Выбрать главу

Праваднік спыніў ішака.

— Пройдзеце яшчэ з кіламетр — і будзе ручай, прэсная вада. Управа — бераг акіяна, да яго таксама з кіламетр. Увесь гэты куток — ваш. Тут землі султаната, дзяржаўныя. Карчуйце, расчышчайце, сяліцеся. Хто колькі зможа акультурыць зямлі — уся і будзе яго. Першыя тры гады ніякіх падаткаў у казну плаціць не будзеце… — і хлістануў ішака дубчыкам, бягом пагнаў назад. Тросся і хапаўся то адною, то другою рукою за карак, здзіраў п'явак.

Калі дарогаю нараканні на лёс, плач жанчын і дзяцей былі яшчэ слабыя, людзі на штосьці спадзяваліся, то цяпер пачулася суцэльнае жаночае галашэнне. На пагібель іх сюды прывялі! Хіба можна жыць у гэтых гнілых нетрах? А як жа лагодна было на іх Біргусе! Якое там паветра, які белы пясочак на беразе! Як добра пальмы раслі! Які ўраджай давалі — па тры разы на год!

— Ма-ама, п'яўкі!!! А-а-а-а!.. — не сціхаў дзіцячы лямант.

— Ціха! Мы яшчэ не бачылі ні ручая, ні берага мора! — стараўся ўсіх перакрычаць Амат, Натачын бацька. — Трэба яшчэ пацярпець гадзіну-другую. Я схаджу разведаю, як і што, а вы раскладвайце агонь, дыму пабольш рабіце… Каб маскітаў разагнаць! — ён выцягнуў з мяшка сякерку. — Хто яшчэ са мною?

Згадзіліся многія, але Амат выбраў Амару, у яго быў на поясе крыс, як і ў Раджа. Янг такімі вачыма глядзеў на Амару, на Натачу, што дзяўчынка пачала прасіць бацьку:

— І Янга вазьмі! Ён добра па дрэвах лазіць… Ён… плавае лепш за ўсіх нас! — і зашаптала гучна Янгу: — І сам прасіся, язык праглынуў? А я пагляджу твайго бацьку, не турбуйся.

Жанчыны і ўсе, хто заставаўся на месцы, пачалі вырываць і вытоптваць траву, абломваць над галовамі вецце, каб не так зручна было нападаць п'яўкам. Іншыя збіралі сушэйшае ламачча, каб раздзьмухаць агонь.

Птушкі, што былі прыціхлі ад людскіх галасоў, зноў пачалі пераклікацца ў кронах дрэў. Адна рагатала, аж заходзілася, нібы здзекавалася з абдураных людзей, якіх кінулі ў джунглі на з'ядзенне п'яўкам і маскітам.

2

Першы прабіраўся дзядзька Амат, спрытна махаў сякеркаю, цярэбячы дарогу. Сям-там пакідаў і зарубкі на дрэвах, каб лягчэй было знайсці дарогу назад. Ліяны былі і з круглымі сцябламі, і з кантовымі, грані часам былі вострыя, з шыпамі і калючкамі-кручкамі. Петлі са сцяблоў не заўсёды паддаваліся з аднаго ўдару, спружынілі і гушкаліся, даводзілася падлазіць пад іх, паднырваць, адхіляць з дарогі. З некаторых перасечаных сцяблоў струменілі то белы сок, то вада, з некаторых вылазілі бледныя мурашы ці тэрміты. А раз на нос Янгу ўпаў каўтляк сіняватага жабурыння надрэўнай жабы.

Да ручая выйшлі неўпрыкметку, бо ён не журчаў, не булькаў. Проста раптам убачылі, што лужыны зліліся ў адну і, здаецца, пачысцелі. Але цячэння амаль нельга было згледзець, каламута і гніль, узнятая нагамі, так і заставаліся каля слядоў. З асалодаю папаласкалі рукі, грудзі, твары ад ліпкага поту і павуціны і пабраліся далей. Усё больш і гусцей трапляліся нейкія вадзяныя расліны з круглымі лістамі. Буялі папаратнікі, падобныя на пальмы, і пальмы ніпа з даўжэзнымі, нібы парэзанымі лістамі.

Потым усё-такі пазналі, куды вядзе плынь, і мацалі дол кіямі, каб не трапіць на глыбокае ці ў якую багну. Пачаліся мангравыя зараснікі, яны ўсё гусцелі і гусцелі, пакуль каля самага мора не ператварыліся ў суцэльныя. Часам пад вадою нага натыкалася на вострыя пікі парасткаў — гэта пападалі з дрэўцаў-кустоў з гатовымі карэньчыкамі і сцябельцам, прагна ўхапіліся расці насенныя зародкі. У Янга ўжо не хапала сілы выцягваць з твані і мулу ногі, спатыкаўся на кожным кроку, кульгаў, але перадышкі не прасіў.

