Выбрать главу

— Добра.

Маці ўсміхнулася:

— Я так і ведала. Я ведала! — Яна апусціла галаву і ўтаропілася на свае моцна сашчэпленыя на каленях рукі.

Ружа Сарона прашаптала:

— Вы… усе вы… выйдзеце?

Дождж цяпер біў па даху з мяккім шапатлівым шумам.

Маці падалася наперад і далонню адкінула зблытаныя валасы з ілба дачкі і пацалавала яе ў лоб, потым рашуча ўстала.

— Пойдзем адсюль усе, — сказала яна. — Пойдзем усе ў павець.

Руці раскрыла рот, каб нешта сказаць.

— Маўчы, — загадала маці. — Маўчы і ідзі. — Яна прапусціла ўсіх міма сябе, павяла з сабой хлопчыка і зачыніла рыплівыя дзверы.

З хвіліну Ружа Сарона нерухома сядзела ў шапатлівай адрыне. Потым цяжка падняла сваё стомленае цела і захуталася ў коўдру. Яна марудна прайшла ў кут і спынілася, пазіраючы на змарнелы твар, на шырока расплюшчаныя спалоханыя вочы чалавека. Потым паволі лягла каля яго. Ён слаба пакруціў галавой. Ружа Сарона адкінула край коўдры і агаліла грудзі.

— Так трэба, — сказала яна, прыціснулася да яго і прыгарнула яго галаву да грудзей. — Ну вось… — прамовіла яна, — вось так… — Рука яе прасунулася яму за галаву, падтрымліваючы яе. Пальцы ласкава гладзілі яго валасы. Яна падняла вочы, скіравала позірк у глыбіню адрыны, губы яе стуліліся і застылі ў таямнічай усмешцы.