Выбрать главу

— Думаеш, і ў вагон прабярэцца? — запытаўся Эл.

— Хто ведае. Яшчэ да чорта вады з гор хлыне. Хто ведае. Можа, і дождж зноў палье.

Эл сказаў:

— Я ўсё думаю: калі вада прабярэцца ў вагон, усё падмочыць, але…

— Канешне, падмочыць.

— Але больш як на тры-чатыры футы над падлогай не падымецца, бо вада перальецца цераз шашу і разальецца ўшыркі.

— Чаму ты так думаеш?

— А я там, за вагонам, добра ўсё разгледзеў, — Эл выцягнуў руку. — Вось на колькі падымецца, не больш.

— Ну і няхай, — сказаў бацька. — Што нам да гэтага? Нас тут не будзе.

— Не, мы тут будзем. Тут грузавік. Як сыдзе паводка, цэлы тыдзень яшчэ давядзецца сушыць яго і выціраць.

— А што ты прыдумаў?

— Можна разабраць барты грузавіка і зрабіць насціл у вагоне — пакладзём на яго ўсё, што ў нас ёсць, і самім будзе дзе сядзець.

— Во як? А гатаваць як будзем, што будзем есці?

— Затое нічога не падмочыцца.

Навокал шэрае святло мацнела, набыло металічны водсвет. Плынь злізнула са сходак і другую галінку. Бацька паклаў яшчэ адну, крыху вышэй.

— Прыкметна прыбывае, — сказаў ён. — Відаць, так і зробім.

Маці неспакойна заварушылася ў сне. Раптам яна шырока расплюшчыла вочы і крыкнула, нібы перасцерагаючы:

— Том! Ой, Том, Том!

Місіс Уэйнрайт сказала ёй нешта супакойлівае. Павекі ў маці адразу сплюшчыліся, і яна пакурчылася ў сваім трывожным сне. Місіс Уэйнрайт паднялася і падышла да дзвярэй.

— Паслўхайце, — ціха сказала яна. — Мы адсюль не хутка выберамся. — Яна паказала рукой на той кут, дзе стаяла скрынка з-пад яблыкаў: — Так нядобра. Лішняе гора і лішнія слёзы. Можа, вы б… вынеслі яго і пахавалі дзе-небудзь?

Мужчыны маўчалі. Нарэшце бацька сказаў:

— Па-мойму, правільна. Лішнія слёзы. Але па закону так проста нельга пахаваць.

— Ці мала мы робім супраць закону, калі нічога больш не застаецца?

— Гэта праўда.

Эл сказаў:

— Пакуль вада не паднялася яшчэ вышэй, трэба разабраць барты грузавіка.

Бацька павярнуўся да дзядзькі Джона:

— Можа, ты яго пахаваеш, а мы з Элам перацягаем сюды дошкі?

Дзядзька Джон панура адказаў:

— Чаму я павінен гэта рабіць? Чаму не вы? Мне гэта не па душы. — Памаўчаўшы, сказаў: — Добра. Зраблю. Добра, пахаваю. Ну, нясіце сюды, дайце мне яго. — І, павышаючы голас, паўтарыў: — Нясіце! Дайце мне яго!

— Ш-ш… Пабудзіце ўсіх, — сказала місіс Уэйнрайт. Яна прынесла скрынку да дзвярэй і беражліва расправіла зверху мяшок.

— Рыдлёўка там, за табой, — сказаў бацька.

Дзядзька Джон узяў рыдлёўку. Ён саслізнуў па дошках уніз і апынуўся амаль па пояс у вадзе, у павольнай плыні. Свабоднай рукой ён прыняў скрынку і ўзяў яе пад паху.

Бацька сказаў:

— Пайшлі, Эл. Прынясём дошкі.

У шэрым світальным сутонні дзядзька Джон, ідучы ў вадзе, абагнуў вагон, мінуў грузавік Джоўдаў і па слізкім дарожным насыпе падняўся на шашу. Ён пакрочыў па ёй міма вагоннага лагера і дайшоў да месца, дзе бурлівая рэчка паварочвала амаль да самай дарогі, уздоўж якой тут рос лазняк. Ён кінуў на дол рыдлёўку і, трымаючы скрынку перад сабой, прадраўся скрозь зараснік, да імклівага рачнога патоку. Пастаяў там з хвіліну, пазіраючы на вірлівую плынь, на камякі жоўтай пены, што аселі ў кустах. Ён падняў скрынку да грудзей. Потым нахіліўся, апусціў яе на ваду і прытрымаў рукой. Ён гнеўна сказаў:

— Плыві, раскажы ім усё. Плыві па вуліцах, ператварыся ў тлен і раскажы ім хоць так. Толькі так і можаш гаварыць. Я нават не ведаю, хто ты — хлопчык ці дзяўчынка. І не хачу ведаць. Плыві, спыніся дзе-небудзь сярод вуліцы. Можа, тады яны зразумеюць. — Мяккім рухам рукі дзядзька Джон падпіхнуў скрынку ў самае цячэнне і адпусціў. Скрынка нізка асела ў вадзе, пайшла бокам, закруцілася ў вірлівай вадзе і паволі перавярнулася ўверх дном. Мяшок паплыў, і, падхопленая імклівым цячэннем, скрынка шпарка паплыла ўслед за ім і знікла з вачэй за кустоўем. Дзядзька Джон вярнуўся да шашы, схапіў рыдлёўку і пакрочыў назад, да лагера. Ён з плёскатам увайшоў у ваду і дайшоў да грузавіка, з якога бацька з Элам знімалі бартавыя дошкі — адна цаля на шэсць.

Бацька азірнуўся на дзядзьку Джона: