Выбрать главу

Жанчыны не спускалі вачэй з мужчын, хацелі выведаць, зламаліся яны ці не. Жанчыны стаялі моўчкі і сачылі за мужчынамі. І там, дзе мужчыны збіраліся купкамі па некалькі чалавек, страх пакідаў іхнія твары, уступаючы месца злосці. І жанчыны ўздыхалі з палёгкай, бо ведалі, што цяпер ужо не страшна, — мужчыны не зламаліся і ніколі не зломяцца, пакуль страх можа перарасці ў гнеў.

Маленечкія стрэлкі травы выбіваліся з зямлі, і праз некалькі дзён схілы ўзгоркаў бледнай зеленню адзначылі набліжэнне наступнага года.

Раздзел трыццаты

Лагер вакол таварных вагонаў патанаў у лужынах, а дождж усё плюхаў і плюхаў па гразі. Рэчка спакваля падымалася па беразе, падбіраючыся да паляны.

На другі дзень пасля пачатку дажджу Эл зняў брызент, які вісеў пасярод вагона. Ён панёс яго да грузавіка, прыкрыў ім капот, вярнуўся ў вагон і сеў на матрац. Цяпер, калі не стала брызентавай перагародкі, абедзве сям'і з'ядналіся. Мужчыны сядзелі разам, змрочныя, прыгнечаныя. Маці падтрымлівала невялікі агонь у печцы, зрэдку падкідваючы галінкі, — яна берагла паліва. Патокі дажджу залівалі амаль зусім плоскі дах вагона.

На трэці дзень Уэйнрайты затрывожыліся.

— Можа, нам лепш паехаць адсюль? — сказала місіс Уэйнрайт.

Але маці хацела іх утрымаць.

— Куды вы паедзеце, дзе знойдзеце надзейны дах над галавой?

— Сама не ведаю, але нешта мне падказвае, што трэба адсюль выбірацца.

Жанчыны заспрачаліся; маці крадком паглядала на Эла.

Руці і Ўінфілд распачалі нейкую гульню, але неўзабаве і яны панура прыціхлі, а дождж без спыну барабаніў па даху.

На трэці дзень скрозь пошчак дажджу пачуўся гул вады. Бацька з дзядзькам Джонам стаялі ў дзвярах, пазіраючы на ўспучаную рэчку. З абодвух канцоў лагера вада падабралася зусім блізка да шашы, але самі вагоны яна агінала, так што яны былі абкружаныя ззаду дарожным насыпам, а спераду рэчкай. Бацька запытаўся:

— Ну, Джон, што скажаш? Калі рэчка выйдзе з берагоў, каб хоць нас не затапіла.

Дзядзька Джон раскрыў рот і пацёр далонямі шчаціністы падбародак.

— Эге… — сказаў ён. — Усё можа быць.

Ружа Сарона ляжала моцна прастуджаная, шчокі ў яе гарэлі, у вачах стаяў ліхаманкавы бляск. Маці падсела да яе з кубкам гарачага малака ў руцэ.

— Вось выпі, — сказала яна. — Я свінога сала туды падліла, сілы падмацоўвае. Ну, пі ж!

Ружа Сарона квола пакруціла галавой:

— Не хочацца.

Бацька правёў пальцам крывую лінію ў паветры.

— Выйсці б нам усім сюды з рыдлёўкамі і насыпаць плаціну. Ручаюся, усю ваду затрымалі б. Толькі трэба вунь адтуль і дагэтуль.

— Ага, — пагадзіўся дзядзька Джон. — Можна было б. Але не ведаю, ці пойдзе хто. Хутчэй захочуць выбірацца адсюль.

— Але ж тут у вагонах суха, — стаяў на сваім бацька. — Сушэйшае месца наўрад ці дзе знойдзем. Пачакай. — Ён выцягнуў з кучы ламачча пруток, збег па сходках уніз, заплюхаў па гразі да берага рэчкі і ўваткнуў пруток у зямлю каля самага краю бурлівай вады. Паспешліва вярнуўся ў вагон, сказаў: — Во каб яго, наскрозь прамок.

Абодва сачылі за тонкай галінкай, якая тырчала каля самай вады. Яны бачылі, як вада паволі акружала яе і папаўзла яшчэ вышэй па беразе. Бацька сеў на кукішкі ў дзвярах.

— Хутка прыбывае, — сказаў ён. — Па-мойму, трэба пагаварыць. Можа, згодзяцца вал насыпаць. А не, дык давядзецца ехаць. — Бацька кінуў позірк на другі канец вагона, дзе мясціліся Ўэйнрайты. Эл быў у іх — сядзеў побач з Эгі. Бацька пайшоў на тую палову. — Вада падымаецца, — сказаў ён. — А што, калі насыпаць плаціну? Толькі трэба, каб усе ўзяліся.

Уэйнрайт сказаў:

— А мы тут якраз раімся. Бадай што, лепш выбірацца адсюль.

Бацька не здаваўся:

— Вы тут шмат дзе пабылі. Самі ведаеце, які ёсць шанц знайсці сухое месца для жылля.

— Яно так. А ўсё ж такі…

Загаварыў Эл:

— Калі яны паедуць, я з імі, та.

Бацька атарапеў.

— Табе нельга, Эл. А грузавік?.. Ніхто з нас не ўмее яго вадзіць.

— А мне што? Мы з Эгі павінны быць разам.

— Не, пачакай. Вось хадзіце сюды, — сказаў бацька. Уэйнрайт з Элам падняліся з матраца, і ўсе трое падышлі да дзвярэй. — Бачыце? — Бацька паказаў рукой: — Мы зробім насып ад таго вунь месца і дасюль. — Ён глянуў на сваю вешку. Вада бурліла вакол яе, падкрадаючыся да краю берага.

— Тут працы шмат, а вада, можа, усё роўна перальецца, — не згаджаўся Ўэйнрайт.