Выбрать главу

— Бацьку трэба было б змазаць. У яго ўсё цела пабіла на язвы.

— Нельга бацьку лячыць, дзед казаў. Чым больш пакут ён прыме, тым больш ачысціцца яго душа, бліжэй будзе да бога. Лажыся! — загадала Натача і нават таўханула ў плечы.

Янг разлёгся з кутка ў куток спінаю ўгору — якраз хапіла выцягнуцца. Натача падыхала на мазь, яшчэ больш разаграваючы, пачала мачаць у яе пёрца і вадзіць яму па карку, па спіне, па руках — лёгенька, далікатна, пахукваючы на болькі.

«Каб жа паслухаў Вішну! — думаў Янг. — Калі паслухае, то варта для гэтага і папакутаваць. Затое ўсім вяскоўцам будзе палёгка, пачне шанцаваць з работай, знойдуць дзе і за што свае хаты будаваць. А мо і на бацьку зверне Вішну ўвагу? Усё ж такі кавадзі панясе… Божа, зрабі так, каб стаў ён нармальным чалавекам, каб яго розум прасвятліўся!»

— А ты сябе мазала? Давай я цябе… — паварухнуўся Янг.

— Мазала! Ляжы спакойна… Во, бачыш, на руках — падсыхаць болькі пачалі… Тут трошкі мазі асталося, прыхавай на другі раз. Ну — я пабегла! А то яшчэ ўбачаць нас разам! — Натача ўсхапілася на ногі — бум галавою ў дах! Ледзь не звярнула яго набок.

Амаль усю ноч ліў дождж. Перыў, не сціхаючы, гром, жахалі сліпучыя маланкі. Дваром імчалі патокі вады, выносячы смецце і нечыстоты. Янг сядзеў па костачкі ў вадзе — будан падтапіла — і, жахаючыся і молячыся, слухаў навальніцу, слухаў, як стогне, енчыць і скардзіцца камусьці бацька.

3

Заснуў мо на досвітку, прыхінуўшыся ў куток, і толькі намучыўся, а не выспаўся. Потым перабраўся пад хляўчук, дзе быў замкнуты бацька. Янг паспеў заснуць пад дзвярыма зноў, як разбудзіў яго Амара.

— Здароў, валадар зямлі і неба! — дзіўна прывітаўся ён.

— Бессмяротны2 ты?.. Знайшоў валадара!

— А што? Уся зямля пад табою, неба — над табою. Хто ўсё гэта зможа ў нас адняць? Ніхто. Пакуль будзем жывы — ніхто.

— Пада мною зямлі на крок — дый тая чужая. Востраў аднялі, хату разбурылі… Ні мамы, ні таты… — Янгу балюча скрывіла твар, яшчэ хвіліна — і расплакаўся б.

— Дзень, пачаты са слёз, не прыносіць удачы, як кажа дзед Амос. На вось, падсілкуйся. Ды пойдзем… — Амара працягнуў яму два вараныя плады пандануса. На плячы ў Амары вісела белая плёнчатая торбачка, відаць, не пустая, бо ніз яе важка адцягваўся, распіраў торбачку ў бакі.

— Куды… пойдзем? — нават крыху спалохаўся Янг. Выцер вочы, пачаў выгрызаць, высмоктваць мучністую мякаць з цвёрдых валокнаў-жыл, якімі былі пранізаны плады.

— Мы павінны з табою ўзяць на сябе тое, ад чаго адмовіліся дарослыя. Калі старэйшыя саступаюць з дарогі, наперад павінны выходзіць мы.

— Яшчэ сонца нізка, а ўжо напякло табе галаву.

— Не бойся, я не загаворваюся. Нам трэба агледзець горы. А мо і праўда знойдзем там вольную зямлю? Усё, што выявім, убачым, раскажам людзям.

— Выявіш, разяўляй рот… Як на балоце, у манграх… У цябе нічога больш няма з яды? Можа, бацьку падсунем, пакуль няма дзеда Амоса? — Янг паглядзеў на Амараву торбачку.

Цікава, як ён адносіцца да зняволення бацькі? Амара ж больш асвечаны, умее чытаць і пісаць, а не такі цёмны, як дзед Амос. З Раджам дружыць, а Радж чаго толькі не пабачыў, чаго толькі не ведае. Кожны дзень з усякімі буржуямі сустракаецца, з усяго свету з'язджаюцца тыя буржуі на Рай. А Радж з імі і па-французску, і па-англійску, і ўсяк.

— Увогуле… я трохі прыпасся… — паляпаў Амара па торбе, збянтэжана пакашляў.— Ды раптам мы зашкодзім? Пакармі згаладалага — адразу памерці можа.

Янг моўчкі злізаў слёзы з губ, выцер шчокі. Паглядзеў на дзверы хлеўчука, нібы развітваўся навекі.

— Я гатовы…

Пайшлі не ў той бок, дзе канчаліся хібаркі беднаты і пачыналася звалка, а значна лявей, на паўднёвы захад, угору па схіле. Тут былі прывілеяваныя кварталы, беласнежныя катэджы сярод плантацый бананаў, ананасаў, какосаў і арэкавых пальмаў. То там, то сям на плеценых з дроту агароджах, на платах, на варотах віселі шыльдачкі «PRIVATE».

