Выбрать главу

— Ну — нагледзеўся? — мужчына апусціў яго на дол.

— Дзякую… — Янг выкаўзнуўся з яго рук, паплішчыўся да Вішну, да тых манахаў, што коўзаліся на мокрым, праштурхоўваліся да выхаду, кагосьці несучы. Янг спрабаваў апусціцца на дол, прапаўзці пад нагамі, але адтоптвалі рукі, і давялося выпрастацца, устаць… Вунь ужо тыя манахі, каля самага выхаду — другога бакавога выхаду. Лез туды асатанела — каго яны нясуць?! Такое знаёмае да кожнай драпіны-кровападцёку цела, такія знаёмыя разадраныя язвы…

— Тата!!! — вырваўся крык нялюдскага болю.

У бацькі абы-як целяпаліся рукі, хісталася адкінутая ўніз галава. Вочы былі прыплюшчаныя і нібы з мутнага шкла. Не адгукнуўся бацька, ніводным словам не абазваліся манахі.

Вось ужо двор, тут крыху свабадней. Янг забягаў то з аднаго, то з другога боку бацькі, падхопліваў яго рукі — «Абдзярэ аб камяні… Яму ж баліць!..» І чуў, што рукі былі халодныя.

Занеслі бацьку ў паднавес, збіты са свежых дошак. Там ужо ляжала некалькі доўгіх і кароткіх цел, прыкрытых прасцірадламі. Бацьку паклалі ў адзін рад з імі.

— Ідзі, хлопчык, адсюль… Ты сын яму? Усё роўна — ідзі. На вось, панюхай — і ідзі…— жанчына ў белай касынцы з чырвоным крыжыкам над ілбом дастала з брызентавай сумкі бутэлечку, адаткнула і сунула корак Янгу пад нос.

Забіла дыханне, сыпанулі з вачэй слёзы…

— Во… Паплач — і ідзі. У бацькі твайго харошая смерць. Ты ганарыся ім — ён не пашкадаваў жыцця для Вішну. Яго спаляць на самым галоўным ахвярніку — як знатнага чалавека. Ты ганарыся ім… Ну — ідзі! — паспешліва паштурхала ў плечы да выйсця. Хапала ў яе сёння работы.

Не бачачы з-за слёз свету, Янг брыў уніз да ручая разам з іншымі паломнікамі. А паток тых, хто падымаўся да храма, усё яшчэ не радзеў.

Ніхто з біргусаўцаў яго не шукаў. Каму ён быў патрэбны?

За два крокі ззаду кульгаў за ім, матляючы доўгім языком, бяздомны руды сабака.

3

У цэнтры сталіцы хрыпелі ад натугі рэпрадуктары:

Свійттаўн4 — любімы горад, Свійттаўн — пярліна мора, Свійттаўн — як песня сэрца. «Свійтта-а-аўн! — удаль нясецца.— Свійттаўн! Свійтта-а-а-аўн!!!» Духмяны наш, салодкі наш І мілы наш — Свійттаўн!

Янгу здавалася, што рэпрадуктары-вісюлькі на слупах, падобныя на гіганцкія прыплюшчаныя, з рашотачкай знізу, невядомыя і неядомыя плады, ажно дрыжаць і трасуцца. Яны вось-вось палопаюцца ад напружання і гарачыні, упадуць на дол звонкімі аскалепкамі. Слухаць гэтую бясконцую жалезную песню было невыносна, у галаве звінела і ад недасыпу, і ад гарачыні, і ад таго, што перажылося ўжо тут, у сталіцы. Янг ужо некалькі гадзін бадзяўся па горадзе, не разумеючы, куды ідзе-брыдзе, каго ці чаго шукае.

Хацеў спачатку вярнуцца на Горны, дзе былі людзі іх абшчыны. Потым зразумеў, што вяртацца няма да каго. Ёсць, праўда, некалькі сяброў — Амара, Натача, Тун. Але ці на месцы яны зараз? А калі сёння на месцы, то дзе апынуцца заўтра? І хіба заменяць яны бацьку і маці, у іх сваіх клопатаў — не адгрэбціся. Шкада, вядома, сяброў: мо больш ніколі не ўдасца пабачыць. Але ж яму трэба думаць, як перабрацца на Рай, а не на Горны. На Раі брат Радж, каля яго і знойдзе прытулак.

Акіянскія цеплаходы не ходзяць на Рай, там і порта няма такога, каб іх прыняць, яны разгружаюцца тут, у Свійттаўне. Пасажыраў адразу накіроўваюць у доўгі аднапавярховы будынак з кароткім надпісам — «Таможня», пасля гэтага тым, хто прыехаў, можна свабодна бадзяцца па горадзе, сяліцца ў гатэлях. Некаторыя ж у горад не хочуць ісці, хочуць адразу на Рай. І прадстаўнікі турыстычнага бюро лістам сцелюцца — усім трэба дагадзіць, усіх задаволіць. Марскімі трамваямі або катэрамі на падводных крылах гасцей адпраўляюць на Рай. Янг даведаўся пра ўсё ад хлапчукоў-латочнікаў, яны таўкліся каля цеплахода, як камары, а найбольш прабітныя забраліся нават на цеплаход. Адзін кітаец-гандляр з латком на жываце некалькі разоў трапіўся на вочы.

