Выбрать главу

Асабліва бурныя людскія прылівы, калі вывальваюцца на вуліцу гледачы з недалёкага кінатэатра або валяць патокам на начное шоу ў «Кракен». Чамусьці многім яшчэ хочацца зрабіць хоць адзін круг па плошчы, патаўчыся ў натоўпе, заглянуць у лавачкі з сувенірамі ці ў бары-забягалаўкі. А яшчэ тут і базарчык, і чорны рынак, на якім адбываюцца маланкавыя здзелкі на кантрабандныя тавары. У вірлівым натоўпе і шматмоўнай гамане робіцца гэта непрыкметна, а для грошай законы не пісаны. Ва ўсякім разе, паліцэйскія, што сяды-тады паяўляюцца тут, не заўважаюць ці не хочуць заўважаць нічога процізаконнага.

Радж, калі вяртаўся з заняткаў у містэра Ромеша, дзе браў урокі каратэ, таксама ішоў да фантана. Ад той прыватнай школы каратэ, якую адкрыў Ромеш у адным з падвалаў дома сёмага сектара, да плошчы было ўсяго якіх метраў дзвесце. І Радж прысаджваўся на борцік фантана. Прыемна было пасядзець, слухаючы лагодны плюскат і шыпенне вады, адчуваць, як стома пакідае развярэджаныя і натруджаныя суставы, сціхае боль у мышцах. Даваў містэр Ромеш нагрузку максімальную, кімано штораз даводзілася вывешваць на прасушку ад поту, а то і замываць.

Сядзеў расслаблена, забаўляўся з вадою і ў думках перабіраў Ромешавы павучанні. Каб добра служыць свайму народу, трэба быць фізічна дасканалым. Толькі такі чалавек можа і за сябе пастаяць, і другому памагчы, і народу карысць прынесці. Ромеш ледзь не маліўся на фізічную дасканаласць чалавека і бачыў у каратэ і паратунак, і зброю ў барацьбе за лепшую будучыню народа. Смешны і наіўны Ромеш: як быццам неба можна пратыкнуць кулаком! Ды прыёмамі каратэ могуць дасканала валодаць і ворагі народа, усялякія крывасмокі і прыгнятальнікі.

Адно добра: дзякуючы гуртку пазнаёміўся з некалькімі неблагімі хлопцамі-грузчыкамі з порта, электрыкамі з гатэляў, музыкамі з рэстаранных аркестраў, афіцыянтамі, матросамі з выратавальнай службы. Просты, свойскі народ.

Погляд Раджа слізгаціць па тварах. Механічна адзначае, хто мясцовы ці, ва ўсякім разе, з тропікаў, а хто прыехаў здалёк. У мясцовых скура цёмна-рудая, часам нават карычневата-сіняя, адны кітайцы жоўтыя.

Прайшлі двое пад ручку, адзін з іх таўстун з бліскучым кійком. Вуха Раджа ўлавіла:

— Тут такое казіно-райяль! Лепшае, чым у Манака, — у захапленні ўзмахваў кійком таўстун.

— А я ў рулетку не адважваюся. Жабраком можна астацца.

— Хэ, у карты таксама можна прагуляць.

Калі праходзілі дзяўчаты, погляд Раджа на іх затрымліваўся даўжэй. Прыкідваў, мог бы ў якую закахацца ці не. Яму хацелася ўжо кагосьці кахаць — узрост такі. Дваццаць гадоў ужо!.. «А я і ўяўлення не маю, што такое каханне…» — уздыхалася яму.

Ужо можна было і папіць, і ён паклікаў хлапчука з каляскаю. Развозіў той у шкляным чане, падобным на акварыум, какосавы сок з долькамі апельсінаў, мандарынаў, ананасаў, драбкамі лёду.

— Чарпні разок.

Піў, а сам усё прыглядваўся да людзей. І здалася яму адна постаць знаёмай. Нават не постаць, а хада чалавека. Аддаў хуценька хлапчуку конаўку, кінуў пяціцэнтавік і бегма за тым маладым чалавекам. Ён ведаў хаду гэтага чалавека з дзяцінства: роўненька ідзе, нібы гляк з вадою на галаве трымае. Ён ці не ён? Ён ці не…

— Амара!

— Радж?! — азірнуўся малады чалавек. Абняліся, утварыўшы сярод людзей нерухомы астравок. Пасыпаліся звычайныя ў такіх выпадках пытанні: «Ну — дзе ты? Што парабляеш? Як тут апынуўся?» Больш, вядома, пытаў Радж, бо ў самога Раджа амаль нічога не змянілася.

— Ты як знік з Біргуса, дык больш і не ведаеш нічога, што там нарабілася? — у гэтым пытанні Амары Радж пачуў прыхаваны боль і спачуванне. Адмоўна пакруціў галавою, упіваючыся вачыма ў вочы сябра, а сэрца ўжо балюча заныла. — То мне многа што ёсць расказаць… Чаго мы тут стаім? Давай сюды, у «Лятучую рыбу», — паказаў Амара на бар-рэстаран, на франтоне якога скакалі рознакаляровыя неонавыя рыбы з плаўнікамі-веерамі.— Мне да работы яшчэ гадзіна, пасядзім, пасмокчам кактэйлю.

— А дзе ты працуеш?

— Ды тут жа, у «Лятучай рыбе». Па начах… Сёння чацвёртая ноч будзе. Пасудамыйнікам… Я папрашу буфетчыка, дасць напавер.

