Выбрать главу

На лбе кітайца блішчалі буйныя, як пярліны, кроплі. Ён змахваў іх рукавом, а яны зноў выступалі. Дыханне пачасцілася, стала перарывістым, мабыць, пачыналася гарачка.

— Ну й, вядома, ты будзеш мець кішэнныя грошы, на абыходак — харчаванне, гардэроб… — працягваў кітаец. — Не, мабыць, без эскулапа не абыдзецца… Куля ў назе сядзіць, рана не скразная. Я табе напішу запіску, скокнеш да аптэкара, паклічаш… Мама вас сустрэне каля пад'езда, правядзе сюды. Падай… вунь, на акне… блакнот і ручку.

3

Каля таго пад'езда, дзе кітаец завязваў Пуолу вочы, сядзела на прыступках яго маці — нібы кучка жабрацкіх лахманоў. Падышлі, і яна адразу ўстала, выцягнула з-за пазухі цёмныя хусцінкі, прапахлыя потам і даўно не мытым целам, завязала вочы Пуолу і аптэкару. Пуол ухапіўся за аптэкара, а старая — за аптэкараву сумку і павяла.

Зноў паўтарылася блытаніна нейкіх пераходаў і лесвіц. Толькі ў свае дзверы старая не грукала ўмоўным стукам, а адамкнула ключом. Для чаго пасылалі яго, Пуола, ён так і не зразумеў добра: магла аптэкара прывесці сама бабуля. Мо хіба паранены не хацеў, каб яна лішні раз паказвалася на людзях, мазоліла ім вочы?

Кітаец, чуваць было, канчаў тэлефонную размову:

— …а правучыць не шкодзіла б! Не нам гуляць у паддаўкі! Гэтых даблаў толькі біццём можна чамусьці навучыць! — і спахапіўся, пачуўшы старэчы кашаль у калідоры: — Маці, ты?! Заходзіш, адразу знак падавай, а то я магу ўсю абойму ўсадзіць! — з бразгатам паклаў тэлефонную трубку.

— Мы гэта, мы, дарагі Чжан. Прывітанне! — выйшаў на святло, якое падала з пакоя ў калідор, аптэкар.

І з гэтага часу камандаваў у пакоі, распараджаўся ён. Гатавалі на спіртоўцы ваду, раскручвалі павязку на параненай назе, разрэзвалі штаніну, абмывалі нагу вакол раны. Потым загадаў заслаць белым стол (бабуля пасля гэтага знікла), усклаў на яго Чжанаву нагу. Урэшце, старанна памыў свае рукі і пачаў мацаць нагу вакол раны, тыкаць у рану пінцэтам, ад чаго паранены кітаец закочваў вочы пад лоб і цягнуў: «Уу-у-у!»

— Не забыў яшчэ маё імя? Правільна. У мяне зваць, проста У. Я так думаю, што закранута крыху костка, бядро. Куля каўзанула, зрыкашэціла… Дзе ж яна? А-а… вось яна, убок звярнула крыху, тырчыць, як гуля… Зробім маленькі надрэз, вышчалукнем… Замест сляпой раны будзе скразная. Скарэй загоіцца, не так будзе гной затрымлівацца. Ну во… Вось яна, можаце на памяць сабе ўзяць.

— Вазьму… на памяць… — Чжан працягнуў руку. — Я пра гэтую кулю ніколі не забуду. І не дарую яе.

— Ну во… А цяпер апрацуем рану. Праз месяц будзеш танцаваць.

— У, даражэнькі, я не магу так доўга. Тыдзень, не больш.

— Ну, тыдзень не тыдзень, а два — абавязкова. — У прамыў раны нейкімі вадкасцямі, і ў пакоі запахла рэзка і непрыемна — аж у носе засвярбела. — Травак табе прапішу, напар, унутр будзеш прымаць… Для агульнага тонусу мышанятак трэба пакаўтаць. Жывенькіх… Па дзесятку ў суткі… Маленькія такія, чырвоненькія… Арганізм амалоджваецца. Больш карысці, чым ад парашкоў і таблетак.

— Ну — не! Гэта ты ўжо сам каўтай!

— А банкір Ду Шань толькі аблізваецца, разумее, што гэта на карысць яму ідзе. Для яго аднаго цэлую ферму трымаю… Ах, каб ты бачыў, якія беленькія самкі! Як снег на гарах… Не паспяваюць размнажацца… Нікога не цікавіць, колькі маеш асновы, ім падавай максімальны выхад чыстага тавару. А калі будзе папаўненне базы? І цэлафан канчаецца, і пластмаса…

Апошнія фразы гаварун У сказаў упрытык да ўсёй сваёй гаворкі, і Пуол спачатку думаў, што і яна адносіцца да мышэй. Але Чжан тут жа сурова абарваў У:

— Ціх-х… Усё будзе ў свой час і на сваім месцы. — Чжан кінуў быстры позірк на Пуола.

А Пуол знарок пільна глядзеў, як аптэкар бінтуе Чжану нагу. «Хай думаюць, што я нічога не чую, нічым не цікаўлюся…» А ў самога, здаецца, ажно вушы варушыліся і займала дух ад усіх гэтых таямніц і сакрэтаў.

І адчуваў Пуол, што з сённяшняга вечара ён пачаў хадзіць па вастрыі ляза ці па тонкім канаце над бяздоннем.

