— Дзякуй, дружа, — сказаў ён. — А то капыты мае забаставалі.
— Новыя чаравікі, — прамовіў шафёр. У голасе ў яго была тая ж змоўніцкая хітрынка, што і ў позірку. — Хіба ж можна пускацца ў дарогу ў новых чаравіках, ды яшчэ такой спёкай!
Чалавек глянуў на свае запыленыя жоўтыя чаравікі.
— Другіх не было, — сказаў ён. — Што ёсць, тое і носіш.
Шафёр уважліва паглядзеў праз ветравое шкло на дарогу і крыху павялічыў скорасць.
— Далёка выбраўся?
— Ага. Я асіліў бы дарогу да канца, каб капыты не забаставалі.
Шафёр распытваў яго так, быццам вёў тонкі допыт. Закідваў сеткі, ставіў пасткі.
— Шукаеш працы?
— Не. У майго старога тут участак — сорак акраў. Ён арандатар-здольнік, але сям'я наша даўно ўжо ў гэтых месцах.
Шафёр шматзначна паглядзеў на палі ўздоўж дарогі, на палеглую, занесеную пылам кукурузу. З-пад пласта пылу сям-там вызіраў дробны пясчанік. Шафёр сказаў быццам сам сабе:
— Так і сядзіць на сваіх сарака акрах? І пыл яго не засыпаў, і трактары не сагналі?
— Апошні час я з дому вестак не меў.
— Значыць, даўнавата не меў, — сказаў шафёр. У кабіну заляцела пчала і з гудзеннем пачала біцца аб ветравое шкло. Шафёр працягнуў руку і асцярожна пасунуў пчалу да акенца кабіны, і там яе падхапіў вецер. — Здольнікам цяпер хана, — зноў загаварыў шафёр. — Адным трактарам адразу дзесяць сем'яў зганяюць. Трактары такога нарабілі! Заворваюць участак, а арандатара — прэч. Як гэта толькі стары твой утрымаўся? — Яго язык і сківіцы зноў заняліся забытай ужо гумкай, сталі жаваць яе і перакідваць з боку на бок. Кожны раз, як ён адкрываў рот, між губамі ў яго відаць быў язык, які ганяў гумавую жвачку з месца на месца.
— Я даўно не меў вестак з дому. Сам пісаць не люблю, бацька таксама не аматар. — Пасажыр паспешліва дадаў: — Але пісаць мы ўмеем, была б толькі ахвота.
— Працаваў дзе-небудзь? — Зноў такі ж дапытлівы, хітравата дагодлівы і быццам абыякавы тон. Шафёр зірнуў на палі скрозь паветра, якое трымцела ад спёкі, і, засунуўшы гумку за шчаку, каб не перашкаджала, плюнуў у акно.
— Канешне, працаваў, — адказаў пасажыр.
— Так я і думаў. Па руках відаць — мазолістыя. Кірка ці сякера, а то і кувалда. Я такое заўважаю. Ганаруся гэтым.
Пасажыр пільна паглядзеў на шафёра. Колы грузавіка, коцячыся па шашы, напявалі сваю бясконцую песню.
— Цябе яшчэ што-небудзь цікавіць? Дык я раскажу. Чаго табе дарма галаву ламаць.
— Ну вось, ужо і зазлаваў. Я ў чужыя справы не соваюся.
— Я сам усё раскажу. Мне таіць няма чаго.
— Ды кінь ты, не злуй. Проста я люблю да ўсяго прыглядацца. Хутчэй час ідзе.
— Я ўсё раскажу. Зваць мяне Джоўд, Том Джоўд. Бацька таксама Том Джоўд. — Вочы пасажыра заслала смугой, калі ён глянуў на шафёра.
— Кінь злаваць. Я гэта проста так.
— Я таксама проста так, — сказаў Джоўд. — Стараюся жыць ціха, нікога не крыўдзіць. — Ён змоўк, паглядзеў на сухія палі, на змардаваныя спёкай купкі дрэў, што віднеліся ўдалечыні скрозь гарачае паветра. Тады дастаў з бакавой кішэні капшук і паперу і скруціў цыгарку — між каленяў, там не так цягнула ветрам.
Шафёр жаваў сківіцамі мерна і задумліва, як карова. Ён моўчкі чакаў, калі згладзіцца ўражанне ад таго, што было сказана, і ледзь толькі пачуццё няёмкасці рассеялася, сказаў:
— Хто не сядзеў цэлымі днямі за рулём, той не ведае, што гэта такое. Гаспадары не дазваляюць браць спадарожнікаў. Вось і ганяеш з канца ў канец адзін, як пракляты, калі не хочаш нарвацца на звальненне. А з табой я, чаго добрага, нарвуся.
— Цаню, — сказаў Джоўд.
— Некаторыя хлопцы ў дарозе чорт што вырабляюць. Адзін, паверыш, вершы складае, каб хутчэй ішоў час. — Ён крадком глянуў на Джоўда, ці не зацікавіць яго такое незвычайнае паведамленне. Джоўд маўчаў, утаропіўшыся на дарогу, на белую дарогу, што бегла ўдалячынь мяккай хвалістай лініяй па ўзгорках. Не дачакаўшыся адказу, шафёр пачаў гаварыць далей: — Адзін яго верш я крыху памятаю. Там пра яго самога і двух яго прыяцеляў — раз'язджаюць па свеце, п'янствуюць, дэбашыраць. Шкада, не магу ўсё пераказаць. Ён там такіх доўгіх слоў накруціў, сам гасподзь бог не разбярэцца. Памятаю толькі адно месца: «Нам раз стрэўся афрыканец, у яго пратуберанец, нібы хобат у слана». Пратуберанец — гэта выступ такі. Ён сам мне ў слоўніку паказваў. Ні на момант са сваім слоўнікам не расставаўся. Пад'едзе да закусачнай, закажа кавы з пірагом, а сам уткнецца носам у слоўнік. — Шафёр замаўчаў. Гаварыць аднаму так доўга было не вельмі прыемна. Краем вока ён глянуў на пасажыра. Той сядзеў моўчкі. Шафёру стала ніякавата, і ён зрабіў яшчэ адну спробу ўцягнуць Джоўда ў гутарку. — Ты чуў ад каго-небудзь такія даўжэзныя словы?