Пры борце цеплахода коса вісяць два доўгія трапы з балясамі, па іх тупацяць і тупацяць дзесяткі і сотні ног. Патоку пасажыраў і насільшчыкаў, здавалася, не будзе канца.

Пракляты звон у галаве… Здалося, што знекуль, як з неба, хтосьці звонка паклікаў, бы ў якую жалязяку блямкнуў: «Я-я-ян-нг!» Ён закідаў позіркам сюды-туды. Перабраў вачыма адзін касы частакол людзей на трапе, другі… Нейкі смуглявы хлапчук махае яму зверху правага трапа — хто ж гэта? А той нецярпліва шмыгае пад рукі пасажыраў, наскоквае і спатыкаецца на іх чамаданы, валізы, сумкі, ледзь не вывальваецца пад балясы, коціцца ўніз. Абдула?! На трапе лаянка, хто-ніхто з насільшчыкаў спрабуе дастаць увішнага няўрымсту па патыліцы, але Абдула толькі раскаціста-звонка рагоча, выкручваецца і сыпле ўніз.

— Я-янг!!! — зноў крычыць ён радасна.

Янг падаецца насустрач, на душы адразу робіцца лягчэй. Вось каго б ён хацеў зараз бачыць — Абдулу! Кінуўся да яго ў абдымкі.

— Ты што тут робіш?

— А ты? Ад'язджаеш ужо адсюль?

— Няма куды… І… няма да каго… — Янг адразу спахмурнеў і з усёй сілы сціснуў зубы, каб не даць волю плачу.

— Расказвай!.. Раскажы, што здарылася… — Абдула цягнуў яго за руку падалей ад прычала.

Давялося расказаць — хоць збольшага.

— Не гаруй. Будзем трымацца ўдвух — не прападзём. Я ж таксама сірата! Кругленькі! Дзядзька, праўда, ёсць — ліфцёр. П'янчужка, наркаман. Я ў яго і жыву, у каморцы пад лесвіцай. У мяне ведаеш які шырокі тапчан? Удвух памесцімся… А зараз нажарэ-эм-ся-я — каб пуза трашчала! Я ведаю тут блізенька адну харчэўню танную, там партовыя рабочыя харчуюцца… Ха-ха, ну й дурная буржуйка мне трапілася сёння! Пластмасавы грэбень прадаў ёй за чарапашын. Кажу: «Гэта ж не абы-які, а з панцыра трохгадовай слановай чарапахі!» Паверыла, ха-ха… У дваццаць разоў больш, чым каштуе той грэбень, адхапіў! Бізнес! — І без таго шырокі рот Абдулы расплываўся ва ўсмешцы да вушэй.

— Ты не Абдула, а Абдурыла.

— Ха! А з імі так і трэба. Не ведаюць, куды грошы падзець. Думаюць, што тут чарапахамі ўсе астравы кішаць.

— А я думаю: чаго гэта ты ляціш па трапе, нібы галаву хочаш скруціць? Ты ад яе ўцякаў!

— Ага. Ха-ха-ха!

Яны канчалі абыходзіць паўкруглую прыстанскую плошчу. Ужо відаць на рагу плошчы і правай вуліцы шыльда «Трыдакна» з груба намаляваным малюскам. Вось і сама харчэўня з купалападобнай страхой.

— Эй, піраты! Спыніцеся на два словы — у мяне ногі не казённыя, каб за вамі бегаць, — пачуўся раптам знаёмы голас.

Хлопчыкі азірнуліся. Янг адразу пазнаў Пуола, і ў жываце нядобра пахаладнела. Успомніліся ўсе яго выхадкі: як трушчыў амерыканскім бульдозерам сваю і чужыя хаціны ў вёсцы, як насміхаўся і здзекаваўся над аднасяльчанамі, будучы на Горным. «Хто ён такі?» — прашаптаў Абдула. «Зямляк… Каб яго зямля не насіла…» — шэптам адказаў і Янг.

— Здаровыя былі! — хутка падышоў Пуол, падаў руку аднаму і другому, як равеснікам. — Закурым? — дастаў са штаноў карабок, папстрыкаў пальцамі пад донца, выбіваючы цыгарэту. Сам узяў у губы па-заліхвацку і фанабэрліва скрывіўся, выставіўшы ніжнюю губу.

— Мы не курым, — разам адказалі хлапчукі.

— То т-так вам і трэба, мне больш будзе, — схаваў карабок. — А ты ідзі, ідзі, шустрык. Мне во з ім трэба па-зямляцку паталкаваць, — Пуол асцярожна азірнуўся па баках.

— Мы разам, і нікуды ён не пойдзе, — натапырыўся Янг.

— Што — не магу я пару слоў сказаць земляку з вока на вока? — Пуол тузануў барадою і зноў азірнуўся. — Праз пяць мінут адпушчу.

вернуться

4

Англійскае слова Sweet мае шмат значэнняў, якія і абыгрываюцца ў песні: салодкі, духмяны, свежы, любімы, мілы, меладычны і г. д. Taun — горад.