Выбрать главу

— Ну што, зрабіў?

— Ага.

— Тады вось што — ты дапамажы Элу, а я схаджу ў краму, куплю што-небудзь з ежы.

— Вазьмі свіной грудзінкі, — папрасіў Эл. — Я мяса хачу.

— Добра, — сказаў бацька і саскочыў з грузавіка, а дзядзька Джон палез на яго месца.

Калі ўцягнулі дошкі ў вагон, маці прачнулася і села на матрацы.

— Што вы надумалі рабіць? — запыталася яна.

— Хочам збіць памост, каб не заліло.

— Навошта? Тут у нас суха.

— А хутка не будзе. Вада прыбывае.

Маці цяжка паднялася з матраца і падышла да дзвярэй.

— Трэба адсюль выбірацца.

— Нельга, — запярэчыў Эл. — Усё наша дабро тут. Грузавік тут. Усё, што ў нас ёсць.

— А бацька дзе?

— Пайшоў купіць што-небудзь на снеданне.

Маці зірнула ўніз, на ваду. Да падлогі вагона засталося ўжо толькі шэсць цаляў. Маці вярнулася да матраца і паглядзела на дачку. Іх позіркі сустрэліся.

— Ну, як ты сябе адчуваеш? — запыталася маці.

— Стамілася. Зусім без сіл.

— Зараз накармлю цябе снеданнем.

— Мне есці не хочацца.

Місіс Уэйнрайт падышла і стала каля маці.

— Выгляд у яе цяпер добры. Зусім малайчына.

Вочы Ружы Сарона пыталіся аб нечым у маці, але тая старалася ўнікнуць гэтага пытання. Місіс Уэйнрайт адышла ад печкі.

— Ма…

— Ну што табе?

— Усё… добра?

Маці не стрывала. Яна апусцілася каля дачкі на калені.

— У цябе яшчэ будуць дзеці, — сказала яна. — Мы зрабілі ўсё, што маглі.

Ружа Сарона пачала кідацца па матрацы і прыўзнялася на локці.

— Ма!

— Ты невінаватая.

Ружа Сарона зноў адкінулася назад і закрыла вочы сагнутымі ў локцях рукамі. Руці падабралася блізка да сястры і з жахам пазірала на яе. Потым хрыпла прашаптала:

— Яна хворая, ма? Яна памрэ?

— Ну што ты. Яна паправіцца. Паправіцца.

У вагон увайшоў бацька з пакункамі ў руках.

— Ну, як яна?

— Усё добра, — адказала маці. — Усё будзе добра.

Руці далажыла Ўінфілду:

— Яна не памрэ. Так ма сказала.

А Ўінфілд, калупаючы ў зубах трэсачкай, прамовіў, зусім як дарослы:

— Мне гэта і так вядома.

— Адкуль?

— Не скажу, — адказаў Уінфілд і выплюнуў з рота абломак трэсачкі.

Маці распаліла агонь у печцы апошнім суччам, падсмажыла грудзінкі і зрабіла да яе падліўку. Сярод бацькавых пакупак быў і заводскі хлеб. Убачыўшы яго, маці нахмурылася:

— Грошы яшчэ засталіся?

— Не, — адказаў бацька. — Але ж вельмі есці хочацца.

— І ты купляеш хлеб, — папракнула яго маці.

— Мы вельмі прагаладаліся. Усю ж ноч працавалі.

Маці ўздыхнула:

— А як далей будзем жыць?

Пакуль яны елі, вада падымалася ўсё вышэй і вышэй. Эл паспешліва праглынуў сваю порцыю і разам з бацькам пачаў збіваць памост. Пяць футаў шырынёй, шэсць футаў даўжынёй, чатыры футы ад падлогі. А вада падабралася ўжо да дзвярэй, доўга стаяла там, нібы ў нерашучасці, і нарэшце патроху прасачылася ў вагон, пачала заліваць падлогу. І зноў паліў дождж — цяжкія, буйныя кроплі запляскалі па вадзе, як і раней, гулка барабанілі па даху.

Эл сказаў:

— Ну, давайце падымем матрацы. І коўдры туды ж, а то намокнуць.

Яны навалілі ўвесь свой скарб на высокі памост; вада ўсё больш залівала падлогу. Бацька, маці, Эл і дзядзька Джон з чатырох рагоў паднялі матрац, на якім ляжала Ружа Сарона, і паклалі паверх рэчаў.

Ружа Сарона запратэставала:

— Я сама. Я здаровая.

А вада празрыстай плёнкай распаўзалася па падлозе. Ружа Сарона шапнула нешта маці, і тая ўсунула руку пад коўдру, памацала грудзі і кіўнула галавой.

У другім канцы вагона Ўэйнрайты стукалі малаткамі, майструючы і сабе памост. Дождж памацнеў, але неўзабаве сціх зусім.

Маці паглядзела сабе пад ногі. Вада ў вагоне паднялася ўжо на паўцалі.

— Гэй, Руці, Уінфілд, — спалохана закрычала маці, — залязайце наверх. Прастудзіцеся. — Яна падсадзіла дзяцей наверх, і яны нязручна прымасціліся каля матраца Ружы Сарона. І раптам маці сказала: — Трэба выбірацца адсюль.

— Нельга, — запярэчыў бацька. — Эл правільна кажа: усё наша дабро тут. Мы зараз дзверы знімем і пакладзём наверх — больш месца будзе.

Джоўды ўсёй сям'ёй згрудзіліся на памосце, маўклівыя, панурыя. Паводка затапіла вагон на шэсць цаляў вышэй падлогі, і толькі тады яе воды пераліліся цераз дарожны насып і залілі бавоўнішча па другі бок шашы. Астатак дня і ўсю ноч мужчыны спалі, прамоклыя, бок у бок адзін з адным на знятых з пазоў дзвярах. Маці ляжала разам з Ружай Сарона. Яна то перашэптвалася з дачкой, то ціха сядзела на матрацы ў глыбокім роздуме. Рэшткі куплёнага хлеба яна хавала пад коўдрай.