Выбрать главу

— Цяпер будзе не так хутка, — сказаў бацька. — На тым беразе разальецца.

— А ўсё ж прыбывае.

Жанчыны зноў налілі кавы ў конаўкі і паставілі іх у дзвярах. З кожнай начной гадзінай рухі людзей рабіліся ўсё больш маруднымі, людзі з цяжкасцю, як ламавыя коні, выцягвалі ногі з глыбокай гразі. Яшчэ і яшчэ адна рыдлёўка зямлі на насып, яшчэ і яшчэ адзін мат з вярбовага вецця. А дождж упарта ліў. Калі прамень ліхтарыка падаў на чый-небудзь твар, ён выхопліваў з цемры ўтаропленыя ў пустату вочы і выступы жаўлакоў на шчоках.

З вагона Джоўдаў яшчэ доўга даносіліся крыкі, і раптам яны сціхлі.

Бацька сказаў:

— Каб нарадзіла, мяне паклікалі б. — І хмурна зноў узяўся за рыдлёўку.

Вада каля насыпу клекатала і віравала. Раптам непадалёк, на рэчцы, крыху вышэй за лагер, пачуўся рыплівы трэск. Ліхтарык асвятліў магутную таполю, якая нізка схілілася над рэчкай. Усе кінулі працу і сталі пазіраць у той бок. Голле таполі апусцілася ў ваду і выцягнулася па плыні, а вада ўсё падмывала і падмывала яе кароткае карэнне. Таполю паступова выцягнула з зямлі, і яна паволі паплыла ўніз па цячэнні. Знясіленыя людзі сачылі за ёю, раскрыўшы раты. Дрэва плыло паволі. Раптам адна галіна зачапілася за корч і не дала дрэву плысці далей. Цячэнне развярнула яго, і карэнне ўперлася ў свежы насып. Вада ў запрудзе ўвесь час прыбывала, і дрэва зноў паплыло і прабіла зверху насып. У прабоіну рынуўся струмень вады. Бацька кінуўся наперад і стаў закідаць зямлёй прабоіну. Запруджаная дрэвам вада пачала падымацца. І неўзабаве насып змыла, і вада хлынула на людзей, заліла іх да шчыкалатак, да каленяў. Людзі не вытрымалі і пабеглі, а вада роўным патокам разлілася па паляне, пайшла пад вагоны, пад аўтамашыны.

Дзядзька Джон бачыў, як вада прарвала плаціну. У змроку ён разгледзеў гэта. Непасільны цяжар цела пацягнуў яго ўніз. Ён паваліўся на калені і апынуўся па грудзі ў бурлівай вадзе, якая напірала на яго.

Бацька ўбачыў, як ён упаў.

— Гэй, Джон! Што з табой? — Ён памог яму падняцца на ногі. — Галава закружылася? Хадзем, вагон высокі.

Да дзядзькі Джона вярнуліся сілы.

— Сам не ведаю, як гэта здарылася, — сказаў ён выбачлівым тонам. — Ногі падкасіліся. Падкасіліся, і ўсё. — Бацька павёў яго да вагонаў.

Калі плаціну змыла, Эл павярнуўся і пабег. Бегчы было цяжка. Калі ён дабраўся да грузавіка, вада даставала яму да лытак. Ён сарваў брызент з капота і ўскочыў у кабіну. Адразу націснуў на кнопку стартэра. Той закруціўся, але матор не падаў голасу. Эл націснуў да канца на газ. Акумулятар усё павальней і павальней круціў падмоклы стартэр, рухавік маўчаў. Яшчэ некалькі ўжо зусім павольных абаротаў стартэра. Эл паставіў запальванне на самае ранняе, намацаў рукой пад сядзеннем завадную ручку і выскачыў з кабіны. Вада ўжо залівала падножку. Эл падбег да носа машыны. Картэр матора быў пад вадой. Як ашалелы, Эл прыладзіў завадную ручку і некалькі разоў пакруціў ёю, і пры кожным павароце яго рука, апускаючыся, расплёсквала ваду, якая ўсё прыбывала. І нарэшце шаленства яго выдыхлася. Ён здаўся. Матор заліты вадой, акумулятарная батарэя выйшла са строю… Непадалёк, на крыху вышэйшай мясціне, запрацавалі маторы дзвюх машын, успыхнулі фары. Машыны буксавалі ў гразі, колы грузлі ўсё глыбей, і нарэшце вадзіцелі выключылі маторы і знерухомелі за рулём, пазіраючы на святло фар. А дождж белымі палоскамі рассякаў іх промні. Эл не спяшаючыся падышоў да кабіны, працягнуў руку і выключыў запальванне.

Калі бацька дабраўся да свайго вагона, ён убачыў, што ніжні канец сходак плавае ў вадзе. Ён наступіў на яго, утапіў пад ваду і ўтаптаў у гразь.

— Ну, Джон, ты сам падымешся? — запытаўся бацька.

— Падымуся. Ідзі першы.

Бацька асцярожна падняўся па мастку і праціснуўся ў вузкую шчыліну дзвярэй. Кноты ў ліхтары і лямпе былі нізка прыкручаныя. Маці сядзела на матрацы побач з Ружай Сарона і абмахвала яе кавалкам кардону. Місіс Уэйнрайт пхала ў печку сучча, і сыры дым выбіваўся з-пад канфорак і разносіў па вагоне пах гарэлай анучы. Калі бацька ўвайшоў, маці ўзняла на яго вочы і зараз жа апусціла.

— Ну… як яна? — запытаўся бацька.

Маці не падняла галавы.

— Як быццам нічога. Спіць.

Паветра ў вагоне было цяжкае, нечым непрыемна пахла. Дзядзька Джон ледзьве пралез у вагон і прыхінуўся да сцяны. Місіс Уэйнрайт кінула свой занятак і падышла да бацькі. Яна кранула яго за локаць і павяла ў кут вагона. Там узяла з падлогі ліхтар і падняла яго над скрынкай з-пад яблыкаў. У скрынцы на газеце ляжала пасінелае, зморшчанае цельца.

— Так ні разу і не дыхнула, — ціха прамовіла місіс Уэйнрайт. — Нарадзілася мёртвае.

Дзядзька Джон павярнуўся і, цягнучы ад стомы ногі, пайшоў у цёмны кут вагона. Цяпер ужо дождж ціха лапатаў па даху, так ціха, што ўсе чулі стомленае сапенне дзядзькі Джона, якое даносілася з цемры.