Раздзел пяты

1

Збруя шэрага осліка і каламажка на двух вялізных колах, якую ён цягнуў, былі ўпрыгожаны гірляндамі папяровых і жывых кветак. З аброці каля вуха осліка тырчаў квяцісты парасончык, прыкрываў ослікаву галаву і ківаўся ў такт хадзе. У двуколцы ляжалі вялізны барабан і літаўра, і ў іх то па чарзе, то адначасова бабухалі булавешкамі правы і левы барабаншчык. На кожны ўдар булавешак у осліка ўздрыгвала шкура на баку, ён круціў хвосцікам з прывязаным ружовым банцікам. Ба-бух! — круць-верць, ба-бух! — круць-верць…

— Уох-ха-ха! Авох-ха-ха! — ажно даходзілі хлапчукі. Прытанцоўвалі, штосьці выкрыквалі, мітусіліся. Назбіралася іх за аркестрам цэлая плойма — усякіх: і добра адзетых, і амаль голых, і абадраных.

— Глядзі — толькі ўправа круціць хвастом! Во, круць — зноў управа… Ха-ха-ха, і не зблытаецца! — асабліва пацяшаўся адзін, шыракароты і худы, гнуткі, як гумавы. Хлапец нават спрабаваў хадзіць на руках, падрыгваючы ў паветры нагамі.

Для Янга ўсё было такім дзівам, што ён нібы знямеў. То ішоў за двуколкай з дзіўным ослікам, то забягаў збоку музыкантаў. Якія дзівосныя ў іх трубы і дудкі: і белыя, і жоўтыя, і чорныя, малыя і вялікія, тоўстыя і тонкія. Адна такая шырокая, што раве, як слон, — галаву ў раструб можна засунуць! Усе музыканты — еўрапейцы, усе ў белых пальчатках, у белых касцюмах, пад пахамі і між лапатак папраступалі цёмныя плямы поту, пот струменіць па тварах з-пад стаўбунаватых шапак з султанчыкамі над казырком. Спераду ідзе задам да музыкантаў кіраўнік аркестра, на аркестрантаў не глядзіць, а ўсё ўзмахвае бліскучым кіем, нібы таўчэ пшано ў ступе. На кіі матляюцца нейкія шарыкі-бомы і залатыя кутасы. Дырыжор адзеты трохі мудрэй, чым астатнія аркестранты: шапка з такім пышным султанам, як і ў астатніх, але цераз плячо перакінута плямістая леапардава шкура.

Янг адстае, прапускае аркестрантаў міма сябе — і зноў да осліка, па-свойску казыча яго пальцамі за бок. Ослік адказвае адным — круць-верць хвастом! Хлапчукі рагочуць, весела і Янгу. Толькі адзін барабаншчык нахмурыў бровы і кіўком барады паказаў — «Не замінай, а то…». — І ўзважыў булавешку ў руках, пагразіў ёю.

Весела Янгу, ён ужо як свой сярод хлапчукоў, як герой. Яго па-сяброўску ўзнагароджваюць кухталямі, ляпаюць па плячы. Ён зноў прабіраецца паўз гледачоў-разявак, абганяе аркестр, каб яшчэ крыху палюбавацца на дырыжора. Смешны гэты дырыжор з рыжымі вусамі-кольцамі. Ён ужо не таўчэ пшано ў ступе, а забаўляецца сваім бліскучым кіем — то ківае ў бакі, то круціць яго млынком.

З-за ўпрыгожаных дамоў вырываюцца апошнія промні сонца, зырка адбіваюцца ад зіхоткіх труб… Масць осліка здаецца незвычайнаю, нібы гэта вялізны і стомлены пальмавы пацук… Янгу ўжо шкада яго, прапускаючы аркестр міма сябе, ён пагладзіў осліка па крыжы і адступіў, каб не трапіць пад кола, вышэйшае за яго.

— Уй, а ўчора што было! Ты быў учора на прашпекце? — звярнуўся да Янга той хлапчук, што хадзіў на руках.

— Не, мы толькі сёння прыехалі з Горнага, — Янг не сказаў, што яны біргусаўцы.

— Мяне Абдула зваць, а цябе?

— Янг.

— Ой, тут учора шэсце было са сланамі… Карнавал!.. Феерверкі! Факелы!.. Сланы ў залатых папонах, з залатымі балдахінамі на спінах, капыткі на кожным пальцы пазалочаныя!.. Адзін слон на факел наступіў — што тут пачалося! Ашалеў, мабыць: будкі-латкі папераварочваў, людзей патаптаў… Махаўта3 схапіў хобатам і як гакне аб зямлю! Такая паніка пачалася, людзі самі сябе сталі таптаць, душыць, разбягацца. А я на пальму ўзлез, і ўсё-ўсё было відаць. Слана паліцэйскі застрэліў, у вуха прама — бабах! Слана бензапілкаю распілоўвалі, цэлую ноч вывозілі… Тое месца цяпер не пазнаць, пяском зашаравалі — я бегаў глядзець раніцаю.

— І ты ўсё гэта бачыў?! — Янг уяўляў усё, што расказваў Абдула, і ад хвалявання ажно язык прысыхаў да нёба.

вернуться

3

Махаўт — пагоншчык сланоў.