і жанчын. Дзеці кідалі косыя позіркі на дарослых і асцярожна чыркалі па пыле нагамі. Коні падыходзілі да вадапойных карытаў і, матаючы мордамі, разганялі налёт пылу на паверхні вады. Нарэшце з твараў мужчын сышла роспачная атарапеласць і ўступіла месца злосці, лютасці і ўпартасці. І тады жанчыны зразумелі, што ўсё абышлося, што мужчыны не зламаюцца. Яны пыталіся ў іх: што ж цяпер рабіць? Мужчыны адказвалі: самі не ведаем. Але цяпер было ўжо не страшна, і дзеці таксама зразумелі — не так страшна. Жанчыны і дзеці цвёрда ведалі: няма такой бяды, якую нельга сцярпець, абы толькі мужчын яна не зламала. Жонкі вярнуліся да хатніх спраў, дзеці заняліся гульнёй, але напачатку не вельмі дурэлі. На працягу дня сонца з кожнай гадзінай рабілася ўсё менш чырвоным. Яно палівала спёкай укрытую пылам зямлю. Мужчыны сядзелі на ганках сваіх дамоў — хто круціў у руках пруток, хто падкідваў і лавіў далонню каменьчык. Сядзелі моўчкі… думалі… разважалі…
Раздзел другі
Каля прыдарожнага рэстаранчыка-бара стаяў вялізны грузавы аўтафургон. Вертыкальная выхлапная труба глуха вуркатала, над ёю слаўся ледзь бачны воку шызаваты дымок. Зусім новенькі грузавік пабліскваў свежай чырванню, футавыя літары па баках абвяшчалі: ТРАНСПАРТНАЯ КАМПАНІЯ АКЛАХОМА-СІЦІ. Шыны на падвойных колах былі новыя, на засаўцы шырокіх задніх дзверцаў стаяў тарчком медны вісячы замок. За загароджанымі сеткамі дзвярыма і вокнамі бара іграла радыё — спакойная танцавальная музыка, уключаная зусім ціха, як бывае, калі няма каму слухаць. Маленькі вентылятар бязгучна круціўся ў круглым гняздзе над уваходам, мухі зласліва гулі, б'ючыся аб металічныя сеткі. У бары быў толькі адзін наведнік — вадзіцель грузавога фургона. Ён сядзеў на табурэце каля стойкі, абапершыся на яе локцямі, і паўзверх шклянкі з кавай глядзеў на хударлявую буфетчыцу, якая нудзілася ад самоты. Ён вяла перакідваўся з ёю словамі, пераскокваючы з аднаго на другое, — такія гутаркі часта заводзяцца між людзьмі ў прыдарожных барах. Шафёр сказаў:
— Я стрэў яго месяцы тры назад. Пасля аперацыі. Яму там нешта выразалі. Запамятаваў што.
А яна:
— Толькі ж на тым тыдні яго бачыла. Здаровы быў з выгляду. Хлапец нядрэнны, пакуль не набярэцца.
Мухі раз-пораз з ціхім гудзеннем наляталі на металічную сетку дзвярэй. Кававы агрэгат за спінай буфетчыцы запыхкаў парай, і жанчына, не азіраючыся, працягнула руку назад і выключыла яго.
Па абочыне шашы ішоў чалавек. Убачыўшы грузавік, павярнуў да яго. Не спяшаючыся, падышоў, крануў рукой бліскучае крыло і зірнуў на наклейку на ветравым шкле: «Пасажыраў браць забаронена». Ён намерыўся ўжо ісці далей сваёй дарогай, але раптам перадумаў і сеў на падножку грузавіка, якая была схавана ад бара кабінай. З выгляду яму было не болей за трыццаць. Цёмна-карыя вочы з жаўтаватымі бялкамі, рэзкія шырокія скулы, дзве глыбокія маршчыны на шчоках і па кутках рота. Верхняя губа ў яго выцягнулася, бо зубы выдаваліся наперад, а ён стараўся трымаць рот закрытым. Рукі былі агрубелыя, з шырокімі пальцамі і тоўстымі, цвёрдымі, як створкі ракавінак, пазногцямі. На западзіне паміж вялікім і ўказальным пальцамі і на падушачках далоняў святлелі мазалі.