Выбрать главу

Ах, лепш было б не ачуньваць… Той незнаёмы не біў больш, а ў галаве ўсё роўна бухала молатам, калола ў патыліцы і ў скронях, вочы як не вылазілі з арбіт, у страўнік быццам залілі свінец, язык распух, ледзь варочаўся ў смярдзючай жыжцы-сліне. Абхапіў аберуч галаву. Страшэнная млявасць і боль панавалі ва ўсім целе…

Аб зубы стукнуў нейкі посуд… Учуў пах вады і схапіў бляшанку аберуч, піў цёплую, жалезістую на смак ваду, хацелася піць бясконца, пакуль не лопне. У галаве крыху пасвятлела… А вочы яшчэ бачылі як праз маскітную сетку, і Пуол не пазнаваў чалавека, што тармасіў яго, а цяпер паіў вадою, хоць і здаваўся знаёмым яго твар.

Бляшанку адабралі, бразнулі пад ногі, Пуола паднялі пад локці. З падвала вывелі сілком, і пад сцяною на тратуары яго дзіка, да жоўтай немачы рвала. Калі трохі адпусціла і змог разагнуцца, ногі ажно падгіналіся ад слабасці.

Вялі яго доўга, блытана. Час ад часу праважаты ўстрэсваў яго за каршэнь, каб ачуньваў хутчэй. Потым завязалі вочы і зноў вялі. Зразумеў: да Чжана, на расправу… Знекуль яшчэ ўзялося крыху сілы, ірвануў з вачэй павязку і кінуўся ўцякаць.

Дагналі, секанулі рабром далоні па шыі, і Пуол упаў без прытомнасці. Калі ачуняў, яго зноў устрасянулі, адабралі вялікі нож-складанец, завязалі вочы.

Перад Чжанам Пуола кінулі, як мяшок рыззя ці якую падлу. Ляжаў, і не хацелася ўставаць. Асвятленне ў пакоі было слабае, гарэў толькі ў кутку чырвоны начнік, і Пуол падумаў, што гэта добра, не будуць бачыць, які ў яго спакутаваны твар. Пачуў пагрозліва-расцягнутае:

— Ну-у-у?..

І тады падхапіўся на калені, папоўз да пакладзенай на крэсла, у ружовых бінтах Чжанавай нагі.

— Я ні ў чым не вінаваты… Я хацеў як лепш! Чжан таўхануў мыліцай, яе гумавым набалдашнікам Пуолу ў плячо — «Сядзі там!». А той, што неадступна стаяў за яго спінаю, тузануў назад за другое плячо.

— Расказвай… — голас у Чжана быў такі, што спадзявацца на літасць было нельга.

Расказваў, збіваўся, зноў пачынаў спачатку, не забыў пахваліць сябе за хітрасць: раскусіў паліцэйскіх агентаў! І гэтак абдурыў!

— Так, гэта ўсё цудоўна… Чалавек дайшоў куды трэба… Толькі не той, што з ружовай касынкай.

Пуол пачуў гэта, і яму зноў зрабілася кепска да млоснасці.

— Цудо-оўна, што ты праявіў знаходлівасць і абачлівасць. І цудоўна, што паслалі цябе пусціць сышчыкаў па лжывым следзе. А для сапраўднай справы ты не падыходзіш: даверыў старонняму чалавеку пароль, даверыў сакрэты. Уяві, чым магло б усё скончыцца, каб і напраўду ішло так, як разыгралася? Ты быццам бы ўратаваў сябе для далейшай справы, а па сутнасці — прадаў гэтую справу, дрыжучы за сваю скуру. Што заслугоўвае такі чалавек?

— Смерць! — коратка кінуў з-за спіны Пуола той чалавек, які прывёў яго сюды і зараз стаяў як ахоўнік.

Пуол з жудасцю азірнуўся на яго. На гэты раз твар яго здаўся яшчэ больш знаёмым. І голас знаёмы! Дзесьці трапляўся гэты чалавек на дарозе. Але дзе?

— Перадаручыўшы сваю справу стрэчнаму-папярэчнаму, ты пачаў выкідваць фокусы, чагосьці лазіў па стрэхах, па вышках, бегаў па лесвіцах… — як абвінаваўца, што выносіць прысуд, чаканіў Чжан.

— Я замятаў сляды… Магчыма, маглі і за мною сачыць.

— Сачылі. Ты прывёў «хвост» да самай кватэры, раскрыў яўку.

— Не можа гэтага быць! — затрымцеў Пуол усім целам, з вачэй сыпанулі слёзы. — Дайце… вады!

Ахоўнік дайшоў да акна, наліў там шклянку вады, паднёс. Пуол выпіў яе прагна — цякло па барадзе, па шыі. Паставіў шклянку на столік.

— Так яно і ёсць, — сказаў ахоўнік. — Я сачыў і за табою, і за тым, хто сочыць за табою ад самага порта.

— Не можа гэтага быць! Не можа быць! Я азіраўся!..

— Можа. «Каралі для вашай кралі! Чорны карал!» Памятаеш?

Пуол зарыдаў.

