Выбрать главу

З правага боку дарогі цягнулася агароджа — дзве ніткі калючага дроту на вярбовых калах. Слупкі былі крывыя, няроўна абрэзаныя. Калі развіліна была на належнай вышыні, дрот ляжаў на ёй, калі не — яго трымаў абвязаны вакол слупка ржавы абрывак пакавальнага дроту. За агароджай, паваленая ветрам, спёкай і сухменню, ляжала кукуруза, і лісцевыя пазухі на сцёблах былі даверху забітыя пылам.

Джоўд ішоў дарогай, і воблачка пылу цягнулася па яго слядах. Крыху наперадзе ён убачыў выпуклы панцыр чарапахі, якая марудна паўзла па пыле, неяк рыўкамі перастаўляючы няўклюдныя ногі. Джоўд спыніўся — захацеў паглядзець на чарапаху, і цень яго ўпаў на яе. Галава і ногі імгненна схаваліся, кароткі тоўсты хвост шуснуў убок, пад панцыр. Джоўд падняў чарапаху і перавярнуў дагары нагамі. Спіна ў яе была шаравата-карычневая, пад колер пылу, а ніжні шчыток крэмава-жоўты, чысты і гладкі. Джоўд вышэй падсунуў пад паху свой скрутак і правёў пальцам па брушным шчытку, потым націснуў на яго. Ён быў мякчэйшы за верхні. Чарапаха высунула лускаватую галаву — намагалася зірнуць уверх, на палец Джоўда, сутаргава торгаючы нагамі. Яна намачыла Джоўду на далонь, не перастаючы бездапаможна біцца ў яго ў руках. Джоўд перавярнуў яе спінай угору і ўкруціў у пінжак разам з чаравікамі. Ён адчуваў, як яна валтузіцца там, тыцкаецца і перабірае лапамі. Джоўд пайшоў далей, прыспешыў крок, крыху заграбаючы мяккі пыл пятамі.

Наперадзе, узбоч дарогі, чахлая, абсыпаная пылам вярба адкідала на зямлю рабы цень. Яе ўбогае, кволае вецце згіналася над дарогай, рэдкая, чэзлая крона нагадвала аблезлую курыцу. Джоўд абліваўся потам. Сіняя кашуля пацямнела на спіне і пад пахамі. Ён насунуў кепку на лоб, пацягнуўшы за брылёк, і той перагнуўся пасярэдзіне, кардонная пракладка зламалася — цяпер ужо кепка ніколі не будзе выглядаць, як новая. Ногі неслі яго ўсё шпарчэй да адзінокага дрэва. Ён ведаў — там будзе цень, прынамсі, хоць палоска ценю ад ствала, бо сонца прайшло ўжо зеніт. Гарачыя промні апякалі патыліцу, у галаве злёгку шумела. Ён не бачыў падножжа вярбы, бо яна расла ў маленькай западзіне, вільгаць там не так хутка высыхае, як на роўных месцах. Ён ішоў усё хутчэй — спяшаўся ўцячы ад сонца, і нарэшце пачаў спускацца па схіле. Раптам ён апасліва запаволіў крок, бо палоска ценю была ўжо кімсьці занятая. Прыхінуўшыся спінай да камля, на зямлі сядзеў чалавек. Сагнутыя ў каленях ногі ён склаў крыж-накрыж, і босая правая ступня дасягала амаль галавы. Ён засяроджана насвістваў мелодыю факстрота «Так, сэр, гэта мой бэбі» і таму не чуў крокаў Джоўда. Задраная ўгору ступня мерна адбівала такт. Тэмп быў не танцавальны. Чалавек перастаў свістаць і заспяваў тонкім кволым тэнарком:

Так, сэр, ён мой збавіцель, Хрыс-тос мой збавіцель, Хрыс-тос мой збавіцель, сэр. Чорта, клянуся, Я ўжо не баюся, У мяне ёсць збавіцель цяпер.

Ён пачуў крокі Джоўда, толькі калі той ступіў у рэдкі цень ад аблезлай кроны, перастаў спяваць і павярнуў у яго бок галаву. Доўгая, кашчавая, з туга нацягнутай скурай на твары, яна сядзела на шыі, мускулістай і жылістай, як бадыль сельдэрэю. Запаленыя, чырванаватыя павекі прыкрывалі ад сонца вялікія, выпуклыя вочы. Безвалосыя смуглыя шчокі льсніліся, поўныя губы выдавалі не то насмешку, не то пажадлівасць. Скура так шчыльна абцягвала яго дзюбасты, касцісты нос, што прасвечвалі храсткі пераносся. Ні на шчоках, ні на доўгім бледным ілбе не было ніводнай кропелькі поту. Лоб у яго быў ненатуральна высокі, з тонкімі блакітнымі жылкамі на скронях. Не менш як палова твару была над вачыма. Жорсткія сівыя валасы распаліся няроўнымі пасмамі — відаць, зачэсаныя пальцамі. На ім былі штаны-камбінезон і сіняя кашуля. Баваўняная куртка з меднымі гузікамі і карычневы, залаплены, у тлустых плямах капялюш ляжалі на зямлі каля яго. Шэрыя ад пылу парусінавыя туфлі на гумавай падэшве валяліся паасобку там, дзе ён іх скінуў з ног.

Чалавек доўга глядзеў на Джоўда. Сонечнае святло глыбока пранікала ў яго карыя вочы і запаліла ў зрэнках залатыя іскрынкі. Калі ён падняў галаву, жгут мускулаў у яго на шыі яшчэ больш наструніўся.

Джоўд моўчкі стаяў у дзіравым цяні. Ён зняў кепку, выцер ёю спацелы твар і разам са скручаным пінжаком кінуў на зямлю.

Не высоўваючыся з ценю, чалавек выцягнуў ногі і зарыў пальцы ў пыл.

Джоўд сказаў:

— Фу! На дарозе пячэ, як у пекле.

Чалавек пільна паглядзеў на яго.