Выбрать главу

Дождж цяпер ішоў перагонамі — кароткія шквалы змяняліся зацішшам. Раніцай бацька пайшоў, плюхаючы па вадзе, па лагеры і вярнуўся з дзесяткам бульбін у кішэнях. Маці хмура пазірала, як ён выламаў некалькі дошак з унутранай абшыўкі вагона, распаліў печку і зачарпнуў вады ў кацялок. Потым усе елі рукамі гарачую бульбу, ад якой ішла пара. І калі гэтая апошняя іх ежа была з'едзена, усе моўчкі ўтаропіліся на шэрую ваду пад імі, а ноччу доўга не клаліся спаць.

Наступнай раніцай яны прачнуліся змрочныя. Ружа Сарона нешта шапнула маці на вуха, і тая паківала галавой і сказала:

— Ага. Самая пара. — І павярнулася да мужчын, якія ляжалі на знятых вагонных дзвярах. — Мы ідзём адсюль, — з суровай рашучасцю абвясціла яна. — Пашукаем дзе вышэйшага месца. Вы як хочаце — заставайцеся тут ці не, а я забяру з сабой Разашарну і малых.

— Нельга нам ісці, — слаба запратэставаў бацька.

— Дык не ідзіце. Данясіце толькі Разашарну да шашы і вяртайцеся. Дажджу ўжо няма, мы пойдзем.

— Добра. Мы таксама ідзём.

Эл сказаў:

— Я, ма, не пайду.

— Чаму гэта?

— Дык жа ж… Эгі… ну, мы з ёю…

Маці ўсміхнулася:

— Ну, канешне, канешне. Ты заставайся, Эл. Панаглядаеш тут за нашымі пажыткамі. Як спадзе вада, мы… вернемся. Давайце ж хутчэй, пакуль дажджу няма, — сказала яна бацьку. — Падымайся, Разашарна. Знойдзем сухое месца.

— Толькі я сама.

— Потым пройдзеш крыху там, на шашы. Ну, падстаўляй спіну, бацька.

Бацька саслізнуў па сходках у ваду і стаў чакаць каля вагона. Маці памагла Ружы Сарона злезці з памоста і падвяла яе да дзвярэй. Бацька ўзяў яе на рукі, падняў як мага вышэй і, асцярожна ступаючы ў глыбокай вадзе, абагнуў вагон і пайшоў да шашы. Там ён апусціў дачку на бетон, моцна трымаючы яе. Дзядзька Джон ішоў за ім следам з Руці на руках. Маці таксама саслізнула ў ваду, і спадніца на ёй узнялася пузыром.

— Ну, Уінфілд, садзіся мне на плечы. Эл… як вада спадзе, мы вернемся. Эл… — Маці памаўчала. — Калі… калі, можа, прыйдзе Том… скажы яму, што мы вернемся. Скажы, каб ён быў асцярожны. Уінфілд, садзіся на плечы… ага, вось так. Не матляй нагамі. — Пахістваючыся, яна пайшла па вадзе, якая даставала ёй да грудзей. Мужчыны памаглі ёй узабрацца на дарожны насып і знялі з яе плячэй Уінфілда.

Стоячы на шашы, яны паглядзелі на лагер — цёмна-чырвоныя прамавугольнікі таварных вагонаў, грузавікі і легкавыя машыны глыбока сядзелі ў вадзе, якая паволі калыхалася. Пакуль яны стаялі, замжэў дробны дожджык.

— Трэба ісці, — сказала маці. — Ты зможаш ісці сама, Разашарна?

— Галава крыху кружыцца. І ўсё цела баліць, як пабітае.

Бацька незадаволена буркнуў:

— Ісці… А куды ісці?

— Не ведаю. Ну, пайшлі, вазьмі Разашарну пад руку. — Маці ўзяла дачку пад правую руку, бацька пад левую. — Пашукаем сухога месца. А што рабіць? Вы ўжо другі дзень ходзіце ў мокрым.

Яны паволі пайшлі па шашы. Ім чуваць было, як недалёка ад насыпу шуміць імклівая рэчка. Руці і Ўінфілд ішлі разам крыху наперадзе, плюхаючы чаравікамі па мокрым бетоне. Джоўды доўга ішлі, не паскараючы кроку. Неба пацямнела, дождж памацнеў. Па шашы не праехала ніводнай машыны.

— Трэба спяшацца, — сказала маці. — Калі Разашарна моцна прамокне, проста не ведаю, што з ёю будзе.

— А куды нам спяшацца, ты не сказала, — з'едліва прамовіў бацька.

Дарога павярнула ўбок разам з лукавінай рэчкі. Маці акінула позіркам затопленыя палі. Далёка наперадзе, злева ад дарогі, на пакатым грудку стаяла пачарнелая ад дажджу адрына.

— Гляньце! — зарадавалася маці. — Вунь, вунь! Ручаюся, там суха. Пойдзем туды, перачакаем дождж.

Бацька ўздыхнуў:

— Каб гаспадар нас не прагнаў.

Наперадзе, на абочыне, Руці заўважыла чырвоную плямку. Яна кінулася туды. Кволая сцяблінка дзікай герані з адной толькі кветкай, пабітай дажджом. Руці сарвала яе. Яна асцярожна адшчыкнула адзін пялёстак і прыляпіла яго сабе на нос. Да яе падбег Уінфілд.

— Дасі мне адзін? — патрабавальна запытаўся ён.

— Не, сэр! Усё маё. Я сама знайшла, — адказала Руці і наляпіла сабе на лоб другі пялёстак, падобны на пунсовае сэрца.

— Дай мне, Руці, адзін, ну дай! — Уінфілд працягнуў руку, каб вырваць у яе кветку, але прамахнуўся, і Руці заляпіла яму аплявуху. Ён застыў на месцы, потым губы ў яго задрыжалі і да вачэй падступілі слёзы.

У гэты момант падышлі астатнія.

— Ну, што такое? — захвалявалася маці. — Што тут у вас?

— Ён хацеў забраць у мяне кветку.

Скрозь слёзы Ўінфілд сказаў:

— Мне толькі адзін пялёстак… Я таксама хачу на нос.

— Дай яму, Руці.

— Няхай сам знойдзе. Гэта маё.