— Што заслугоўвае чалавек, які прыводзіць «хвост», правальвае канспіратыўную кватэру? — чаканіў Чжан.

— Ад такога чалавека пазбаўляюцца, — адгукнуўся з-за плячэй кітаец-латочнік.

— Ты і сябе асабіста выкрыў, там ужо ведаюць твае прыкметы.

— Яны мяне не могуць ведаць! — Пуол ажно віскнуў.

— Янг ведае, твой зямляк, а ты аддаў яго паліцыі. Ён і вылажыць ім усё. Дык вось, ты для нас ужо не толькі непатрэбны, а нават шкодны. Ад такіх людзей пазбаўляюцца.

— Іх забіваюць, — удакладніў латочнік.

— Для нас гэта лёгка зрабіць — як харкнуць і расцерці.— Пры гэтых словах Чжана латочнік ухапіў Пуола пяцярнёю за валасы, тузануў назад, ад чаго шыя выпучылася. Кітаец падняў крыс, паказытаў горла вострым лязом.

Пуол завыў немым крыкам…

Ён ужо адчуваў сябе напалавіну мёртвым. Яго можна было і не забіваць, проста выкінуць пад плот, то і здох бы там. Нават доўга плакаць-скуголіць не хапала сілы.

— Дык дзе, кажаш, ты яго знайшоў? — спытаў Чжан латочніка.

— На Рэкрыэйшн-стрыт, у падвале, з наркаманамі. Надумаў схавацца ад нас.

— Запомні, малады чалавек, як першы запавет. Вінаватыя перад «Белаю змяёю» нідзе не схаваюцца і заўсёды нясуць пакаранне. Мы не з тых, што даруем… Як ты, у падвалы дапёр… Шырока ступаеш, казяўка, глядзі — штаны лопнуць! Наркотыкамі лепш гандляваць, чым спажываць іх.

— Кгы-кгыкм… — папераджальна кашлянуў латочнік.

— Дык вось, Пуол. Дар за дар… Ты выратаваў мяне, я цяпер уратоўваю цябе. І квіты. Надалей цябе ўжо нішто не ўратуе і ніхто. Буда даруе да трох разоў. А мы не багі, мы не даруем ні разу. Пачнём зноў з нуля… Пакладзі ключы на столік! Пра тую кватэру забудзь — яна выпарылася, высахла. Жыві дзе хочаш. Часам заходзь у «Трыдакну» абедаць, займай столік у правым кутку. Калі ты спатрэбішся, там цябе знойдуць… І можаш заслужыць наш давер, калі выканаеш адну невялічкую справу. У туфлю вытыркнуў цвік, ён замінае нармальна ступаць, хадзіць. У такіх выпадках што робяць з цвіком?

— Вырываюць… Забіваюць… — прамармытаў Пуол, нічога не разумеючы.

— Лепш другое. Ну, а цяпер растлумач яму, што да чаго… — Чжан сказаў гэта і стомлена адкінуўся на падушкі.

Латочнік выйшаў з пакоя ў калідор і тут жа вярнуўся. Разаслаў на століку белую тэніску, яна таксама здалася ружаватай у святле начніка. Амаль на ўсе грудзі тэніскі была адбіта эмблема дэльфінарыя: пяць сініх хваль, аранжавы абруч-сонца з промнямі-пырскамі, а праз гэты абруч скача сіні дэльфін. Такая тэніска, як у Раджа!

Латочнік адвярнуў падолак тэніскі і крываватым пальцам тыцнуў у дзве вышытыя на рубцы сінія літары: «R.S.».

— Тэрмін — пяць дзён.

— Тры! — паправіў Чжан.

3

Янга паклікалі на допыт другі раз. І, мабыць, крыху раней, чым трэба, усунулі яго ў кабінет да афіцэра. Бо каля дзвярэй навыцяжку стаялі два паліцэйскія, і каб што-небудзь бачыць, ён адступіў у бок доўгага стала, за якім быў толькі адзін чалавек — той, што з фуражкай «Interpol». А перад сталом афіцэра, закінуўшы нагу на нагу, сядзеў чалавек у ружовай касынцы.

— Дык што — выяўляецца, заняты нумар сорак першы? — спытаў афіцэр паліцэйскіх каля дзвярэй.

— Так точна! — прыстукнуў левы абцасамі.— Гэты нумар — здвоены люкс. Там ужо тры дні засядаюць прадстаўнікі «Ганконг энд Шанхай бэнкінг карпарэйшн», вядуць перагаворы з прадстаўнікамі нашага «Нэшнл бэнк» на прадмет куплі яго з усімі бэбахамі!

— Ну — гэта цябе не датычыць, — адрэзаў афіцэр.

— Так точна! — выцягнуўся паліцэйскі.

— Дакументы містэра… містэра… — замяўся афіцэр, прышчоўкнуў пальцамі, і чалавек у касынцы нібы зрабіў спробу ўстаць:

— Говард Хаякава, прадстаўнік канцэрна «Міцубісі». Японскія мікра- і малалітражкі — лепшыя ў свеце.

— Давайце пашпарт і іншыя дакументы Хаякавы, — працягнуў афіцэр над сталом руку.