Выбрать главу

— Чаму ж не папрацаваць, усё роўна сядзім склаўшы рукі. А такога добрага прыстанішча больш нідзе цяпер не знойдзем. Пайшлі. Пагаворым з суседзямі. Калі ўсе возьмемся, справімся.

Эл сказаў:

— Калі Эгі паедзе, я з ёю.

— Паслухай, Эл, — сказаў бацька. — Калі ніхто не згодзіцца, усім давядзецца ехаць. Ну, пайшлі пагаворым. — Яны ўцягнулі галовы ў плечы і хуценька спусціліся па сходках, падышлі да суседняга вагона і падняліся да адчыненых дзвярэй.

Маці сядзела каля печкі, падкладаючы сучча ў слабы агонь. Падышла Руці, прыціснулася да яе.

— Хачу есці, — заныла Руці.

— Ты не галодная, — сказала маці. — Толькі што добра паела кашы.

— Я хачу яшчэ такога печыва. Гуляць ні ў што нельга. Мне сумна.

— Хутка будзе весела, — сказала маці. — Пачакай крышку. Цяпер ужо зусім хутка. У нас будзе домік і ферма, ужо хутка.

— Я хачу сабаку.

— Будзе ў нас і сабака і кошка.

— Рыжая?

— Не прыставай, — узмалілася маці. — Перастань мяне мучыць, Руці. Бачыш, Разашарна хворая. Пасядзі смірна хоць хвілінку. Хутка зноў будзе весела.

Руці нездаволена адышла ад яе.

З таго кута, дзе на матрацы ляжала ўхутаная ў коўдры Ружа Сарона, данёсся рэзкі крык, які раптоўна абарваўся. Маці ўскочыла і падышла да яе. Ружа Сарона стаіла дыханне, у вачах у яе стаяў жах.

— Што з табой? — трывожна запыталася маці. Ружа Сарона перадыхнула і зноў стрымала дыханне. Маці раптоўна засунула руку пад коўдры і выпрасталася. — Місіс Уэйнрайт! — крыкнула яна. — Даражэнькая місіс Уэйнрайт!

Маленькая тоўстая жанчына пайшла па вагоне да іх.

— Вы клікалі?

— Гляньце! — Маці паказала на твар дачкі. Ружа Сарона прыкусіла ніжнюю губу, на лбе ў яе выступілі кропелькі поту, вочы блішчалі ад жаху.

— Відаць, пачынаецца, — сказала маці. — Раней часу.

Ружа Сарона глыбока ўздыхнула і расслабілася. Яна расціснула зубы і заплюшчыла вочы. Місіс Уэйнрайт нахілілася над ёю.

— Цябе ўсю схапіла — адразу? Глядзі на мяне, адказвай. — Ружа Сарона квола кіўнула галавой. Місіс Уэйнрайт павярнулася да маці. — Так і ёсць, — сказала яна. — Пачалося. Раней часу, кажаце?

— Можа, гэта ад гарачкі.

— Ёй трэба ўстаць. Няхай трохі паходзіць.

— Яна не зможа. У яе сілы няма.

— Але ж трэба, трэба. — Місіс Уэйнрайт паспакайнела, трымалася строга і дзелавіта. — Я не ў адной прыняла, — сказала яна. — Ну так, давайце прыкрыем дзверы. Каб не было скразняку. — Абедзве жанчыны налеглі на цяжкія дзверы і засунулі іх, пакінуўшы нешырокую шчыліну. — Зараз прынясу і нашу лямпу, — сказала місіс Уэйнрайт. Твар у яе гарэў ад узбуджэння. — Эгі! — крыкнула яна. — Адвядзі адсюль малых, займіся імі.

Маці згодна кіўнула галавой.

— Правільна. Руці! Пайдзіце з Уінфілдам да Эгі. Ну, хуценька!

— А чаму? — запыталіся дзеці.

— Таму што так трэба. У Разашарны будзе дзіця.

— Я хачу паглядзець, ма. Ну дазволь.

— Руці! Ідзі зараз жа. Хутчэй! — Калі гавораць такім тонам, спрачацца не даводзіцца. Руці і Ўінфілд нехаця папляліся ў другі канец вагона. Маці запаліла ліхтар. Місіс Уэйнрайт прынесла сваю лямпу-«маланку», паставіла яе на падлогу, і круглы язычок полымя ярка асвятліў вагон. Руці і Ўінфілд прытаіліся за кучай сухога галля і асцярожна вызіралі адтуль.

— У яе дзіця народзіцца, і мы ўсё ўбачым, — шапнула Руці Ўінфілду. — Ты стой ціха, а то ма не дасць нам глядзець. Калі яна гляне ў наш бок, ты затаіся за суччам. Мы ўсё ўбачым.

— Мала хто з дзяцей гэта бачыў, — сказаў Уінфілд.

— З дзяцей ніхто не бачыў, — з гордасцю заявіла Руці. — Толькі мы ўбачым.

А каля ярка асветленага лямпай матраца маці раілася з місіс Уэйнрайт. Даводзілася гаварыць голасна, бо па даху гулка барабаніў дождж. Місіс Уэйнрайт выняла з кішэні фартуха кухонны сякач і засунула яго пад матрац.

— Можа, і дарэмна гэта, — прабачлівым тонам сказала яна. — У нас заўсёды так рабілі. Але шкоды таксама ніякай.

Маці кіўнула галавой у знак згоды.

— А мы клалі лямеш. Але гэта ўсё роўна, абы востра было, каб схваткі абрэзала. Дай бог, не доўга будзе мучыцца. Ну як, крыху палягчэла?

Ружа Сарона нервова кіўнула галавой.

— Пачынаецца?

— Канешне, — адказала маці. — Народзіш добрае дзіця. Ты толькі нам памажы. Можаш падняцца і трохі пахадзіць?

— Паспрабую.

— Вось разумніца, — пахваліла місіс Уэйнрайт. — Ну што за разумніца! Мы цябе падтрымаем, золатка. Мы з табой паходзім.

Яны памаглі ёй падняцца і закалолі шпількай коўдру, накінутую на плечы. Потым маці падхапіла яе пад руку з аднаго боку, а місіс Уэйнрайт з другога. Яны падвялі яе да кучы сучча, паволі павярнулі і пайшлі назад, і так некалькі разоў, а дождж моцна барабаніў па даху.