Каб канчаткова не ўпасці ў твань, Янг ухапіўся за сцяблы, завіс грудзьмі на кусце. Усё! Сілы больш ні кропелькі… Хай ідуць яны куды хочуць, а ён і з месца не скранецца. І голасу не будзе падаваць ім, каб не турбаваць, не зрываць Ім паходу… І раптам Янг заўважыў на сцяблах бела-солевыя адзнакі і міжволі прымераў да сябе: ого, даходзяць да шыі! А калі ногі больш угрузнуць, то і да вачэй… Гэта ж акіянскі прыліў папакідаў меткі! Няўжо Амат і Амара не бачаць іх, не разумеюць, што можа здарыцца, калі вада пачне прыбываць?!

— Гэ-э-эй!.. — пракрычаў хрыпла. — Сто-ойце! «А-я-яй, ужо і вада назад павярнула, пухне, расце…»

Янг пабег, бултыхаючыся, спатыкаючыся, падаючы. З каранёў градам сыпаліся ў ваду мангравыя крабы і скакуны. Калі ўжо той акіян пакажацца, калі скончацца гэтыя праклятыя мангры?

— Ну чаго цябе дрэнчыць? — Амат прысеў на выгнуты, нібы пятля ў гушкалцы, корань. Твар і шыя ў крыві ад раздушаных камароў. Дзядзьку таксама ўжо не трымалі ногі.

— Прыліў!.. Глядзіце!.. — паказаў Янг на белыя адмеціны на сцяблах і пад ногі, на плынь. Спатыкнуўся і плюхнуўся жыватом, абадраўшы бок.

Натачын бацька пакасіў вокам на пісягі на сцяблах і пачаў лаяцца:

— Сволачы! Злыя духі, а не людзі! Хіба ж можна жыць у такім месцы?! Ды тут жа нідзе ніякага груду няма! Дзе тут з лодкай прыткнешся? Дзе хату будаваць?!

— Там таксама скрозь глей і мул, няма тупкага берага, — вярнуўся да іх Амара, махнуўшы ў бок мора рукой. Паспеў хлопец прайсці ўперад метраў на трыццаць.

— Знарок на пагібель нас сюды паслалі… Нікому мы не трэба! О, Вішну, о, усемагутны! Ці бачыш ты, як здзекуюцца над тваімі дзецьмі?! — падымаў Амат угору кашчавыя рукі, а па шчоках цяклі кроплі поту ці слёз.

— Так нам, дурням, і трэба, — плюнуў Амара. — Не трэба было паддавацца янкі, не трэба было пакідаць Біргус! Гэтыя амерыканцы гатовы ўвесь свет праглынуць, толькі папусціся.

Янг пачуў амаль тое самае, што гаварыў брат Радж. Значыць, Амара і Радж — заадно?! О, каб усе біргусаўцы былі такія, як Радж і Амара!

— А што мы маглі зрабіць голымі рукамі? У іх і права, і сіла, і зброя… — роспачна ўздыхаў Натачын бацька.

— Што? Многа чаго… Шкада, што Раджа няма з намі… Султан не меншы вораг, чым гэтыя янкі!

Дзядзька Амат спуджана азірнуўся, ён забыў, што знаходзіцца не на вуліцы Кампонга, а ў бязлюдных зарасніках. Потым кінуў насцярожаны позірк на Янга — а мо ад яго трэба хавацца? Мо ён прабалбочацца пра такія размовы? І сказаў:

— Не будзь дурною чарапахаю, не лезь напралом. Тая як упрэцца ў дрэва, дык пнецца, лезе, пакуль не здохне.

— Ён свой хлопец, — паклаў Амара руку на Янгава плячо. — У яго ў самога вялікі рахунак і да янкі, і да султана.

Янг захапіўся рыбкамі-скакунамі, яны ўжо асмеліліся і зноў пачалі караскацца з вады, моцна сціскаючы плаўнікамі сцяблы і карані, нібы прысмоктваючыся. Але варта было рэзка ўзмахнуць рукою, як рыбкі гэпалі ў ваду, імгненна знаходзілі пад вадою якую апору, выстаўлялі над паверхняй лупатыя цікаўныя вочкі: «Хто гэта палохае?»

Янгу ўдалося схапіць дзвюх рыбак.

Там, дзе павінен быў быць акіян, штосьці працягла і цяжка плюхнула, нібы абваліўся падмыты бераг. Усе натапырылі вушы.

— Пайшлі хутчэй, вада прыбывае! — устаў Амат.

— Дзядзька, а кракадзілы тут вядуцца? — спытаў Янг, напалоханы цяжкім плюханнем ззаду.

— Не павінна быць: і востраў не вельмі вялікі, і рэчка малая, — замест яго адказаў Амара. — Ідзі пасярэдзіне, калі так баішся, — і пусціў Янга ісці другім.

Ці прыліў падганяў, ці той уяўны кракадзіл — вярталіся шпарчэй. Хацелася быць як мага далей ад гіблага месца.