Выбрать главу

— Што з табой? — ціха запыталася маці.

— Я пайду, — сказала Ружа Сарона.

— Куды?

— Бавоўну збіраць.

— Нельга. Табе ўжо хутка раджаць.

— Яшчэ можна. Я пайду.

Маці ўсыпала каву ў ваду.

— Разашарна, ты ўчора не ела з намі аладак. — Ружа Сарона маўчала. — І чаго табе ў голаў прыйшло збіраць бавоўну? — Зноў маўчанне. — Гэта праз Эла і Эгі? — Маці пільна паглядзела на дачку. — Ды што ты, Разашарна! Табе хадзіць у поле няма ніякай патрэбы.

— Я пайду.

— Што ж, добра. Толькі не ператамляйся. Уставай, бацька! Прачніся, падымайся!

Бацька залыпаў вачамі і пазяхнуў.

— Не выспаўся, — прастагнаў ён. — Учора ў гадзін адзінаццаць леглі.

— Давайце, хутчэй падымайцеся, усе ўставайце, ідзіце мыцца.

Жыхары вагона мала-памалу ажывалі, вылазілі з-пад коўдраў і, пацепваючыся ад холаду, нацягвалі адзежу. Маці наразала скрылікамі саланіну на другую патэльню.

— Ідзіце мыйцеся, — падганяла яна.

У другой палове вагона ўспыхнула святло, пачуўся трэск сучча.

— Місіс Джоўд! — данёсся голас місіс Уэйнрайт. — Мы ўжо збіраемся. Хутка будзем гатовыя.

Эл прабурчаў:

— І нашто ў гэткую рань падымацца?

— Там усяго дваццаць акраў, — сказала маці. — Трэба прыехаць як найраней. Бавоўны мала. Трэба паспець, а то без нас збяруць. — Маці прыспешвала іх адзявацца, старалася, каб хутчэй паснедалі. — Ну, піце каву, пара ехаць.

— У цемры ж бавоўну не збіраюць, ма.

— Раней світання мы туды і не дабяромся.

— Там, пэўна, мокра.

— Дожджык быў дробны. Хутчэй піце каву. Эл, паснедаеш, рыхтуй машыну, — сказала маці і крыкнула: — Місіс Уэйнрайт, вы гатовыя?

— Канчаем снедаць. Праз хвілінку выходзім.

Лагер прачнуўся, ажывіўся. Каля палатак гарэлі вогнішчы. Над вагонамі клубіўся дым з труб.

Эл залпам выпіў каву і набраў поўны рот гушчы. Ён збег па сходках, адплёўваючыся на хаду.

— Місіс Уэйнрайт, мы ўжо гатовыя! — крыкнула маці. Яна павярнулася да Ружы Сарона: — Ты тут заставайся.

Ружа Сарона сцяла зубы.

— Я паеду таксама, — сказала яна. — Мне трэба ехаць, ма.

— У цябе ж мяшка няма. Ды і цягаць яго табе нельга.

— У твой буду класці.

— Паслухай мяне.

— Паеду.

Маці ўздыхнула:

— Што ж, буду за табой наглядаць. Добра было б доктару цябе паказаць.

Ружа Сарона ўсхвалявана захадзіла па вагоне. Надзела свой лёгкі жакет, зняла яго.

— Коўдру вазьмі, — параіла маці. — Захочаш адпачыць, не азябнеш. — За задняй сценкай вагона пачуўся гул матора. — Мы першыя паедзем, — зарадавалася маці. — Ну, бярыце свае мяшкі. Руці, не забудзься на кашулі, я іх зашыла, будзеце збіраць у іх.

У змроку Ўэйнрайты і Джоўды забраліся на грузавік. Пачаў марудна займацца бледны золак.

— Паварочвай налева, — сказала маці Элу. — А там будзе аб'ява.

Яны паволі ехалі па цёмнай дарозе. За імі ішлі іншыя машыны, а там, у лагеры, заводзіліся новыя маторы, людзі сем'ямі садзіліся ў кузавы, і машыны выязджалі на шашу і паварочвалі налева.

Да паштовай скрынкі з правага боку дарогі быў прымацаваны кавалак кардону з надпісам сінім алоўкам: «Патрабуюцца зборшчыкі бавоўны». Эл збочыў у вароты і пад'ехаў да гаспадарчага двара. На ім было ўжо шмат машын. Круглы электрычны ліхтар з краю белай адрыны асвятляў групу людзей — мужчын і жанчын, якія чакалі каля вагаў сваёй чаргі, трымаючы пад пахай скручаныя мяшкі. Некаторыя жанчыны накінулі мяшкі на плечы, прыкрываючы канцамі грудзі.

— Аказваецца, не так ужо мы і рана прыехалі, — сказаў Эл. Ён падвёў грузавік да агароджы і спыніў яго там. Абедзве сям'і злезлі на зямлю і далучыліся да людзей, што стаялі каля вагаў, а машыны ўсё зварочвалі з дарогі і спыняліся каля адрыны, і людзей усё прыбывала і прыбывала. Седзячы пад ліхтаром, гаспадар запісваў зборшчыкаў.

— Хоўлі? — перапытаў ён. — Х-о-ў-л-і? Колькі?

— Чацвёра. Уіл…

— Уіл.

— Бентан…

— Бентан.

— Эмілія…

— Эмілія.

— Клэр…

— Клэр. Хто наступны? Карпентэр? Колькі?

— Шасцёра.

Ён запісваў прозвішчы ў канторскую кнігу насупраць графы, у якой адзначалася вага сабранай бавоўны.

— Мяшкі ёсць? У мяне толькі некалькі штук. З вас будзе даляр. — А машыны адна за адной заязджалі ў двор. Гаспадар наставіў каўнер скураной курткі на аўчыне і закрыў ім горла. Ён заклапочана паглядзеў на пад'язную дарогу. — Мае дваццаць акраў нядоўга прастаяць пры такім наплыве народу, — сказаў ён.