— Не, даражэнькі. Плачу я, наяўнымі. Ты яшчэ абжывайся.

— Ну добра, толькі наступны раз — я. Пайшлі абняўшыся.

Усе месцы за столікамі былі занятыя. Амара арганізаваў два месцы за службовым столікам, сам і кактэйлі прынёс з саломінкамі.

…Радж слухаў яго расказ пра ўсё, што натварылася на востраве, і плакаў, як мага прыціскаючы далоні да твару, каб не так вырываліся прыдушаныя рыданні.

— А дзе… пахавалі маці? — знайшоў нарэшце сілу спытаць.

— Не ведаю… Нас жа, жывых, загналі на катэры і павезлі… А там, на Біргусе, бульдозеры ўсё спляжылі. Скрэперы раўнаваць будуць, экскаватары капаць катлаваны пад усякія сховішчы… Няма месца для магілы на Біргусе!

Амара яшчэ расказаў, як шукалі прыстанішча на Горным — спачатку ў балоце, потым, з Янгам, у гарах. І нічога не знайшлі, не было месца біргусаўцам і там, і ўсе пачалі разбрыдацца хто куды.

— А бацька дзе? Янг? На Горным засталіся?

— Я ад'язджаў сюды, то былі на Горным… Ка-хы-ы… Не хацеў табе яшчэ і гэта гаварыць, але скажу. У цябе ж і з бацькам нелады: памуціўся ў розуме… Як убачыў тады, што з маці натварылася, дык і…

Шклянка прыглушана пэнкнула ў руцэ Раджа, па стале расцяклося пітво…

— Прабач, дружа… Не пра такое я хацеў бы гаварыць табе. Але ж… Я ад'язджаў, то бацьку трымалі пад замком… Дзед Амос і Ганеш апекавалі яго, на адной вадзе трымалі. Пост яму рабілі, ачышчэнне. Я чуў, што хацелі, каб на храмавае свята на Галоўным кавадзі нёс з дарамі Вішну.

— Дык ужо ж прайшло гэта свята! Дзе яны зараз, не ведаеш?

— Не. Нікога з біргусаўцаў пасля не бачыў… Кроў на стале… Парэзаўся?

Радж пасмактаў далонь, сплюнуў пад столік.

— Глыбока? Пасядзі… Я зараз пашукаю чаго для перавязкі. І прыбяру тут.

Радж ужо не чуў Амару. Ганяў па ружовай лужыне на стале празрыстыя асколкі. Увушшу звінела… То хацелася сарвацца з месца і некуды бегчы, крушыць-ламаць усё на сваім шляху, то схапіцца за крыс, пусціць яго ў ход. Але на каго падымаць руку? Супраць каго канкрэтна? Канкрэтныя віноўнікі былі там, на Біргусе. «Бедны Янг, колькі яму давялося перажыць за гэтыя дні! Дзе яны цяпер, як жыць будуць?» — гарачлівыя думкі цясніліся ў галаве.

Калі вярнуўся Амара і пачаў забінтоўваць яму далонь, Радж папрасіў і яго напытваць работу для аднаго добрага хлопца.

2

«Усё… Ходу адсюль! Чым надалей! І больш не пападацца…»

Нідзе ні душы, на вуліцы амаль поўны змрок. Дзве-тры лямпачкі высвечваліся сям-там на слупах жоўтымі плямамі. У іх трапяталі кажаны, лавілі начных тлустых матылькоў. Варожа і страхотліва чарнеў цераз вуліцу нейкі сквер. Там, мусіць, была і сажалка. На фоне неба веерныя пальмы здаваліся ўтыканыя шаблямі. На Біргусе Янг не ведаў ніякіх начных страхаў, мог ісці ў лес у любы час ночы. А тут, у самым галоўным горадзе султаната, на Галоўным востраве, яму было страшна.

Павярнуў направа — там, па яго меркаванні, павінен быць порт. І ў тую ж хвіліну пачуў са скверыка прыглушанае: «Э-эй!» Цераз нізенькі плоцік перамахнула невысокая фігурка, кінулася да Янга цераз вуліцу.

— Хай цябе… Я ўжо думаў, які бандыт. — Янг спалохана сплюнуў пад ногі Абдуле.

— А што ў цябе можна забраць? Голы як рыба. Затое ў мяне… На во, еш… Халера, папера размокла… — Абдула дастаў з-за пазухі нейкія цёмныя камячкі з прыліплымі рэшткамі папяровай сурвэткі. Адзін кавалачак упаў пад ногі, і Абдула падняў яго, нібыта дзьмухнуў для прыліку, кінуў сабе ў рот. — Чаго глядзіш? Еш! Гэта з «Трыдакны». Твая порцыя чучы. Мяса, вымачанае ў соусе, падсмажанае на цурачках. Смаката!

Янг падставіў абедзве далоні, потым умесціў усё на левай далоні, адзін кавалачак укінуў у рот. Хлынула сліна, у жываце зарэзала. Толькі цяпер ён адчуў страшэнны голад. Смачнае было мяса, пякучае ад перцу, трохі кіславатае ад соусу. Праглынуў, амаль не жуючы, адзін кавалачак, другі, і схамянуўся: Абдула праводзіў вачыма кожны кавалак. Далей ужо еў так: адзін кавалак кідаў у рот сабе, другі — Абдуле.