Выбрать главу

Руці і Ўінфілд нецярпліва сачылі за імі.

— А калі яна пачне раджаць? — запытаўся Ўінфілд.

— Ш-ш!.. А то пачуюць і прагоняць нас.

Да іх далучылася Эгі, стала за суччам. Святло лямпы падала на худы твар і бялявыя валасы Эгі, а на сцяне скакаў цень ад яе галавы з доўгім вострым носам. Руці прашаптала:

— Ты калі-небудзь бачыла, як родзіцца дзіцяня?

— А то, — адказала Эгі.

— А хутка ўжо?

— О не, не хутка.

— Усё ж калі?

— Можа, толькі заўтра раніцай.

— Гэ! — сказала Руці. — Тады і падглядаць цяпер няма чаго. Ой! Гляньце!

Яна ўбачыла, што жанчыны раптам спыніліся, Ружа Сарона ўся напялася і застагнала ад болю. Яе паклалі на матрац і выцерлі ёй лоб, а яна толькі пакрэктвала, сціскаючы рукі ў кулакі. Маці ціха супакойвала яе:

— Нічога. Усё будзе добра, будзе добра. Сцісні рукі. Цяпер губу прыкусі. Вось так, вось так.

Схваткі спыніліся. Ёй далі крыху паляжаць і зноў паднялі, і ўсе трое сталі хадзіць узад і ўперад, узад і ўперад, перапыняючыся на час схватак.

Бацька прасунуў галаву ў шчыліну дзвярэй. З капелюша збягала вада.

— Чаго гэта вы дзверы засунулі? — запытаўся ён і ўбачыў жанчын, якія хадзілі сюды-туды па вагоне.

Маці сказала:

— Яе час прыйшоў.

— Значыць… хочаш не хочаш застаёмся.

— Ага.

— Значыць, трэба рабіць плаціну.

— Трэба.

Бацька вярнуўся, плюхаючы па гразі, да рэчкі. Вада паднялася па беразе на чатыры цалі вышэй яго вешкі. Каля рэчкі пад дажджом стаялі дваццаць чалавек. Бацька крыкнуў ім:

— Давядзецца рабіць плаціну. У дачкі маёй схваткі. — Яго акружылі з усіх бакоў.

— Родзіць?

— Ага. Цяпер мы не зможам ехаць.

Высокага росту мужчына сказаў:

— Родзяць не ў нас. Нам ехаць можна.

— Канешне, — сказаў бацька. — Вам можна. Едзьце. Вас ніхто не трымае. Рыдлёвак усяго восем штук.

Ён падбег да самай нізкай часткі берага і ўсадзіў рыдлёўку ў раскіслую зямлю. Паддзетая штыхом, яна, падымаючыся, чвякнула. Ён капнуў яшчэ раз і кінуў штых гразі на самае нізкае месца на беразе. А побач з ім выстраіліся і іншыя. Яны навальвалі доўгі насып, і тыя, каму рыдлёвак не хапіла, секлі вярбовае вецце, спляталі яго ў маты і ўтоптвалі нагамі ў насып. Ярасць працы, ярасць бітвы апанавала ўсіх. Кінутую рыдлёўку падхоплівалі іншыя. Працавалі, скінуўшы пінжакі і капелюшы. Мокрыя кашулі і штаны шчыльна прыліплі да целаў, чаравікі ператварыліся ў бясформенныя камякі гразі. Раптам з вагона Джоўдаў данёсся пранізлівы крык. Мужчыны спыніліся, трывожна прыслухаліся і зноў узяліся за працу. Невысокі земляны вал даўжэў і нарэшце прымкнуў з двух бакоў да шашэйнага насыпу. Усе стаміліся, рух рыдлёвак запаволіўся. І таксама павольна падымалася вада ў рэчцы. Яна пакрыла ўжо тое месца, куды былі кінуты першыя штыхі зямлі. Бацька пераможна засмяяўся.

— Каб не наш вал, рэчка ўжо выйшла б з берагоў! — закрычаў ён.

Вада паволі падступала ўшчыльную да свежага насыпу, вымываючы з яго вярбовыя маты.

— Вышэй! — крыкнуў бацька. — Трэба яшчэ вышэй!

Змерклася, але праца не спынялася. Людзі ўжо зусім выбіліся з сілы. Твары ў іх былі застылыя, змярцвелыя. Рухі сутаргавыя, як у аўтамата. Калі сцямнела, жанчыны паставілі ў дзвярах ліхтары, выставілі конаўкі з гарачай кавай, а самі адна за адной беглі да Джоўдавага вагона і праціскаліся ў яго праз вузкую шчыліну.

Цяпер схваткі зачасцілі, з прамежкамі ў дваццаць хвілін. Ружа Сарона ўжо страціла над сабой уладу. Яна моцна ўскрыквала ад нясцерпнага болю. А суседкі прыходзілі зірнуць на яе, гладзілі яе па валасах і вярталіся ў свае вагоны.

Маці добра распаліла печку і грэла ваду, наліўшы ва ўсе свае пасудзіны. Раз-пораз у дзверы зазіраў бацька.

— Усё добра? — пытаўся ён.

— Ага, здаецца, добра, — супакойвала яго маці.

Калі стала зусім цёмна, нехта прынёс да рэчкі кішэнны электрычны ліхтарык. Дзядзька Джон шалёна арудаваў рыдлёўкай, кідаў і кідаў зямлю на верх насыпу.

— Ты лягчэй, лягчэй, — стрымліваў яго бацька. — Пагубіш сябе.

— Іначай не магу. Чуць не магу яе крыкаў. Гэта… гэта як тады…

— Разумею, — сказаў бацька. — А ўсё ж такі ты лягчэй.

Дзядзька Джон усхліпнуў:

— Я ўцяку куды-небудзь. Далібог, уцяку, калі тут працы не будзе.

Бацька павярнуўся да яго спінай.

— Як там мая адзнака?

Чалавек з электрычным ліхтарыкам накіраваў прамень на вешку. Дождж белымі палоскамі заблішчаў на святле.

— Прыбывае.