— І тут прайвіт, прайвіт… — чытаў гэтыя надпісы Амара і сціскаў зубы. — І тут не суйся, даўно ўсё стала прыватнай уласнасцю.

Урэшце прыгарад скончыўся. Круцізна схілу рэзка ўзрасла. Зямля была ўжо скалістая, зрэзаная ярамі і равамі, зарослымі лесам. Некаторыя дрэвы — пахутакавы — былі падобныя на гіганцкіх мнаганожак з пачварнымі доўгімі лапамі, ствалы іх амаль ляжалі, разаслаўшы кроны па камянях. Зрэдку трапляліся на тэрасах вузенькія лапікі палёў, былі і закінутыя ўчасткі, зарослыя калючымі кустамі і пустазеллем. Пяршыла ў горле ад дыму — сям-там высякалі і выпальвалі лес, каб расчысціць хоць маленькі ўчастак, нанасіць туды зямлі. Мужчыны, што займаліся гэтым, лазілі па круцізне, як малпы, былі амаль голыя, з невялікімі павязкамі на бёдрах. Цёмныя целы блішчалі ад копаці, гразі і поту. Ламачча гарэла слаба, больш дымела, было яшчэ сырое ад начнога дажджу. Амара спрабаваў загаварыць то з адным, то з другім.

— А што — тыя кінутыя ўчасткі, на тэрасах, нічые ўжо?

— Можаш лічыць — нічые. Там што-небудзь зможа расці толькі гадоў праз пяць. А то і ніколі, палівай не палівай.

У голасе мужчын былі стома і роспач, і хлопцы зразумелі: людзі нічога добрага ад свае працы не чакаюць.

Усё часцей трапляліся велізарныя наплывы чорна-бурай лавы — наздраватыя, замшэлыя. Нібы нейкі волат, а мо сам бог Вішну замясіў недзе там, угары, цеста, а яно так бурна падыходзіла і пухкацела, што распаўзлося ва ўсе бакі.

Караскаліся, падавалі адзін аднаму рукі ці кавалкі ліян і ўрэшце апынуліся нібы на пласкагор'і. Разгледзеліся па баках — і скрозь гушчэчу зеляніны ўбачылі ўнізе ваду. Не раўніна тут была, а западзіна з возерам. А сапраўдная гара тырчала яшчэ далей за возерам. Самая макаўка яе была не зялёная, а бура-сіняя, зацягнутая пялёнкай смугі ці дыму. У адным месцы сярод зараснікаў бялеў, пеніўся вадаспадзік. Але да яго, мабыць, было далёка, бо шуму вады не чулі.

— На тую гару на палезем, мы ж не вар'яты… — нейкім абыякавым голасам сказаў Амара. Адчувалася, што ён страціў ужо ўсякую надзею штосьці адшукаць.

— То давай хоць возера абыдзем, спусцімся да вады, — прапанаваў Янг.

— Кальдэра называецца… На месцы гэтага возера было калісьці жэрла вулкана, — сказаў Амара. — Дзіўна, праўда? Не на самай макаўцы гары, а збоку.

— Не выдумляй, — не паверыў Янг. — Я на малюнку бачыў вулкан, там з верхавіны гары дым, агонь і камяні ляцяць.

— Быў, кажу, вулкан, але патух. Мо сотні, мо тысячы гадоў назад. А цяпер у кратэры вада і лес.

— А можа быць вывяржэнне зноў?

— Можа. А калі — ніхто не ведае… Спусцімся ніжэй!

Янг лез за Амараю, стараўся паўтараць усе яго рухі, хоць часам цяжка было дацягнуцца да тых галін ці да тых выступаў, якімі той карыстаўся.

— Вада!.. Халодная… І чыстая, а здавалася спачатку, што чорная.

Хлопцы завіслі, трымаючыся адною рукою за галіны, а другою зачэрпваючы ваду, і пілі, смакталі, ніяк не маглі напіцца. Смачная вада, толькі, здаецца, трохі нечым прыпахвае, нібы сапсутым яйкам. Янг паспеў вымерхацца за гэтую гадзіну, і самы раз было б зноў падсілкавацца. Але Амара нават не заікаўся пра яду.

— Пайшлі, пайшлі далей…

Лёгка Амары падганяць — «Пайшлі…». Каб Янг меў такі рост і столькі сілы, то і ён бы гэтак спрытна скакаў, карабкаўся, лез, прадзіраўся, завісаў на руках, разгойдваўся, каб сігануць з выступу на выступ.

Потым метраў сто ішлі берагам возера, паўз самую ваду вяла вузкая водмель з шэра-бурага гравію, галькі, лапікаў вулканічнага сіняватага попелу, укамянелага ад даўнасці, а над галавою завісалі камяністыя глыбы. Чулі ўжо шум вады, але гэта быў не той вадаспадзік, што бачылі здалёк сярод скал і зеляніны. І ручай быў меншы, і вада тут скакала з каменя на камень, як па прыступках. Каля вусця і берагі ручая, і бераг возера, нават водмель былі ўзрыты, перакапаны. Кучы пяску, гравію былі раскоўзаныя, стоптаныя чалавечымі нагамі, сляды былі і ад босых ног, і ад грубых чаравікаў ці ботаў.

вернуться

2

Амара — бессмяротны (сінгал.).